Блогер Вадзім Ермашук просіць дапамогі для аднаўлення пасля турмы і хвароб
BYSOL адкрыў збор для гродзенскага блогера Вадзіма Ермашука (Vadimati). Беларус з’ехаў у Польшчу пасля палітычнага пераследу. Грошы патрэбныя на жыллё і медыцынскія выдаткі.
Да жніўня 2021 года ў Vadimati было больш за 50 тысяч падпісчыкаў у Instagram. На сваёй старонцы блогер не абмінаў сацыяльныя праблемы і крытыкаваў уладу. У жніўні 2021 года Вадзіма затрымалі і асудзілі на тры годы калоніі агульнага рэжыму. Пакаранне ён адбываў у так званым нізкім статусе.
«Я нес двойное наказание — политическое и человеческое». Блогер Vadimati рассказал о низком статусе и прессинге в колонии
Ермашук выйшаў на волю у чэрвені 2024, а ўжо ў лістападзе 2024 года суд Ленінскага раёна Гродна прызнаў яго Instagram «экстрэмісцкімі матэрыяламі», пасля чаго блогер вымушана эміграваў у Польшчу.
У калоніі ў Вадзіма істотна пагоршылася здароўе. Пасля вызвалення ў яго дыягнаставалі злаякасную меланому, пахвінную кілу, псарыяз, гастрыт ды іншыя хваробы.
«Я маю патрэбу ў медыцынскім абследаванні і лячэнні. Пасля майго вызвалення летам 2024 года я перанёс некалькі аперацый, у тым ліку па выдаленні злаякаснай меланомы і ліквідацыі пахвіннай грыжы. Аднак я маю патрэбу ў далейшым маніторынгу стану здароўя, дадатковым абследаванні і лячэнні. У Беларусі не было праведзена неабходнае абследаванне па анкалагічным напрамку. Адбыўся рэцыдыў пахвіннай кілы», — распавядае Вадзім Ермашук.
Па прагнозам медыкаў, на рэабілітацыю спатрэбіцца тэрмін да года, у гэты час блогеру нельга працаваць фізічна. Ён просіць пра фінансавую дапамогу на першы перыяд.
Сума збора — 5 000 еўра.
«Гэтыя грошы дапамогуць мне зняць жыллё і пакрыць самыя базавыя выдаткі на жыццё і аднаўленне на працягу двух-трох месяцаў, — тлумачыць блогер. — Але для паўнавартаснай рэабілітацыі мне спатрэбіцца больш. Ідэальная мэта — гэта сабраць 10–15 тысяч еўра, каб я змог спакойна засяродзіцца на лячэнні цягам паўгода і мець фінансавую падушку на выпадак непрадбачаных ускладненняў са здароўем.
Я разумею, што гэта вялікая сума, але веру ў сілу салідарнасці і ўзаемадапамогі, якая аб’ядноўвае беларусаў па ўсім свеце.
Ваш унёсак – гэта не проста грошы. Гэта магчымасць для мяне вярнуцца да жыцця, да якога я імкнуся пасля столькіх выпрабаванняў. Гэта шанец аднавіць здароўе і сілы, каб працягваць свой шлях».
Падтрымаць блогера можна тут.