Пра параўнаньне сваёй доўгатрываласьці з Лукашэнкам
«Маёй марай было сказаць, што Лукашэнка сыдзе, а я застануся. Але не ўдалося. У 1995 годзе над Беларусьсю зьбілі паветраны шар з амэрыканцамі. Замежныя журналісты патэлефанавалі тады мне, бо я размаўляў па-ангельску і ў мяне на той час было ўжо шмат публікацый у замежнай прэсе. І мадэратар кажа:
„На сувязі з намі Аляксандар Лукашэнка“. Так адбывалася кожны раз. Аднойчы гэта нават пачула мая мама, патэлефанавала мне і ледзь ня плакала. Я прызвычаіўся і казаў, што насамрэч ёсьць чатыры мужы ісьціны — Марк, Мацьвей, Ян і Лука. Ну што вы хочаце?»
Пра самы важны тэкст за гады сваёй працы
Я лічу гэта важным для ўсёй гісторыі Беларусі. Ня сам тэкст, а нагоду. Вельмі часта задаецца пытаньне, а калі ў Беларусі ўсё пайшло ня так. Быў жа такі выдатны пачатак, незалежнасьць, бел-чырвона-белы сьцяг. Нехта пра 1995, іншыя пра 1996 год. Кажуць пра выбары прэзыдэнта. У мяне іншая дата таго, калі ўсё гэта стала непазьбежным, — 3 лютага 1993 году. На наступны дзень я напісаў гэты тэкст, ён называўся «Рэабілітацыя катаў»:
«3 лютага 1993 году Вярхоўны Савет аднавіў у правах Камуністычную партыю. Мы зноў засталіся з нашымі мёртвымі сам-насам. Як цяпер ісьці ў Курапаты, што казаць нашым дзядам, якія ляжаць пад соснамі?
Як растлумачыць, чаму вернутая зь небыцьця партыя-вампір, ненажэрная людаедзкая банда, што дзесяцігодзьдзямі гвалтавала беларускі народ, ірвала на кавалкі ягоныя землі і прадавала іншаземным дзяржавам, таптала мову і паліла кнігі, душыла лепшых сыноў і дачок і тысячамі клала ў вялікія і малыя Курапаты, на тры гады кінула ў акупацыю, а потым працягнула гэтую акупацыю сама, пасыпаўшы на разьвітаньне радыяактыўным попелам ды подла схаваўшы сваё чарнобыльскае злачынства ад людзей?»
Я памятаю, як мяне ўразіла, што 188 дэпутатаў вярнулі ўсё назад. Усё сышло з рук, усё аказалася беспакараным. Для мяне стала выразна зразумела, што рэабілітацыя катаў робіцца дзеля таго, што каты запатрабаваныя. Я скончыў той тэкст фразай:
«Нашы мёртвыя цяпер могуць пакінуць нас, бо мы не абаранілі іх ад пасьмяротнае зьнявагі. I тады гэта знак непапраўнае бяды. Бо так, бяз памяці, без аховы продкаў загінем, сыдзем у нябыт з карты Эўропы, і толькі кампартыйныя пацукі будуць лётаць ненажэрнымі зграямі па чарнобыльскіх абшарах таго, што некалі звалася Беларусяй».
Калі б гэтыя людзі не галасавалі за кампартыю, гэта азначала б, што яны б і ніколі не дапусьцілі да ўлады Лукашэнкі. У гэтай даце сам Лукашэнка.
Пра тое, адкуль у 1990‑я зьявіліся свабодныя людзі, калі яны гадаваліся ў СССР
Было Радыё Свабода, па-расейску, па-беларуску. Быў «Голас Амэрыкі», было BBC. Існаваў самвыдат. Мы ведалі пра Салжаніцына, пра Васіля Быкава, цкаваньне беларускіх пісьменьнікаў. І як улада толькі адпусьціла, пачала «галоснасьць», то ўсё запоўнілася як вадою. Я ўпэўнены, што гэта паўторыцца. Гэта натуральны непазьбежны працэс. Усё, што павышае ўзровень свабоды, дае табе сілу, дазваляе расьці, як дрэвам і траве.
