У Беларусі па дыфамацыйных артыкулах асуджаныя 35 замежнікаў
Па чатырох дыфамацыйных артыкулах Крымінальнага кодэкса: 368 (знявага Лукашэнкі), 369 (знявага прадстаўніка ўлады), 130 (распальванне іншай сацыяльнай варажэчы), 367 (паклёп на Лукашэнку) — у беларускіх турмах сядзяць 35 замежных грамадзян, пераважна з Польшчы, Латвіі, Украіны і Расіі, падлічыў ПЦ «Вясна». Усяго ў Крымінальным кодэксе каля дзясятка дыфамацыйных артыкулаў.
Агулам з 2020 года не менш за 75 замежных грамадзян падвергліся палітычнаму пераследу ў Беларусі.
Цяпер за кратамі ў Беларусі знаходзяцца грамадзяне Украіны, Японіі, Польшчы, Швецыі, ЗША, Літвы, Латвіі, Арменіі, Казахстана, Узбекістана і Расіі.
28 чэрвеня 2024 года Украіна дамаглася вызвалення з беларускіх турмаў пяцярых палітзняволеных: чацвярых грамадзян Украіны і фігуранта «справы за дыверсію ў Мачулішчах» Мікалая Швеца, абмяняўшы іх на расійскіх ваеннапалонных.
1 жніўня 2024 года ў рамках вялікага абмену вызвалены грамадзянін Германіі Рыка Крыгер. Асуджаны ў чэрвені да смяротнага прысуду шляхам расстрэлу. Рыка Крыгер не стаў абскарджваць прысуд, але напісаў прашэнне на імя Лукашэнкі. Вечарам 30 ліпеня правіцель памілаваў нямецкага грамадзяніна, а 1 жніўня яго ўжо абмянялі.