• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Сусветную прэмію ЮНЕСКА/Гільерма Кано атрымалі палесцінскія журналісты

    Палесцінскія журналісты, якія асвятляюць падзеі ў сектары Газа, былі названыя лаўрэатамі Сусветнай прэміі ЮНЕСКА/Гільерма Кано за свабоду прэсы 2024 года. Такое рашэнне прыняло міжнароднае журы, якое складаецца з прафесіяналаў у сферы СМІ. Цырымонія ўзнагароджання прайшла 2 траўня ў межах Сусветнай канферэнцыі па свабодзе прэсы, якая ладзілася ў Сант’яга, Чылі.

    Фота: AFP

    Канфлікт, які працягваецца ў сектары Газа, мае цяжкія наступствы для журналістаў. З 7 кастрычніка 2023 года ЮНЕСКА асудзіла і выказала шкадаванне ў сувязі з гібеллю 26 журналістаў і супрацоўнікаў сродкаў масавай інфармацыі падчас выканання службовых абавязкаў. Колькасць рэпарцёраў, якія загінулі, падлічана з дапамогай міжнародных няўрадавых арганізацый. 

    Заснаваная ў 1997 годзе штогадовая  Сусветная прэмія ЮНЕСКА/Гільерма Кано за свабоду прэсы ўшаноўвае выбітны ўклад у абарону і/або прасоўванне свабоды прэсы ў любым пункце свету, асабліва калі гэта было дасягнута ва ўмовах небяспекі. Гэта адзіная падобная прэмія, якая прысуджаецца журналістам у сістэме ААН.  Яна названая ў гонар Гільерма Кано Ісазы, калумбійскага журналіста, які быў забіты перад рэдакцыяй яго газеты El Espec­ta­dor у Багаце, Калумбія. У 2022 годзе лаўрэатам гэтай прэміі быў названы БАЖ. 

    — Кожны год Прэмія ЮНЕСКА/Гільерма Кано аддае даніну павагі мужнасці журналістаў, якія сутыкаюцца з цяжкімі і небяспечнымі абставінамі. У гэтым годзе Прэмія яшчэ раз нагадвае нам пра важнасць калектыўных дзеянняў, каб журналісты ва ўсім свеце маглі працягваць выконваць сваю важную працу па інфармаванні і расследаванні, —зазначыла генеральная дырэктарка ЮНЕСКА Одры Азуле.

    Нагадаем, 7 кастрычніка 2023 года баевікі тэрарыстычнай арганізацыі ХАМАС з сектара Газа напалі на Ізраіль. Першы месяц вайны ў сектары Газа адзначыўся найбольшай смяротнасцю сярод журналістаў за ўсю гісторыю назіранняў, паведамляў Камітэт па абароне журналістаў. Па дадзеных Press Emblem Cam­paign (PEC)  у Ізраілі падчас нападу ХАМАС  7 кастрычніка загінулі 4 журналісты. Гісторыя аднаго з іх, фотарэпарцёра Роя Ідана, абляцела ўвесь свет. У сектары Газа на працягу кастрычніка 2023 года — студзеня 2024 года, па дадзеных таго ж PEC, прадстаўнікі медыя гінулі практычна кожны дзень.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці