«Справядлівым у нашым зменлівым свеце даводзіцца няпроста». Унучка Лукашэнкі расказала пра сябе
Дар’я Лукашэнка — студэнтка эканамічнага факультэта, а таксама вядучая на тэлеканале «Беларусь 1» спартова-забаўляльнага шоу «Героі». У гэтым годзе выходзіць другі сезон праграмы, дзе дзяўчына адна з вядучых — яна выступае ў ролі Юсты. Гэты персанаж мае імя ад старажытнарымскай багіні правасуддзя Юстыцыі, якая павінна быць справядлівай да гульцоў. Напярэдадні сезона Дар’я дала некалькі кароткіх інтэрв’ю, піша «Наша Ніва» са спасылкай на «Камсамолку».
Дарʼя Лукашэнка — дачка сярэдняга сына Аляксандра Лукашэнкі Дзмітрыя і яго жонкі Ганны, якая стала вядомай як аўтарка слоў сумнеўных праўладных песень.
У другім сезоне Дарʼя Лукашэнка таксама будзе вядучай. З гэтай нагоды Белтэлерадыёкампанія ў адной з сацсетак размясціла невялікае відэа: Дарʼя крыху расказала пра сябе.
Адно з пытанняў было аб тым, ці праўда, што тэлебачанне мяняе людзей.
— Рост сваіх навыкаў я, безумоўна, адчуваю, — адказала Дарʼя. — Гэта, вядома ж, дзякуючы тэлебачанню, дзякуючы таму, што мяне падтрымлівалі, мяне матывавалі, мяне стымулявалі ў далейшым развівацца, яшчэ больш укладваць у сваё навучанне ў гэтай сферы. І, вядома ж, вынік відавочны, думаю, што я ўжо нашмат больш упэўнена адчуваю сябе ў кадры.
Дзяўчына таксама падзялілася ўражаннямі ад здымкаў тэлешоу «Героі».
— Сам працэс, вядома ж, валодае чароўнай і гаючай уласцівасцю, спачатку здаецца, што сапраўды складана. Але да канца праекта ты пачынаеш сумаваць, што ўсё гэта заканчваецца. Усе гэтыя эмоцыі, супольнае з людзьмі, уся вось гэтая праца, якая, здавалася б, даволі цяжкая, яна ператвараецца ў нейкі станоўчы досвед з нейкімі сапраўды чароўнымі эмоцыямі ад адчування сябе датычнай вось да такога праекта.
У Дар’і таксама спыталі, ці падобныя Юста ў кадры і Дарʼя ў жыцці?
— Ну, я магу сказаць, што я стрыманая ў эмоцыях толькі з незнаёмымі мне людзьмі. І, як і мой персанаж у праекце, я даволі справядлівы чалавек. Гэта, напэўна, дзве якасці, якія ўва мне прысутнічаюць, яны супадаюць з маёй гераіняй у праекце.
У інтэрвʼю sb.by, Дарʼя дадала, што «справядлівым у нашым зменлівым свеце часта даводзіцца няпроста, аднак гэта адназначна станоўчая рыса», якой яна вельмі ганарыцца.
Дар’я кажа, што ў працы на тэлебачанні ёй дапамагалі парады бацькоў.
— Усё ж адказнасць вялікая, улічваючы, што досведу ў якасці тэлевядучай у мяне было зусім мала. Не буду хаваць: займалася самакрытыкай, дзесьці штосьці падказвалі і бацькі. Дзякуючы парадам родных і здымачнай каманды, я змагла прырасці ў сферы і дасягнуць таго, пра што раней толькі марыла, — сказала Дарʼя Лукашэнка.
Яна кажа, што шмат чытае і працуе.
— У мяне няма часу, каб бяздумна марнаваць яго ў сацсетках і месенджарах. Аддаю перавагу кожны дзень праводзіць з карысцю. І тады магчыма ўсё, — распавяла яна.
Чытайце яшчэ:
Горькое наследство. Анна Мирочник объясняет, зачем протесту рассказывать о своих жертвах
«Когда технология расширяется, она превращается из экстраординарной в обычную». Топ-менеджер Google обратился по случаю 25-летия компании
Сёння пачалі судзіць рэдактара «Рэгіянальнай газеты» Аляксандра Манцэвіча