Улады аб’явілі намесніка старшыні БАЖ у вышук
Намесніка старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыса Гарэцкага аб’явілі ў міждзяржаўны вышук. Увагу на картку з яго імем звярнула «Медыязона».
На падставе якога артыкула беларускія і расійскія праваахоўнікі шукаюць намесніка старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў, у вышуковай базе не пазначана.
— Сёння за кратамі ў Беларусі 42 прадстаўнікі і прадстаўніцы медыяў. Рэжым працягвае пераследваць журналістаў, праводзіць вобшукі, кідаць новых калег за краты. Здзекавацца з тых, хто цяпер у турэмных засценках.
Пра іх нашыя думкі і нашая салідарнасць з імі, — кажа ў каментары службе маніторынгу БАЖ Барыс Гарэцкі. — А «міждзяржаўны», дакладней, беларуска-расійскі вышук, мы як-небудзь перажывем і калі-небудзь будзем узгадваць з гумарам».
Барыс Гарэцкі прыйшоў у журналістыку ў другой палове нулявых, працаваў карэспандэнтам «Радыё Рацыя» і грамадска-палітычнага сеціўнага медыя Udf.by. С 2018 года займае пасаду намесніка старшыні БАЖ.