Дзяржаўная раёнка ў Жабінцы змяніла назву
Падпісчыкі «Сельскай праўды», дзяржаўнай газеты Жабінкаўскага раёна, 27 лістапада атрымаюць выданне пад іншай назвай. Раёнку перайменавалі, і цяпер яна будзе друкавацца пад новай шапкай.
Раённая газета ў Жабінкаўскім раёне з’явілася ў 1944 годзе пад назвай «Ленінскі шлях». Пазней перайменавалі ў «Камуністычны шлях», а апошнія 58 гадоў яна была вядомая як «Сельская праўда».
Цяпер раёнка будзе называцца «Жабінка актуальна».
Як запэўніла галоўны рэдактар выдання Наталля Каўпанько, «назва газеты змененая, каб падкрэсліць яе ўнікальнасць і прывязку да рэгіёна».
У рэдакцыі кажуць, што яшчэ летась распачалі падрыхтоўку да гэтага кроку і цікавіліся меркаваннем чытачоў. Нібыта пераважная большасць падпісчыкаў бачыла неабходнасць у змене назвы газеты. «Гэтага патрабуюць і сучасныя рэаліі — мы павінны ісці ў нагу з часам, змяняцца і станавіцца ўсё больш сучаснымі, каб прыемна здзіўляць вас з кожным нумарам», — кажа Наталля Каўпанько.
У Жабінцы змянілі кіраўніка раёнкі: былая рэдактарка займала пасаду менш года
З 1 студзеня 2023 года жабінкаўская газета разам з дзяржаўнымі раёнкамі «Голас часу» (Маларыта) і «Савецкае Палессе» (Ганцавічы) згубіла юрыдычную самастойнасць і ўвайшла ў склад камунальнага ўнітарнага прадпрыемства «Рэдакцыя Брэсцкай абласной газеты «Заря». З таго часу «Сельская праўда» друкуецца раз на тыдзень і распаўсюджваецца ў якасці дадатку да абласнога выдання.