Асуджанага журналіста Аляксандра Зянкова накіравалі ў калонію
Папраўчая калонія № 15 размешчаная ў Магілёве. Тут таксама адбываюць прысуд журналісты-палітвязні Аляксандр Любянчук і Вячаслаў Лазараў, гэтакжа асуджаныя за «экстрэмізм».
Барысаўскі фатограф і відэааператар-фрылансер Аляксандр Зянкоў асуджаны па абвінавачанні ва ўдзеле ў экстрэмісцкім фарміраванні. Днямі яго імя з’явілася на сайце МУС у пераліку асоб, «датычных да экстрэмісцкай дзейнасці». З дакумента вынікае, што журналіст-фрылансер ужо адбывае прысуд — тры гады пазбаўлення волі з адбыццём у папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Як удалося высветліць, месцам зняволення для яго абралі магілёўскую папраўчую калонію № 15. Гэта мужчынская калонія агульнага і ўзмоцненага рэжымаў утрымання.
Аляксандр Зянкоў, найхутчэй, зараз змешчаны ў каранціннае аддзяленне. Гэта першае месца ўнутры калоніі, куды трапляюць асуджаныя. Тут іх трымаюць ад двух тыдняў да месяца. Падчас знаходжання ў каранціне зняволеныя не працуюць. Такі абавязак з’яўляецца ўжо пасля пераводу ў атрад.
Жыццё ў калоніі
У магілёўскай папраўчай калоніі — 18 атрадаў. У кожным зняволеныя займаюцца пэўным напрамкам працы — дрэваапрацоўкай, зборкай мэблі, нехта шые адзенне. Пра тое, што вырабляюць зняволеныя ў ПК-15, можна даведацца на адмысловым сайце.
«Лагер падзелены на тры зоны. Прамысловая — дзе працуюць, «промка» так званая; жылая — баракі, дзе жывуць. Яшчэ там ёсць стадыён — вялікая пляцоўка, засыпаная пяском, клуб, сталоўка. Асобная зона — каранцін, штаб, там жа будынак адміністрацыі і медпункт — «бальнічка». Перасоўвацца свабодна па гэтых зонах ты не можаш, толькі ў складзе групы», — распавядаў адзін з былых вязняў ПК-15.
Паводле ягонага аповеду, у калоніі нават ёсць сваё тэлебачанне: «Зэкі навіны выпускаюць раз на тыдзень: у каго колькі людзей пасадзілі ў ШІЗА, у якой колькасці забралі перадачы ці прэміявалі пазачарговым спатканнем, пасылкай і да т. п. Часам нешта смешнае бывае. Ёсць аператар, мантажор, нават 3D-графіку робяць». Але спадзявацца на тое, што ў зняволенні прыдадуцца іх прафесійныя навыкі, зняволеным журналістам не выпадае. Прынамсі, у лістах да родных яны не пішуць пра тое, што ім прапанавалі «ідэалагічную працу».
Кепскае стаўленне да «палітычных»
Яшчэ адзін былы вязень магілёўскай калоніі адзначаў наяўныя праблемы з медычным абслугоўваннем, забаронай вывучаць замежныя мовы і чытаць кнігі, напісаныя па-беларуску. І хоць умовы ўтрымання ў ПК-15 тыя, хто выйшаў на волю, характарызуюць як не самыя жорсткія ў параўнанні з іншымі месцамі зняволення, усе яны кажуць пра кепскае стаўленне да «палітычных».
Іх пазбаўляюць харчовых перадач і магчымасці патэлефанаваць сваякам, часта адпраўляюць у штрафны ізалятар па надуманых прычынах. Паводле апошніх звестак пра журналіста-фрылансера Вячаслава Лазарава, сёлета ў красавіку ён хварэў на пнеўманію, і практычна адразу па вяртанні з бальніцы ў атрад яго адправілі ў штрафны ізалятар.
На сёння ў магілёўскай калоніі № 15 адбываюць прысуд 121 чалавек, якіх правабарончая супольнасць прызнала палітычнымі вязнямі.
Падтрымайце нашых калег!
Падтрымаць палітзняволеных журналістаў можна лістамі, накіраваўшы іх на адрас: 213105 г. Магілёў, п/а Вейна, Слаўгарадская шаша, 183.
- Любенчуку Аляксандру Мікалаевічу,
- Лазараву Вячаславу Дзмітрыевічу.
- Зянкову Аляксандру Аляксандравічу.