«Правы чалавека – гэта мая рэлігія». Вялікае інтэрв’ю з кіраўніком БАЖ Андрэем Бастунцом да 30-годдзя арганізацыі
У наступным годзе БАЖ адзначае юбілей, які вымушана сустракае ў выгнанні. «Я шчыра веру ў місію арганізацыі. Гэта тое, што мяне падтрымлівае», — кажа старшыня БАЖ Андрэй Бастунец. У інтэрв’ю ён расказвае пра развіццё арганізацыі, разважае пра беларускі медыясектар, стандарты журналістыкі, а таксама адказвае на пытанне, з чытання якога СМІ пачынае свой дзень.
«У нас здаровая канкурэнцыя і супрацоўніцтва з Прэс-клубам»
— Як змяніўся БАЖ за гэтыя 30 гадоў?
— Напрыканцы 1990‑х я пачынаў працу ў БАЖ як часткова заняты юрыст. А потым, як калісьці спяваў Уладзімір Высоцкі, «ад прараба да міністра дарасцёш».
Большасць працаўнікоў БАЖ тады былі часткова занятыя, як і я. У кагосьці асноўным месцам працы было радыё ці газета, а ў БАЖы збіраліся і абмяркоўвалі праваабарончыя пытанні.
Нядаўна зразумеў, што з таго моманту, як я з’явіўся ў арганізацыі, ужо няма ніводнага чалавека, хто б працаваў яшчэ з тых часоў.
У БАЖа цяпер сайт, сацсеткі — гэта як норма жыцця і вельмі значная частка працы арганізацыі. Але ад пачатку, калі сайт толькі з’явіўся, на ім працавалі два чалавекі.
У пачатку 2000‑х у нас усталяваліся сувязі з Міжнароднай федэрацыяй журналістаў. Яны да нас прыехалі і запыталіся, як мы жывем, як справы БАЖ. Мы ім пачалі расказваць пра ціск на выданні, папярэджанні ад Міністэрства інфармацыі. А яны ў адказ: мы вас не пра свабоду слова ў краіне пытаемся, а пра дзейнасць арганізацыі. Тады мы насамрэч зразумелі, што мусім пра гэта задумацца, пра ўнутраную сістэму. Паступова БАЖ станавіўся больш прафесійным як у сэнсе разумення і выканання працы супрацоўнікамі, так і ў сэнсе таго, што праца ў БАЖы для іх стала асноўнай. Як і для мяне праз пэўны час.
БАЖ ствараўся як праваабарончая арганізацыя. у свой час прадстаўнікі БАЖ маглі нават браць удзел крымінальных справах, адміністрацыйных. Потым такія магчымасці паступова на заканадаўчым узроўні закрываліся, але заставаліся гаспадарчыя справы — абскарджванне папярэджанняў Мінінформа ці справы «аб абароне гонару і годнасці».
Дарэчы, быў перыяд, вельмі паспяховы, калі дзве траціны ўсіх справаў, у якіх удзельнічалі юрысты БАЖ, сканчваліся на карысць медыясектара.
Але недзе ў 2002 годзе старшыня Вярхоўнага суда сказаў, што суды навучыліся супрацьстаяць ціску грамадскасці. З таго часу сітуацыя рэзка змянілася. Фактычна ўжо ніякія судовыя спрэчкі, у якіх з аднаго боку выступаў дзяржаўны орган, а з другога — незалежныя медыі, не сканчваліся на карысць СМІ. Мы бачым, што яшчэ праз 20 з нечым гадоў гэта прывяло да поўнага калапсу прававой сістэмы ў Беларусі.
— Якімі рэчамі ў БАЖы вы асабліва ганарыцеся?
— Безумоўна, нашымі калегамі і партнёрамі, з якімі мы супрацоўнічаем на міжнароднай арэне. Канечне, ганарымся ўзнагародамі, якія атрымалі. Сярод самых значных, яшчэ ў 2003 годзе, — ад Сусветнай асацыяцыі газет, а праз год — Прэмію імя Сахарава Еўрапейскага парламенту. Сярод апошніх — прэмія ЮНЭСКА. У 2023 годзе БАЖ быў вызначаны Форумам грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства. Ён узнагароджвае за выдатную і самаадданую працу арганізацыі грамадзянскай супольнасці рэгіёна, якія паслядоўна абараняюць фундаментальныя дэмакратычныя прынцыпы. Мы разумеем, што гэта заслуга не толькі БАЖ, але, у першую чаргу, узнагарода ўсяму журналісцкаму сектару.
