Ігар Кулей зыходзіць з тэлеканала «Белсат»
Ігар Кулей 29 снежня правёў апошні эфір на «Белсаце» і пакідае тэлеканал. Пра гэта ён абвясціў у эфіры праграмы «Тыдзень на Белсаце».
«Амаль чатыры гады таму, калі я разам з калегамі задумваў гэтую праграму, я ўяўляў яе сабе такой прасторай свабоды, прасторай аўтарскай думкі, прасторай, свабоднай ад цэнзуры, і прасторай без тэматычных абмежаванняў. Я верыў тады і веру зараз у тое, што ў журналістыцы не бывае дрэнных пытанняў…
На вялікі жаль, не ўсе на тэлеканале «Белсат» падзяляюць гэтае меркаванне. Менавіта таму сённяшні эфір для мяне апошні. Я вырашыў развітацца з праграмай «Тыдзень», а таксама вымушана развітацца з «Белсатам»» — цытуе словы Ігара Кулея Reform.news.
Паводле журналіста, праграма «Тыдзень на Белсаце» працягне выходзіць у эфір з сувядучым Кулея Сяргеем Падсасонным.
Звальненне Ігара Кулея стала вынікам канфлікту часткі калектыва і новай кіраўніцы беларускай рэдакцыі Аліны Коўшык. У допісе на сваёй старонцы Facebook журналіст адзначыў, што яго зыход не быў добраахвотным і заявіў пра «ціск і кампанію па дэзінфармацыі» з боку кіраўніцтва.
Таксама Кулей падзякаваў калегам і патлумачыў іншыя матывы свайго рашэння:
«З першага дня працы на Белсаце я адчуваў, што гэта мая справа. Бывала неверагодна цяжка, здараліся моцна непрыемныя моманты. Але пазітыву было значна болей. Мы з каналам глядзелі ў адзін бок і рухаліся ў адным кірунку, і гэта было для мяне галоўным. Зараз гэтага адчування больш няма.
У мяне асабіста і ў людзей, якіх прызначылі вызначаць далейшы лёс Белсата, розны набор каштоўнасцяў, рознае разуменне маралі.
А тым болей, не магу пасміхацца і махаць ручкай, калі бачу, як людзі, якія нічога не ведаюць пра Беларусь і беларускія СМІ, і задаюць пытанні: «колькі сюжэтаў на тыдзень вы здымаеце ў Менску?» — сваімі некампетэнтнымі рашэннямі зводзяць ролю адзінага сапраўднага беларускага тэлеканала да ютуб-блогу».
Аляксей Дзікавіцкі: Не хачу, каб мой подпіс стаяў пад ліквідацыяй «Белсата»
«На гэтым тыдні дырэктар Міхал Бранятоўскі сказаў у размове з выданнем Onet.pl, што ён прапанаваў узначаліць Белсат мне і Аліне Коўшык, і ў выніку выбраў Аліну. Але гэта цалкам разыходзіцца з рэчаіснасцю. Ніякага выбару паміж намі не было і не магло быць.
Я адмовіўся ад ягонай прапановы ўзначаліць Белсат на той жа самай першай сустрэчы, 29 ліпеня. Адмовіўся пасля таго, як пачуў, як TVP збіраецца паступіць з дырэктарам Белсата Аляксеем Дзікавіцкім. І да гэтага дадаў, што не хачу быць чалавекам, які будзе рэзаць Белсат і праводзіць істотныя скарачэнні», — напісаў журналіст.
Ігар Кулей працаваў на «Белсаце» 10 гадоў. У пачатку снежня стала вядома, што яго звольнілі з пасады кіраўніка рэдакцыі навін тэлеканала. Тады Аліна Коўшык адмовілася каментаваць БАЖ гэтае рашэнне.
Еўрапейская федэрацыя журналістаў заклікала спыніць ціск на журналістаў «Белсата»