YouTube-шоу «Обычное утро» можа спыніць вяшчанне
Заснавальнікі раняшняга шоу на YouTube «Обычное утро» звярнуліся да гледачоў па дапамогу. «З‑за спынення знешняй падтрымкі мы вымушаны запусціць вялікі збор, які дасць час камандзе праекта знайсці новыя крыніцы фінансавання», — тлумачаць яны ў сваёй заяве.
«Вы вялікія малайцы, што данаціце, мы вялікія малайцы, што зарабляем таксама на манетызацыі YouTube і рэкламе, але гэтых грошай не хопіць на стабільны выхад праграмы ў ранейшым рэжыме — пяць дзён у тыдзень. А з улікам таго, што арганізацыя працы такога канала — гэта фул-тайм занятасць для членаў каманды, то далейшы выхад шоу ў такім варыянце немагчымы.
Для працы каманды на найбліжэйшыя два месяцы неабходна 25 тысяч еўра. Гэтыя грошы пойдуць на заробкі чальцоў каманды і аплату арэнды студыі.
Мы ўжо траплялі ў сітуацыі, калі працяг праекту быў невідавочны, але кожны раз знаходзілі спосаб працягнуць працу. Бо разумелі, што беларусам трэба чуць разумныя галасы.
Цяпер мы таксама прыкладаем максімум намаганняў, каб знайсці новыя крыніцы фінансавання. Упэўненыя, што праект ужо прынёс і яшчэ прынясе шмат карысці беларускаму грамадству. А ніводнае грамадства не можа існаваць без якасных медыяў.
Мы патрэбны адно аднаму. Увогуле, будзем удзячныя за дапамогу перажыць цёмныя часы!»