Пра тое, калі займацца журналістыкай было складаней
Мне проста адказаць, калі было лягчэй за ўсё і прыемней. Гэта быў канец 80‑х, пачатак 90‑х. Гэта быў пэрыяд «галоснасьці». Журналісты былі героямі дня, гэта былі галоўныя людзі. Я ў той час быў сакратаром Дзяржаўнага камітэту па дзяржаўных прэміях, сакратаром сэкцыі журналістыкі. Быў намесьнікам старшыні менскай гарадзкой арганізацыі журналістаў. Рэдакцыі тузіна газэт і часопісаў вылучылі мяне сваім кандыдатам у Вярхоўны Савет. Я здымаў дакумэнтальныя фільмы, пра Курапаты, пра путч.
Другі пэрыяд — гэта праца ў Афганістане (дырэктарам афганскай службы). Афганістан спрабаваў пачаць новую будучыню, 2005–2006 год. Тады абралі прэзыдэнта, парлямэнт. Я гэта раней бачыў у Беларусі. Усе людзі хацелі ведаць і пачуць навіны. Гэта падпітка журналістаў, гэта самы шчасьлівы час для іх. Нас слухала 75% насельніцтва. Гэта сусьветны рэкорд амэрыканскага замежнага вяшчаньня ўсіх часоў і народаў.
Трэці пэрыяд — пандэмія і 2020 год. Гэта час вялікага зруху і зрушэньня ўсяго грамадзтва. Гэта залаты час для гэтага пакаленьня журналістаў.
Журналістыка можа існаваць у свабоднай краіне або ў аўтарытарнай. У таталітарнай краіне яе існаваць ня можа. Там ёсьць толькі халуйства. Але халуйства — гэта не прафэсія. Гэтая публіка, якая сёньня ў Беларусі ў тым, што яны называюць газэтамі ці тэлеканаламі, — гэта прыслуга, якая падае. Яны нават ня кухары.
Пра тое, ці паўплывала праца Радыё Свабода на пратэсты ў 2020 годзе, як сьцьвярджае прапаганда
У некаторыя размовы ня варта ўступаць, і гэта адна зь іх. Пра што можна гаварыць зь людзьмі, у якіх зьвязаныя ззаду рукі, якім укалолі ўкол? Папрокі ў тым, што нечыя словы на штосьці ўплываюць, ідуць, бадай, з часоў Хрыста. Фарысэі сабраліся і казалі: вось ён, маўляў, гаварыў, давайце мы яго за гэта ўкрыжуем. На адным са стрымаў з Ланцуга салідарнасьці ў Менску адзін хлопец сказаў, што ён глядзеў гэты стрым дома і яму стала сорамна, што ён ляжыць на канапе, таму ён прыйшоў. Але гэта ня Радыё Свабода яго прывяло. Радыё Свабода дало яму інфармацыю, прадставіла выбар. У гэтым і палягала роля незалежнай журналістыкі.
Пра тое, ці заб’е інтэрнэт журналістыку і заменіць яе на блогераў
Зараз з журналістыкай нешта адбываецца, але я не вазьму на сябе сьмеласьць сказаць, куды яно ўсё зойдзе. Гэта прафэсія, як і прафэсія лекара. Цяпер сапраўды ўзьнікла шмат блогераў, відэаблогераў, тык-токераў, якія робяць інтэрвію, расказваюць тое, што адбылося. Але калі на іх глядзець з пункту гледжаньня прафэсіі, то гэта як прыйсьці з вуліцы ў шпіталь, надзець халат. Але праблема ў тым, што яны не дактары, і калі яны пачнуць цябе лячыць, то наступствы будуць хай і не такія, як ад псэўдалекара, але прыблізна такія ж. Я тут не кажу пра выключэньні, бо ёсьць сапраўды таленавітыя людзі, якія здольныя вучыцца. Інтэрнэт стварыў ілюзію, што людзі могуць разабрацца, дзе факты, а дзе інтэрпрэтацыя. Калі ў чалавека апэндыцыт, то нікому ў галаву не прыходзіць рэзаць сабе жывот, хаця, здавалася б, такая лёгкая апэрацыя. А рабіць апэрацыі на сваёй галаве многія робяць кожную сэкунду. Гэта ілюзія.