Юбілей за кратамі. Вацлаў Арэшка сустрэў 70-годдзе
Вацлаў Арэшка быў затрыманы ў красавіку 2022 года разам з іншымі вядомымі актывістамі і кіраўнікамі беларускіх незалежных прафсаюзаў. Ён асуджаны да 8 годоў пазбаўлення волі паводле трох крымінальных артыкулаў, у тым ліку за стварэнне «экстрэмісцкага фармавання».
18 студзеня трэці дзень народзінаў за кратамі сустрэў журналіст, публіцыст, літаратар Вацлаў Арэшка. Сёлета яму споўнілася 70 гадоў.
5 студзеня 2023 года былі абвешчаны жорсткія выракі ў справе актывістаў Беларускага прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці. У ліку асуджаных аказаўся і Вацлаў Арэшка. Праваабарончая супольнасць прызнала ўсіх фігурантаў «справы прафсаюзаў» палітычнымі вязнямі.
Прафсаюзных актывістаў звінавацілі па шэрагу «палітычных» крымінальных артыкулаў: у закліках да санкцый (частка 3 артыкула 361 КК), распальванні сацыяльнай варожасці (частка 3 артыкул 130 КК), стварэнні экстрэмісцкага фармавання і ўдзел у ім (частка 1 і частка 3 артыкула 361–1 КК).
Судовы працэс цягнуўся паўтара месяца ў закрытым рэжыме. У выніку суддзя Настасся Папко прызначыла аграменныя тэрміны зняволення у калоніі, больш за тое — ва ўмовах узмоцненнага рэжыму:
- 8 гадоў — Вацлаву Арэшку, рэдактару бюлетэня прафсаюза РЭП,
- 9 гадоў — Генадзю Фядынічу, экс-кіраўніку РЭП,
- 9 гадоў — Васілю Берасневу, старшыні РЭП (Васіль Бераснеў быў вызвалены паводле памілавання 20 жніўня 2024 года).
Хто такі Вацлаў Арэшка?
Вацлаў Арэшка на сёння з’яўляецца адным з самых узроставых палітычных вязняў у Беларусі. Спачатку адбываў пакаранне ў папраўчай калоніі № 17 у Шклове, у снежні 2023 года яго перавялі ў ПК № 22 — калонію «Воўчыя норы» пад Івацэвічамі.
Праз стан здароўя ён вызвалены ад працы.
Па інфармацыі БАЖ, у Вацлава Арэшкі ёсць праблемы з хрыбетнікам, у зняволенні сур’ёзна пагоршыўся зрок — вязень пакутуе ад катаракты і глаўкомы, чытае з дапамогай лупы. Сувязь са сваякамі ёсць, калі не пазбаўляюць тэлефанаванняў «за парушэнні рэжыму», лісты даходзяць часткова.
Мужчына прыйшоў у рух за нацыянальнае адраджэнне ў 80‑х гадах, працаваў у Тэатры юнага гледача і Нацыянальным мастацкім музеі, выкладаў у Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, распрацаваў праграму новага навучальнага курсу «Гісторыя і тэорыя культуры Беларусі». Вёў раздзел кніжных і камп’ютарных рэцэнзій у «Нашай Ніве», рэдагаваў электронны сайт-архіў «Вытокі», выступаў як актывіст ініцыятывы «Эксперты ў абарону Курапатаў», ініцыяваў стварэнне «Кнігі гонару Курапатаў» на знак памяці пра ахвяр савецкіх рэпрэсій.
Вацлаў Арэшка друкаваўся ў часопісах «Спадчына» і Arche, перакладаў са старапольскай мовы творы беларускага барока.