• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    RSF: замарозка замежнай дапамогі Трампам кідае журналістыку ва ўсім свеце ў хаос

    Міжнародная няўрадавая арганізацыя «Рэпарцёры без межаў» (RSF) асудзіла рашэнне ЗША аб прыпыненні замежнай дапамогі праз агенцтва USAID і іншыя ўстановы. У выніку гэтых дзеянняў пацярпелі незалежныя журналісты і СМІ ва ўсім свеце. RSF заклікае дзяржаўных і прыватных спонсараў падтрымаць пацярпеўшыя медыі.

    заява RSF пра замарозку фінансвання незалежных СМІ прэзідэнтам Трампам

    «Рэпарцёры без межаў» у заяве на сайце арганізацыі адзначаюць, што ў выніку рашэння прэзідэнта ЗША Дональда Трампа адбылася замарозка мільярдаў долараў па ўсім свеце на праекты дапамогі, у тым ліку больш за 268 мільёнаў долараў, выдзеленыя Кангрэсам на падтрымку незалежных СМІ і свабоднага патоку інфармацыі. Няўрадавыя арганізацыі, СМІ і журналісты, якія выконваюць жыццёва важную працу, апынуліся ў сітуацыі нявызначанасці.

    Асуджаючы гэтае рашэнне, RSF звяртаецца з заклікам да міжнародных дзяржаўных і прыватных спонсараў узяць на сябе абавязацельствы па забеспячэнні далейшага існавання незалежных СМІ.

    Амаль адразу пасля таго, як замарожванне ўступіла ў сілу, журналісцкія арганізацыі па ўсім свеце, якія атрымліваюць амерыканскую дапамогу, пачалі звяртацца да RSF. Пацярпелі як буйныя міжнародныя НДА, якія падтрымліваюць незалежныя СМІ, такія як «Міжнародны фонд падтрымкі СМІ, якія прадстаўляюць грамадскую цікавасць» (IFPIM), так і невялікія СМІ, якія працуюць ва ўмовах рэпрэсіўных рэжымаў.

    «Замарозка амерыканскага фінансавання прыводзіць да хаосу ва ўсім свеце, у тым ліку і ў журналістыцы, — кажа выканаўчы дырэктар RSF ЗША Клейтан Веймерс. Праграмы, якія былі замарожаныя, аказваюць жыццёва важную падтрымку праектам, накіраваным на ўмацаванне СМІ, транспарэнтнасці і дэмакратыі. Прэзідэнт Трамп абгрунтаваў свой указ, бездаказна абвінаваціўшы так званую «індустрыю знешняй дапамогі» ў супярэчнасці амерыканскім інтарэсам. Трагічная іронія заключаецца ў тым, што гэтая мера створыць вакуум, які можа сыграць на руку прапагандыстам і аўтарытарным дзяржавам».

    Паводле RSF, праграмы USAID падтрымлівалі незалежныя СМІ ў больш чым 30 краінах. Але ацаніць увесь памер шкоды, нанесенай медыям, цяжка. Многія арганізацыі не вырашаюцца прыцягваць увагу, баючыся рызыкаваць доўгатэрміновым фінансаваннем або падвергнуцца палітычным нападкам.

    Згодна з інфармацыйным бюлетэнем USAID, у 2023 годзе агенцтва фінансавала навучанне і падтрымку 6200 журналістаў, аказвала дапамогу 707 недзяржаўным інфармацыйным выданням і падтрымлівала 279 арганізацый грамадзянскай супольнасці медыясектара, якія займаюцца ўмацаваннем незалежных СМІ.

    Бюджэт замежнай дапамогі на 2025 год уключаў 268 376 000 долараў, выдзеленыя Кангрэсам на падтрымку «незалежных СМІ і свабоднага патоку інфармацыі».

    Зараз СМІ і арганізацыі ва ўсім свеце былі вымушаныя спыніць частку сваёй дзейнасці.

    «У нас запланаваныя артыкулы да канца студзеня, але пасля гэтага, калі мы не знойдзем рашэнняў, мы не зможам больш публікавацца», — тлумачыць журналіст аднаго з беларускіх эміграцыйных СМІ, які пажадаў застацца ананімным.

    У Камеруне замарожванне фінансавання вымусіла грамадскае СМІ Dat­a­Cameroon, якое базуецца ў Дуале, прыпыніць некалькі праектаў, у тым ліку адзін, прысвечаны бяспецы журналістаў, і другі — асвятленню маючых адбыцца прэзідэнцкіх выбараў.

    Іранскае СМІ ў выгнанні, якоезахацела застацца ананімным, было вымушана прыпыніць працу сваёй каманды на тры месяцы і скараціць заробкі да мінімуму, спрабуючы проста выжыць.

    Ва Украіне, дзе дзевяць з дзесяці СМІ залежаць ад замежнага фінансавання, у якім USAID з’яўляецца галоўным донарам, некалькі выданняў ужо абвясцілі аб прыпыненні сваёй дзейнасці і шукаюць альтэрнатыўныя рашэнні.

    Раптоўна прыпыніўшы амерыканскую дапамогу, Злучаныя Штаты зрабілі ўразлівымі многія СМІ і журналістаў, наносячы значны ўдар па свабодзе прэсы, адзначаюць «Рэпарцёры без межаў». Для ўсіх СМІ, апытаных RSF, прыярытэтам з’яўляецца аднаўленне і тэрміновы пошук альтэрнатыўнага фінансавання.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці