• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Тры месяцы без дапамогі ЗША: як гэта адаб’ецца на медыях у розных частках свету?

    Расійская прапаганда ўжо цытуе звароты незалежных медыя да сваіх чытачоў. У гэтых зваротах СМІ, у тым ліку беларускія, просяць аўдыторыю дапамагчы перажыць цяжкія часы. Прычына: ЗША на тры месяцы замарозілі сваю замежную дапамогу.

    З праблемамі сутыкнуліся не толькі беларускія медыя — і не толькі медыя. Нашы партнёры ва Украіне, Азербайджане і іншых краінах сігналізуюць пра складаную сітуацыю. Недзе цяпер відавочна ўзмоцніцца расійская прапаганда, а ў дыктатурах проста ў захапленні.

    Тры месяцы без дапамогі ЗША: як гэта адаб'ецца на медыях

    @rubanau_collage / Еўрарадыё

    Любоў Ракавіца, кіраўніца ГА ДІІ-УКРАІНА: «У нашых канкурэнтаў, у расійскай прапагандысцкай машыны, велізарны рэсурс, і яны не дрэмлюць»

    КароткаЗ пачаткам поўнамаштабнай вайны ўкраінскія медыя больш не могуць разлічваць на рэкламу ад бізнесу, бо бізнес падкошаны вайной. Выданне «Навіны Данбаса», якое ўзначальвае Любоў Ракавіца, працуе для жыхароў усходніх рэгіёнаў Украіны. Яны або жывуць пад абстрэламі, або ў акупацыі, або спрабуюць наноў выбудаваць жыццё ў іншых абласцях краіны. Увогуле, дазволіць сабе данаціць медыя яны не могуць. Сітуацыяй абавязкова паспрабуе скарыстацца Расія.

    — Сітуацыя ў нас вельмі цяжкая. Першыя складанасці пачаліся ў кавід, калі канкурэнцыя за донарскае фінансаванне моцна павялічылася. І працягнуліся з пачаткам поўнамаштабнага ўварвання.

    У нас былі планы скараціць аб’ёмы донарскага фінансавання праз продаж банернай рэкламы, платных партнёрстваў і рэкламных матэрыялаў, але пачалася вайна. А ў вайну бізнес працуе кепска.

    Буйны бізнес і інвестыцыі ва Украіну не заходзяць, бо ўсе выдатна разумеюць: у любы момант у склад можа трапіць ракета. Раней ва Украіне быў моцны прамысловы сектар, але цяпер на яго таксама нельга разлічваць, бо асноўныя яго магутнасці былі сканцэнтраваныя акурат у Данецкай і Луганскай абласцях ці іншых усходніх рэгіёнах Украіны, якія цяпер пад пастаяннымі абстрэламі.

    У малога і сярэдняга бізнесу таксама праблемы, бо людзі з’язджаюць, ці ідуць ваяваць, ці проста сыходзяць з бізнэсу. Так што з атрыманнем даходаў ад продажу рэкламы ва Украіне сітуацыя дрэнная. Яна пачалася трохі выпраўляцца ў 2024 годзе, і да канца года нам нават удавалася нешта зарабляць. Але цяпер зноў цяжка.

    Калі казаць пра платную падпіску, то для нашага медыя гэта складана. Нашы асноўныя канкурэнты знаходзяцца не ва Украіне. Нашы канкурэнты — гэта крамлёўскія СМІ. І таму наша задача — не адгароджвацца ад аўдыторыі падпіскай, а наадварот, спрашчаць доступ да матэрыялаў.

    Бо ў нашых канкурэнтаў, у расійскай прапагандысцкай машыны, велізарны рэсурс, і яны не дрэмлюць. Пакуль для нас спыненае фінансаванне, яны будуць працягваць працаваць і, наадварот, падымуць галаву. Скажам нелітаратурна: яны будуць херачыць па нашай аўдыторыі.

    Прасіць данаты ў аўдыторыі? Але мы ж разумеем, што асноўная наша аўдыторыя — гэта перамешчаныя асобы [украінцы, якія з’ехалі з усходу Украіны ў бяспечнейшыя рэгіёны краіны. — Еўрарадыё]. Гэтыя людзі самі ў цяжкім становішчы.

