БАЖ намінаваў арганізацыю «Рэпарцёры без межаў» на прэмію ЮНЭСКА
Міжнародная прэмія ЮНЭСКА названая імем забітага калумбійскага журналіста і прысуджаецца за ўклад у свабоду прэсы.

МІжнародная прэмія імя Гільерма Кана ўручаецца 3 траўня — у Сусветны дзень свабоды прэсы
Сёлета Беларуская асацыяцыя журналістаў вылучыла на атрыманне прэміі ЮНЭСКА імя Гільерма Кана свайго даўняга партнёра — арганізацыю «Рэпарцёры без межаў».
— «Рэпарцёры без межаў» многія гады, нават дзесяцігоддзі, падтрымліваюць беларускіх журналістаў і журналістак, прыходзяць ім на дапамогу ў самыя цяжкія часы — як непасрэдна праграмамі падтрымкі, так і ў пытаннях журналісцкіх стандартаў, абароны нашых правоў. БАЖ. як былы лаўрэат гэтай прэміі, мае гонар гонар намінаваць нашых партнёраў на гэтую прэстыжную прэмію, — адзначыў намеснік старшыні БАЖ Барыс Гарэцкі.
У 2022 годзе Міжнародную прэмію ЮНЭСКА імя Гільерма Кана за ўклад у свабоду прэсы ўручылі Беларускай асацыяцыі журналістаў. БАЖ на прэстыжную прэмію намінавала Літва. Рашэнне вылучыць Беларускую асацыяцыю журналістаў на прэмію ЮНЭСКА падтрымалі 46 дзяржаў, у тым ліку 27 краін-сябраў Еўрасаюза.
Міжнародная прэмія ЮНЭСКА імя Гільерма Кана за ўклад у справу свабоды прэсы заснаваная ў 1997 годзе. Яна ўручаецца штогод «асобнаму журналісту, арганізацыі ці ўстанове, якія ўнеслі значны ўклад ў справу абароны свабоды прэсы ці яе садзейнічанню ва ўсім свеце, калі такая дзейнасць звязаная з рызыкамі або рэпрэсіямі». Афіцыйная цырымонія ўзнагароджання штогод праходзіць 3 траўня і прымеркаваная да Сусветнага дня свабоды друку.
Сусветная прэмія за свабоду друку ЮНЭСКА заснавана ў гонар калумбійскага журналіста Гільерма Кана, забітага ў 1986 годзе за крытыку наркакартэляў.