З самых яркіх традыцый — правядзенне «БАЖынак». Гэта было такое культурніцкае мерапрыемства, на якім мы, з аднаго боку, разглядалі сур’езныя праблемы нашага жыцця, а з другога, адпачывалі, гулялі…
Вялікі гонар у нас выклікае сённяшняя акцыя – Марафон салідарнасці з журналістамі, якія знаходзяцца за кратамі. Ён прайшоў больш чым у 20 краінах, на 5 кантынентах, і працягваецца. Нас турбуе, што нашы сябры за кратамі, і мы не даем пра іх забыцца.
— А ці былі ў БАЖа промахі?
— Не магу ўзгадаць нейкіх вялікіх, прынцыповых памылак за час існавання. Вядома, былі спрэчкі, канфлікты, непаразуменне.
Магчыма, у некаторых рэчах мы маглі б спрацаваць лепш, дасягнуць большага выніку. Але па вялікім рахунку мы ўвесь час прытрымліваліся той місіі, якой і першапачаткова: слухалі голас журналісцкай супольнасці.
— Доўгі час БАЖ быў адзінай прафесійнай журналісцкай арганізацыяй ў Беларусі. І вось больш за дзесяць гадоў таму з’явіўся яшчэ Прэс-клуб Беларусь. Як вам такая канкурэнцыя?
— БАЖ і Прэсс-клуб цяпер нават геаграфічна аддзеленыя: мы ў Вільні, а яны — у Варшаве. Аднак гэта не зніжае ўзроўню супрацы. А што датычыцца магчымага суперніцтва… Хачу падкрэсліць: гэтая канкурэнцыя — здаровая. Мы каардынуем адно з адным сваю працу, і цяпер нават гэта вылілася ў стварэнне сумеснага адукацыйнага курса «Журфак па суботах»: частку праекта робіць БАЖ у Вільні, частку — Прэс-клуб у Варшаве.
«Я сацыяфоб і інтраверт»
— Ці хацелі вы стаць кіраўніком арганізацыі?
— Не хацеў, мяне заклікалі гэта зрабіць задоўга да з’езда БАЖ у 2015 годзе. Я цалкам натуральна сябе адчуваў у якасці намесніка старшыні і кіраўніка прававога цэнтра. Разумеў, што мой пераход на пасаду старшыні стане сур’ёзнай зменай ў працы і нагрузцы, таму двойчы, перад мінулымі з’ездамі, адбіваўся ад гэтых прапаноў, але ў 2015 годзе не было ўжо такой магчымасці, пагадзіўся вылучыцца.
— У наступным годзе будзе 10 гадоў як вы старшыня БАЖ. Ці былі думкі сыходзіць?
— Вядома, былі, я ад пачатку разлічваў максімум на два тэрміны.
Але ў 2021 годзе, калі адбываўся з’езд БАЖ, ужо пасля першай хвалі ператрусаў, пасля арышту офіса, вырашылі, што ў гэты час нельга разбураць структуру. Усё ж мы захавалі такім чынам арганізацыю, што дазволіла хутчэй ачуняць ужо на новым месцы.
Што будзе далей — пакуль не магу сказаць. У мінулым годзе прынамсі Рада БАЖ вырашыла, што з’езд будзе праведзены, калі з’явіцца магчымасць гэта зрабіць. І мы кожны года абмяркоўваем гэтае пытанне наноў.
— Вы як кіраўнік арганізацыі якім чынам падтрымліваеце ўпэўненасць у супрацоўніках?
— Справа любога кіраўніка арганізацыі ў першую чаргу — гэта камунікацыя. А я як раз вельмі не камунікабельны чалавек, нават недзе сацыяфоб, інтраверт. Дзякуй Богу, што побач са мной ёсць людзі, якія дапамагаюць, могуць займацца камунікацыяй, іх матываваць не трэба. З іншымі супрацоўнікамі бывае па-рознаму: пакаленне, якое прыходзіць на змену, інакш глядзяць на жыццё, іншыя прыярытэты.
Цяпер мы ў арганізацыі аднавілі адукацыйны курс лідэраў БАЖ, які разлічаны на тое, каб перадаць моладзі каштоўнасці, якія ёсць у арганізацыі, паказаць, што не толькі посттраўматычны сіндром і няўпеўненасць у будучыні існуе, але і нешта яшчэ.
— Апошні з’езд БАЖа быў у 2021 годзе, яшчэ ў Беларусі. За 4 гады шмат чаго змянілася ў людзей, якія ўваходзяць у выбарныя органы БАЖ, змянілася і наша журналістыка. Як вы лічыце, ці варта правесці рэформу і абраць новы склад?
— Насамрэч, тут ёсць прававы нонсенс. Мы кажам, што жывем па Статуту БАЖ, дакументах, якія былі зафіксаваныя. Але самі гэтыя дакументы прызнаныя беларускімі ўладамі несапраўднымі, дэ-юра нас не існуе, арганізацыя зачынена.