    Іншая частка аўдыторыі — людзі, якія знаходзяцца ў акупацыі альбо тыя, каго гвалтоўна вывезлі ў Расію. Натуральна, яны не могуць пералічваць нам грошы. Ні нам, ні любой іншай украінскай арганізацыі, бо для іх гэта можа прывесці да крымінальнага пераследу. Мы не будзем падвяргаць нашу аўдыторыю такой рызыцы.

    Вось так выглядае наша кам’юніці, якое магло б нам дапамагчы — але не можа дапамагчы.

    EFJ заклікае еўрапейскіх донараў дапамагчы незалежным медыям, што засталіся без падтрымкі ЗША

    У цэлым гэтае прыпыненне фінансавання паўплывае не толькі на медыясектар, але і на вялікую колькасць сектараў. Закрываюцца праекты дапамогі ветэранам, праекты, якія дапамагалі перамешчаным асобам. 

    Ёсць велізарная колькасць сфераў, якія могуць застацца без грошай: гэта датычыць і гуманітарнага размініравання, і аднаўлення крытычнай інфраструктуры, і медыцыны. І, баюся, калі гаворка зойдзе пра пераразмеркаванне рэсурсаў, медыя могуць стаць тым «костам», які адрэжуць першым.

    А медыя ва Украіне — гэта яшчэ і важны інструмент пабудовы дэмакратыі. Ва Украіне праходзіла рэформа дэцэнтралізацыі, і было створана шмат медыя для лакальных супольнасцяў. Баюся, многія з іх не выжывуць.

    А Расія будзе выкарыстоўваць гэтую сітуацыю, каб захаваць і ўзмацніць свой уплыў і на ўкраінскія працэсы. І я думаю, што не толькі на ўкраінскія, але і ўсходнееўрапейскія ў цэлым. Мы не можам дазволіць сабе пакінуць нашу аўдыторыю сам-насам з гэтай праблемай.

    Сеўда Самедава, рэдактарка “Мейдан ТБ”: “Аліеў, мабыць, у захапленні”

    Каротка. Прэзідэнт Азербайджана ўсімі сіламі спрабаваў знішчыць незалежныя медыя ў краіне, і дапамога прыйшла адкуль не чакалі.

    — У Азербайджане былі прынятыя драконаўскія законы пра медыя, пра гранты і пра няўрадавыя арганізацыі. Гэта тры розныя законы, якія зрабілі практычна немагчымай і нашу працу, і дзейнасць праваабаронцаў і актывістаў на тэрыторыі краіны. Яны паставілі нас па-за законам.

    Але мы працягвалі працаваць і заяўлялі, што гэтыя законы — незаконныя. І мы адмаўляемся іх выконваць. За апошні год арыштавалі пяцярых нашых журналістаў. Улады спрабавалі закрыць некалькі рэдакцый. Але мы працягвалі працаваць.

    «У нас уже нет надежды вытащить журналистов из тюрьмы». Редакторка Мейдан ТВ Севда Самедова – об Ильхаме Алиеве, давлении на журналистов и законах, убивающих медиа в Азербайджане

    Офіс «Мейдан ТБ» знаходзіцца ў Берліне, і мы атрымлівалі стабільнае фінансаванне ад нашых партнёраў. Нам не трэба было расказваць пра сябе — нас ведалі і ведалі пра нашы трывалыя сувязі з аўдыторыяй. 

    Я ведала, што як бы кепска ні было ўсё ўнутры краіны са свабодай слова, з дэмакратыяй, з правамі чалавека, мы зможам працягваць сваю дзейнасць дзеля ўсіх гэтых каштоўнасцяў. Рызыкуючы сваёй свабодай, сваімі жыццямі і здароўем.

    Бяда прыйшла адкуль не чакалі. Цяпер кісларод перакрываюць не толькі азербайджанскія ўлады, але і Вашынгтон.

    Хтосьці з маіх калегаў сёння напісаў: Аліеў, відаць, цяпер у захапленні. Бо здарылася тое, чаго ён хацеў. Ён усімі спосабамі спрабаваў закрыць магчымасць для фінансавання СМІ ўнутры краіны. 

