Журналістка Таццяна Мацвеева абвясціла пра закрыццё Facebook-суполкі «Навіны Віцебска»
Пра гэта раніцай 14 студзеня яна паведаміла ў адмысловым допісе, адрасаваным чытачам.
«Я, нармальны дарослы чалавек, не магу вам, нармальным дарослым людзям, нічога толкам патлумачыць. Магу сказаць толькі адно. Прычына закрыцця групы важкая і сур’ёзная. І яна — не ўва мне», — піша адміністратарка.
Таццяна Мацвеева заснавала гэтую групу 3,5 гады таму, працавала на добраахвотных пачатках. Выключна дзякуючы асабістым высілкам журналісткі ў «Навінах Віцебска» штодня выходзілі 3–4 матэрыялы пра жыццё рэгіёна. Група набыла папулярнасць: у ёй 25,5 тысяч удзельнікаў, практычна кожны пост заўсёды суправаджаў не менш за дзясятак каментароў.
«Са мной усё добра, не хвалюйцеся. Ну, як добра? Добра роўна настолькі, наколькі гэта можа быць з чалавекам, які ў апошнія 3,5 гады вельмі ўкладаўся ў гэту групу, а цяпер вымушаны з ёй развітвацца. У мяне па-ранейшаму ёсць жаданне рабіць для вас навіны. Ёсць і творчыя ідэі. Засталіся і чарнавікі, распачатыя, але недапісаныя тэксты. Аднак групу давядзецца закрыць. На які час, я не ведаю. Пакуль раблю гэта на месяц», — паведамляе Таццяна.
Рашэнне закрыць групу, для пачатку часова, журналістка прыняла нечакана для яе ўдзельнікаў: яшчэ дзень таму яна пісала пра пачатак новага праекта ў «Навінах Віцебска». Ён называўся «Витебск на фотооткрытках», 13 студзеня выйшаў першы выпуск.
На цяперашні момант убачыць матэрыялы групы можна, але магчымасці каментавання няма.
За апошнія суткі гэта другая медыйная страта для віцебскіх чытачоў. 13 студзеня ў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў на сайце Міністэрства інфармацыі быў унесены сайт «Народныя Навіны Віцебска». Гэта партал мясцовых навін, які праіснаваў амаль 18 гадоў дзякуючы энтузіязму яго заснавальніка Сяргея Серабро. Ад учора ні сайт, ні яго сацыяльныя сеткі недасяжныя карыстальнікам сеціва.