• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Рэквіем па мары. Нашто чытаць «Стагодзьдзе НН» Сяргея Дубаўца?

    Ці можна складанае «запакаваць» у лёгкую форму? Можна. Тым больш, гэта ці не адзіны спосаб, каб яно — складанае і важнае — трапіла да чытача. У Сяргея Дубаўца тое выдатна атрымалася. Раю!

    Алесь Кіркевіч піша пра кнігу Сяргея Дубаўца «Стагодзьдзе НН».

    рэцэнзія Алеся Кіркевіча на кнігу «Стагодзьдзе НН» Сяргея Дубаўца

    Зборнік «Стагодзьдзе НН» лёгкі ва ўсіх сэнсах. Кніга выдадзеная так, каб яе можна было кінуць у заплечнік і нават не заўважыць. А пасля разгарнуць: у цягніку, кавярні, на лаўцы, дзе заўгодна. Роўна такі фармат некалі абіралі кніжнікі «нашаніўскай пары», пра якую піша Дубавец. Калі наша літаратура яшчэ не ведала грувасткіх талмудаў і залачоных пераплётаў. Простае — значыць, дасяжнае. Сваё.

    Мова аўтара таксама простая. Не прымітыўная, а лёгкая — як цёплы вецер з часоў Даўняй Грэцыі. Калі важнае прагаворвалі вусна, падчас шпацыраў у ценю кіпарысаў. Магчыма, адсюль на старонках і сюжэт пра Ікара, і «Авідзій на Палессі». Аўтар сам як той Авідзій, воляй лёсу закінуты ў нашую шэрасць і туманы. Піша пра тутэйшае, але з міжземнаморскай цеплынёй.

    Дыялогі з бацькам. Іншы, але не чужы

    Кнігу складаюць эсэ Дубаўца нулявых гадоў, гэта сімвалічнае развітанне з ХХ стагоддзем. Гучыць грувастка і цяжка, праўда? Бо недзе ж тут мае быць Гітлер, Сталін, цяжкія танкі, жалезабетонныя доты і парады фізкультурнікаў… Насамрэч не. Аўтар пачынае з гісторыі свайго бацькі: савецкага палкоўніка міліцыі. Дзе той палкоўнік, а дзе — бацька? Дзе савецкі, а дзе — беларус?

    Аўтар з бацькам праз усё жыццё былі антаганістамі. Тады што іх яднае, апроч крыві? А ці гэтага так мала, каб людзей яднала кроў? Дзе, у якіх сітуацыях і ў якім месцы гэтая кроў адгукаецца?..

    «Каб быць носьбітам нейкай культуры, зусім неабавязкова пра гэта ведаць», — піша Дубавец. Урэшце, ці не ўся нашая гісторыя і сучаснасць — гэта дыялогі ці напружанае маўчанне разам з «бацькам» або — са сваім другім «я»? Іншым, але не чужым.

    Дзе пасікаць у Менску ў 1937 годзе?

    Пра класікаў, Быкава і Купалу, аўтар піша з той самай лёгкасцю, што і пра сваякоў. У эсэ «Нявыкрутка» ты як чытач літаральна ходзіш за быкаўскім Петруком («Знак Бяды»), які шукае, дзе б справіць малую патрэбу ў сталінскім Менску. Чалавек прыехаў, каб знайсці Чарвякова ў аграменным Доме Ураду, а сам бадзяецца ў пошуках прыбіральні. Што можа быць геніяльней?

    Гэтую «нявыкрутку» — як парадокс нацыянальнай свядомасці — Дубавец раскручвае далей. Як мадэль «катастрафічнага мыслення», маўляў, вось-вось мае адбыцца нешта… нават не кепскае, а страшнае! Сонца свеціць, пташкі спяваюць, а ўсярэдзіне душыць страх: вось-вось нешта будзе… У выніку:

    «Мы — Сізіфы, мы коцім свой камень угару нават тады, калі вонкавы праклён зняты і можна ісці сабе роўным полем і без каменя. У народзе гэта называюць „бояззю сурочыць“ — спадзявайся на добрае, а рыхтуйся ўвесь час да горшага».

    Магчыма, злога сапраўды было забагата ў нашай гісторыі і мы да яго звыкліся як да нормы, часткі ландшафту. Навучыліся нават лавіць кайф. А калі ў суседа нешта не атрымалася, заўжды можна мудра ўсміхнуцца: «Не трэба было лезці!..»

    Бяду можна ўпарадкаваць, раскласці па паліцах, патлумачыць, але — ці можна яе гарманізаваць? Ці гэта такі лёс — жыць без гармоніі, а калектыўная бяда — тое адзінае, што нас усіх аб’ядноўвае?.. Шукайце адказы паміж радкоў.

    Ці можа нацыя жыць паміж радкоў газеты? 

    Насамрэч у кнізе процьма пазітыву. Асабліва ў апошняй траціне, якую складаюць эсэ пра «нашаніўскую пару». Аўтар аднаўляе (ці стварае?..) атмасферу Вільні пачатку ХХ стагоддзя, калі ў адным офісе сабраліся творцы ды — прыдумалі Беларусь. Вось Антон Луцкевіч мяшае пальцам скваркі на патэльні, тут сушацца набрынялыя віленскай слотай боты, а там з ложка падымаецца памяты Янка Купала ды збягае са словамі: «Сам чорт тутака не ўбудзе, калі так далей будзе». 

    Ну і пытаннечка: чаму ў беларусаў атрымалася Беларусь, а ў літоўцаў — Літва? Чаму Вільня, «самы прыгожы горад на свеце», як пісаў Гарэцкі, не ўпісаўся ў гэтую Беларусь? Чаму беларусы пішуць, а літоўцы (як Марцін Кухта) — выдаюць? Нас, беларусаў, на той час болей у два разы, але:

    «…У 1906 годзе літоўцы супраць адзінага беларускага тыднёвіка „Наша Ніва“ мелі ажно дзве штодзённыя газеты і шэсць тыднёвікаў, тры месячнікі і адзін гадавік».

    Вільня, дом №14 па вуліцы Vil­ni­aus. Тут знаходзілася рэдакцыя «Нашай Нівы» ў 1913–1915 гг. Пры рэдакцыі жыў тады Янка Купала

    Урэшце, ці праўда, што мы — нацыя паэтаў-летуценнікаў, а значыць і лёс нам вандраваць без свайго дому, як тая рэдакцыя «НН» па Вільні пачатку 1900‑х: Вялікая Пагулянка, Завальная, рог Троцкай, Віленская, зноў Завальная і зноў Віленская? Ці можа цэлая нацыя жыць паміж радкоў газеты (а газета, вядома, «жыве адзін дзень»), у той час як іншыя будуюць палацы, фартэцыі ці хаця б хутары?

    Тую, колішнюю «Нашу Ніву» Сяргей Дубавец называе эпасам, як «Калевалу» ці «Нібелунгаў». Маўляў, усё істотнае ўжо ёсць — там. Трэба толькі ўмець чытаць. Гэтая рэтраспектыва стае «страчаным раем» і марай аўтара. Ці павінна яна супадаць з марай чытача? Зусім неабавязкова. Але рэфлексія, здаецца, заўжды мае сэнс. Неадрэфлексаванае мінулае цісне, а ўрэшце — знішчае свайго носьбіта.

    Таму — яшчэ раз раю!

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці