Сілавікі зладзілі чарговы ператрус у 86-гадовай бабулі былога журналіста «Белсата»
Былы журналіст тэлеканала «Белсат» Сяргей Скулавец не жыве ў Беларусі з 2023 года, але супрацоўнікі міліцыі не пакідаюць у спакоі яго родных. 31 снежня 2024 года міліцыянты ізноў правялі вобшук у доме яго бабулі.
«31-га вечарам зноў прыехалі з ператрусам да бабулі. Са Століна наведаўся следчы з пастановай пра ператрус, якую падпісаў пракурор з Івацэвічаў. Перад гэтым званілі маме, назваліся з міліцыі і паведамілі, што супраць мяне завялі крыміналку. Міліцыянт таксама сказаў, што яму даручылі распавесці пра тое, што калі я надумаю вяртацца, то трэба звярнуцца ў камісію памілавання», – распавёў Сяргей Скулавец «Белсату».
Яго бабуля жыве ў вёсцы Хорск Столінскага раёна. Яна не мела намеру пускаць на падворак няпрошаных гасцей, тым больш у свята. Але міліцыянт, каб трапіць да гаспадыні, пераскочыў цераз плот.
Для сталай жанчыны гэта ўжо не першы выпадак, калі сілавікі прыходзяць у яе дом шукаць нейкі «кампрамат» на ўнука. Пра папярэдні ператрус у бабулі Сяргей Скулавец паведамляў 30 лістапада 2024 года. Тады сутнасць прэтэнзій і нагода ператрусу засталіся невядомымі. Але людзі, якія назваліся следчымі і супрацоўнікамі КДБ, цікавіліся менавіта асобай журналіста. Тлумачэнні, што ў гэтым доме няма аніякіх асабістых рэчаў унука, не падзейнічалі.
Перад гэтым у верасні сілавікі зладзілі ператрусы ў доме маці журналіста і ў яго на хутары. Тады ж стала вядома, што Следчы камітэт распачаў крымінальную справу супраць Сяргея Скулаўца. «Справа дакладна звязаная з “Белсатам”», паведамляў Сяргей.
Да чэрвеня 2023 года Сяргей Скулавец жыў у Івацэвічах і займаўся фермерствам. Адначасова непублічна супрацоўнічаў з тэлеканалам «Белсат». Пасля таго, як яго папярэдзілі, што чакаецца чарговая хваля рэпрэсій у дачыненні да журналістаў, Скулавец разам з сям’ёй з’ехаў з Беларусі. Зараз яны жывуць у ЗША. Ужо ў эміграцыі, Сяргей даў інтэрв’ю пра пераслед з боку ўладаў, свой ад’езд, жыццё ў Амерыцы, і распавёў, чаму не вяртаецца ў журналістыку.