БРЦ запусціў цікавы праект з AI: выдра-дэтэктыў Яся дапамагае чытачам арыентавацца на сайце
На сайце Беларускага расследавальніцкага цэнтра з’явіўся чат-бот «Яся» на базе штучнага інтэлекту. Гэта выдра-дэтэктыў, якая дапамагае карыстальнікам шукаць інфармацыю.
Для беларускіх медыяў гэта пакуль унікальны ШІ-праект, адзначае аўтар telegram-канала Easy AI Зміцер Смірноў, які прымаў удзел у распрацоўцы чат-бота.
Яся — гэта выдра-дэтэктыў. Яна хаваецца ў правым ніжнем куце сайта БРЦ. Пабачыць яе можна, калі націснуць на сінюю іконку з чорным капелюшом.
Вось што ўжо ўмее Яся:
- хутка знайсці патрэбную інфармацыю — напрыклад, па канкрэтнай тэме, з канкрэтнымі персанажамі;
- паказаць звязаныя з дадзеным матэрыялам тэмы;
- коратка пераказаць змест лангрыда;
- расказаць, якую інфармацыю чытач можа знайсці ў кожным раздзеле сайта;
- пазнаёміць з камандай, рэдпалітыкай, стандартамі, метадамі працы;
- зрабіць падборку з самых папулярных матэрыялаў за любы перыяд часу.
Чат-бот працуе на трох мовах — беларускай, рускай і англійскай. Карыстальнікі могуць абраць адзін з пунктаў меню для стандартных пытанняў або ўвесці ўласны запыт у радку ніжэй.
Аднак распрацоўшчыкі папярэджваюць, што «Яся» пакуль мае статус эксперыментальнага праекта і можа час ад часу памыляцца.