    І дабіўся таго, што ў краіне засталося няшмат тых, хто наважваецца займацца журналістыкай. Выбіраючы паміж свабодай і турмой, лагічна выбіраць свабоду.

    Калі фінансаванне не адновіцца, я баюся думаць, чым гэта абернецца. Пра наша медыя ведаюць людзі ў рэгіёнах — і асабліва яно папулярнае ў рэгіёнах. Без лішняй сціпласці магу сказаць, што пра нас людзі ведаюць лепш, чым пра каго-небудзь.

    Бо мы заўсёды звяртаемся да нашай аўдыторыі, у нас шмат рэгіянальных праектаў, нам многія пішуць. І нават пасля арышту нашых супрацоўнікаў людзі працягваюць пісаць нам скаргі на сацыяльныя праблемы. Бо мы асвятляем гэтыя праблемы — і многія з іх пасля гэтага праўда вырашаюцца.

    На жаль, нягледзячы на сувязь аўдыторыі з намі, у Азербайджане людзі не разумеюць, што можна плаціць за інфармацыю, таму мы не разлічваем на данаты. Калі мы робім матэрыялы пра людзей, якія маюць патрэбу ў дапамозе, нам удаецца хутка сабраць для іх нядрэнныя грошы. Але мы не можам сабраць іх для сябе.

    З іншага боку, наша аўдыторыя — гэта менавіта сацыяльна ўразлівыя групы, людзі ў рэгіёнах, у вёсках. Зразумела, што гэта не самая плацежаздольная аўдыторыя. Таму не, на данаты мы не можам разлічваць.

    Нас, незалежных медыя, да якіх людзі маглі звяртацца, і так было мала. А што будзе цяпер? Я не ведаю, ці зоймуць нішу праўрадавыя СМІ, бо даверу да іх як не было, так і няма. Але яны могуць застацца адзінымі ў инфополе.

    Зебо Таджыбаева, сузаснавальніца выдання Your.tj: «Праз гэтае прыпыненне ў нас правальваецца ахова здароўя»

    Каротка. Медыя — не самы пацярпелы сектар, бо журналісты навучыліся дыверсіфікаваць даходы. Але прыпыненне фінансавання ўдарыць па многіх сферах, уключаючы ахову здароўя.

    — У Таджыкістане практычна няма медыя, якія б сядзелі выключна на грантавай дапамозе. Мы ўсе свае даходы дыверсіфікавалі, бо разумеем, што свет цяпер вельмі крохкі. Каб не аказацца ля разбітага карыта, трэба зарабляць на чымсьці яшчэ.

    Наша медыя даўно паставіла перад сабой мэту адысці ад грантавай дапамогі. У тым ліку каб пазбегнуць пастаянных папрокаў: маўляў, вы працуеце па метадычцы, вы працуеце на гранты, вы працуеце на чужую краіну.

    Мы кожны раз тлумачым, што гэта не так, што ніхто не ўмешваецца ў нашу рэдакцыйную палітыку. Тлумачым, што рэалізуем той ці іншы праект, бо хочам нешта змяніць у сябе ў краіне. Але гэтыя папрокі працягваюць гучаць. Цяпер у нас ёсць толькі адзін невялікі амерыканскі грант (і выплата гэтых грошай прыпыненая на 90 дзён).

    YouTube-шоу «Обычное утро» можа спыніць вяшчанне

    Што гэта за грант? Мы працавалі над праектам па прафілактыцы экстрэмізму ў моладзевым асяроддзі. То-бок расказвалі пра паспяховых маладых людзей з сельскай мясцовасці, з глыбінкі, якія змаглі дабіцца чагосьці, не трапляючы ў сеткі экстрэмістаў.

    Бо галоўнае, за што хапаюцца экстрэмісцкія адэпты — расчараванне. Ты расчараваны, ты не можаш зарабіць — вось твая альтэрнатыва. А мы праз гэты праект хацелі паказаць, што выбар заўсёды ёсць.