Пры гэтым мы прытрымліваемся, наколькі гэта магчыма, усіх працэдур, зафіксаваных у гэтых дакументах. Бо ёсць адміністрацыйная рэальнасць, дзе нас нібыта няма, — і ёсць жыццё, дзе мы працягваем сваю працу па тых правілах, якія самі супольна выпрацавалі.
Гэта праблема, з якой сутыкнуліся ўсе арганізацыі грамадскага сектара і не толькі. Пакуль ад журналісцкай супольнасці мы не чуем закліку рэфармаваць форму нашага інснавання. Больш за тое, з аднаго боку, мы адчуваем падтрымку ад журналіскай супольнасці, а з другога — мы прызнаныя імі прадстаўнікі, то-бок арганізацыя, якая можа лабіраваць нашу агульную зацікаўленасць.
«У нашай сітуацыі цяпер пераасэнсоўваюцца класічныя стандарты журналістыкі»
— Якія медыі вы чытаеце, праглядаеце?
— Дзень у мяне пачынаецца з прагляду надвор’я, пасля — BBC, далей — шэраг сайтаў беларускіх незалежных медыяў, сайт БАЖ. Магчыма, не хапае, каб я яшчэ чытаў дзяржаўныя медыі, хаця час ад часу займаюся маніторынгам прапаганды ў іх. Але, канечне, жадання да іх звяртацца няма. Часам гляджу праекты на YouTube. Не вельмі люблю фарматы, якія цягнуцца паўтары гадзіны. Кароткія відэа больш цікавыя для мяне.
— Нядаўна БАЖ у сваім тэлегарме ладзіў апытанне, «за бягучы год беларускі недзяржаўны медыясектар у цэлым паказаў стагнацыю ці развіццё». Большасць — 58 адсоткаў — прагаласавала за «стагнацыю». А як на вашу думку?
— Тое, што робіць беларускі медыясектар, можна параўнаць з бегам па бегавой дарожцы. Ты мусіш рухацца, каб цябе не аднесла назад. У сэнсе развіцця, выкарыстання новых фарматаў – відавочна, што незалежны медыясектар шырока працуе. А вось сама сітуацыя, у якой знаходзяцца медыі, адносіць назад: праца ў эміграцыі, усе прызнаныя экстрэмісцкімі фармаваннямі, забарона для людзей на падпіскі, рэпосты, лайкі і іншае. І тут няма іншага выйсця, акрамя руху наперад.
Таму цяпер пераасэнсоўваюцца класічныя стандарты журналістыкі. Частку з іх проста немагчыма рэалізаваць. Напрыклад, атрымаць каментар усіх бакоў канфлікта, асабліва калі гэта тычыцца беларускіх дзяржаўных устаноў. Альбо тое, што тычыцца ананімнасці, калі эксперт выступае ананімна. Зразумела, што такое ні ў якія стандарты не ўпісываецца.
Цяпер мы прапаноўваем стварыць новы орган журналісцкага самакіравання, які не будзе звязаны з БАЖ непасрэдна. Самі медыі, якія захочуць паўдзельнічаць у гэтым працэсе, будуць абіраць сваіх прадстаўнікоў. Гэта такі амбітны план. Не ведаю, ці атрымаецца рэалізаваць, але такую магчымасць разглядаем. Будзе залежыць, ці будзе меркаванне гэтага органа для журналісцкай супольнасці аўтарытэтным.
— Што вам дае сілы працягваць працаваць?
— Я шчыра веру ў місію арганізацыі. Гэта тое, што мяне падтрымлівае. Таксама калегі, з якімі працую, тыя, хто за кратамі, сярод іх ёсць і мае сябры. Правы чалавека — гэта мая рэлігія, яна прымушае рабіць мяне тое, што я раблю.
А правы журналістаў з’яўляюцца часткай свабоды выказвання — якая не толькі адносіцца да фундаментальных правоў і свабод чалавека, але і з’ўляецца крытэрам захоўвання гэтых правоў
— Ці будуць святочныя мерапрыемствы з нагоды 30-годдзя БАЖ?
— Мы думаем, што гэта было б няблага зрабіць, бо 30 год — сур’ёзная дата, не кожная арганізацыя може гэтым пахваліцца. Але гарызонт планавання на цяпер у нас не вялікі. Дый становішча ў свеце не вельмі спрыяе святкаванням. Будзем бачыць па сітуацыі, як будуць разгортвацца падзеі і ў Беларусі, і па-за межамі, і ў Літве, дзе мы цяпер месцімся.