Перазапусціўся незалежны канал пра беларускую навуку
Нядаўна Telegram-канал «De facto. Беларуская навука» перажыў перазапуск. Цяпер ён аператыўна паведамляе пра свежыя даследаванні і адкрыцці, звязаныя з нашай краінай.
«De facto. Беларуская навука» быў заснаваны ў ліпені 2022 года.
Ён піша пра значныя падзеі ў беларускім даследчым жыцці ў краіне і за мяжой — з фокусам на сацыяльныя і гуманітарныя дысцыпліны, а таксама пра навіны супольнасці.
Заснавальнікі канала распавядаюць, напрыклад, пра тое, як вядомы беларускі хімік Сяргей Касцюк пакінуў БДУ і далучыўся да Парыжскага інстытута малекулярнай хіміі. Ці як прафесар Беларускага гандлёва-эканамічнага ўніверсітэта спажывецкай кааперацыі з Гомеля Анатоль Злотнікаў надрукаваў даследаванне, у якім прыйшоў да высновы, што «значным фактарам зніжэння нараджальнасці ў Беларусі сталі рашэнні суб’ектаў кіравання». Або пра гісторыю стварэння малавядомага партрэта Міхала Радзівіла, якую вынайшла гісторык Наталля Сліж.
«De facto» адсочвае і публікацыі замежных навукоўцаў, звязаныя з Беларуссю. Напрыклад, яны пішуць, як на памежжы літоўская мова саступае беларускай, чаму не атрымалася беларусізацыя на ўскраінах РСФСР у 1920‑х, а таксама чаму Беларусь не можа атрымаць статус кансультацыйнага боку ў Дамове аб Антарктыцы, нягледзячы на валоданне сваёй станцыяй.