    Як мы дыверсіфікавалі свае крыніцы даходу? У нас, напрыклад, вялікі прадакшн. Складанасць у тым, што мы рабілі шмат праектаў для міжнародных арганізацый — але цяпер фінансаванне для іх будзе прыпыненае. Так што апасродкавана і на нас гэта адаб’ецца. Выйду з зоны камфорту і пачну думаць, як жа зарабляць на камерцыйных праектах.

    Напрыклад, мы цяпер працуем з Coca-Cola, сярод нашых заказчыкаў быў і Сусветны банк. Плюс мы працуем як незалежныя маніторшчыкі па ацэнцы праектнай дзейнасці. Мы праводзім івэнты, якія таксама прыносяць пэўны прыбытак. І яшчэ наша студыя падкастаў прыносіць нядрэнныя грошы. Дзякуючы студыі ў мяне не баліць галава наконт арэнды офіса і аплаты рахункаў. Сур’ёзныя праблемы цяпер будуць у арганізацый, якія падтрымлівалі СМІ і давалі юрыдычную дапамогу. А яшчэ ў грамадзянскай супольнасці, няўрадавых арганізацый.

    Яны існавалі ў асноўным за кошт грантавай дапамогі, і менавіта амерыканскай. Вось для іх гэтыя 90 дзён будуць цяжкімі.

    Да таго ж няма ж ніякай упэўненасці, што праз 90 дзён усё зноў запрацуе. Тут сітуацыя па-сапраўднаму драматычная.

    Плюс ёсць іншыя праблемы: праз тое, што няўрадавыя арганізацыі часова застаюцца без падтрымкі USAID, у нас правальваецца ахова здароўя. Плюс не забываем, што ЗША выйшлі з СААЗ. Усё гэта прывядзе да таго, што ў Таджыкістане некалькі тысяч чалавек застануцца без антырэтравіруснай тэрапіі [лячэнне пацыентаў з ВІЧ. — Еўрарадыё].

    Акрамя таго, USAID шмат укладваў у бяспеку таджыкска-афганскай мяжы. І яшчэ незразумела, якімі будуць адносіны ЗША з Сусветным банкам. І калі Сусветны банк таксама пачне згортваць праекты ў Таджыкістане, гэта будзе па-сапраўднаму крытычна, бо Сусветны банк — асноўны донар і асноўны крэдытор Таджыкістана. І асноўныя грантаатрымальнікі — гэта ніякія не медыя і не грамадскія арганізацыі, а ўлады.

    А журналісты… мы можам проста разысціся па дамах і зэканоміць на арэндзе офісаў.

    Рынат Тухватшын, сузаснавальнік кыргызскага выдання «Клооп»: «Пацярпіць дзяржава, а не медыя»

    Каротка. З медыя ўсё будзе добра, пацярпіць дзяржава.

    — Нам амерыканскі ўрад не вылучае грошы наўпрост.

    Найлепшая альтэрнатыва незалежнасці — гэта мульцізалежнасць. Таму трэба старацца зрабіць так, каб ні адзін донар не займаў такога становішча, што прыпыненне працы з ім наогул не дазволіць гэтую працу працягваць. Таму мы заўсёды імкнуліся знайсці максімальную колькасць розных донараў.

    Так што гэтая сітуацыя праблематычная хутчэй не для нас, а для краіны ў цэлым. У Кыргызстане адзін з галоўных спажыўцоў грантаў — дзяржава. І тут гаворка менавіта пра гранты, якія ідуць наўпрост ад урада ЗША.

    Таму, я падазраю, мы ўбачым вялікі эфект, які гэтая прыпыненне зробіць на дзяржаўныя і паўдзяржаўныя праграмы. Але цяпер, думаю, яшчэ рана пра гэта казаць, гэтае пытанне мы пакуль даследуем.

    «Заткнуть нас никому не удастся». Популярное в Кыргызстане издание «Клооп» хотят заблокировать

    А што мы?

    Еўрарадыё пакуль не ведае, як гэта адаб’ецца на нас. Але галоўны рэдактар Павел Свярдлоў кажа, што «давядзецца зацягваць паясы».

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці