• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Саша Раманава: я так і не зразумела, ці ёсць у ірландскай рэдакцыі галоўны рэдактар

    У жніўні 2023 года журналістка і медыямэнэджэрка Саша Раманава з сям’ёй апынулася ў Ірландыі. А праз паўтара года беларуска ўсур’ёз задумалася пра тое, каб асесці ў гэтай краіне. Як там жывецца пасля Беларусі? Чым ірландскія медыі адрозніваюцца ад беларускіх? БАЖ пагутарыў з Сашай Раманавай пра галоўнае.

    Саша Раманава. Фота: з асабістага архіва

    Гэты тэкст з’явіўся, дзякуючы дапамозе нашых чытачоў. Падтрымайце БАЖ!

    Ірландыя, якая можа замяніць радзіму

    — Ірландыя — не самая папулярная сярод беларусаў краіна для эміграцыі. Чаму з Літвы вы накіраваліся менавіта туды?

    — Доўгі час я жыла на два дамы: у Літве і Ірландыі, бо ў апошняй працуе мой муж. Але вельмі нязручна, калі частка сям’і жыве ў адным месцы, другая — у іншым.  Таму, напэўна, буду асядаць тут. Ужо зараз мы з сям’ёй большую частку часу праводзім у Галуэі — партовым горадзе на заходнім узбярэжжы Ірландыі.

    Канешне, гэта зусім іншая планета. Уявіце культурны шок: у Галуэі гарадскі паб існуе 800 гадоў! І называецца «Галава караля» — ірландцы троляць брытанскага Карла Першага, якому тую галаву адсеклі. З Беларуссю параўноваць абсалютна немагчыма. Але «стары свет» выглядае кантрастам нават з іншымі краінамі, якія параўнальна нядаўна ўвайшлі ў Еўрасаюз.

    Пры гэтым Ірландыя стала ўстойлівай краінай з высокім ВУП і крутой эканомікай толькі ў 90-ыя гады. Літаральна за 20 гадоў жабрацкая правінцыя ператварылася ў высокаразвітую дзяржаву з павагай да правоў чалавека, з таварыскімі адносінамі да кожнага.

    — Як краіна можа настолькі трансфармавацца за такі кароткі час?

    — Зразумела, тут, відаць, ніколі не было дыктатуры (за выключэннем ціску каталіцкай царквы). Калі ў цябе ўзнікаюць праблемы, нават побытавыя, ты проста пішаш мясцовым дэпутатам. Мала таго, яны прыходзяць дахаты да цябе і даюць лістоўкі з кантактамі патрэбных людзей.

    Саша Раманава. Фота: з асабістага архіва

    Натуральна, мяне шакіруе такое стаўленне да людзей. З‑за гэтага я і завяла свой канал на YouTube, дзе расказваю, як працуе сістэма.

    Адзін з ролікаў пра дэмакратыю запісала пасля страйку супрацоўнікаў дзіцячага садка. Я адаслала 30 лістоў с апісаннем гэтай сітуацыі мясцовым чыноўнікам і папрасіла павялічыць выплаты выхавацелям, бо сітуацыю ж трэба неяк вырашаць. Напісала — і забыла, бо прызвычаілася ў Беларусі, што ніхто ніколі не адказвае А дзяржаўныя асобы як пачалі мне адказваць… Тады я толькі тыдзень знаходзілася ў Ірландыі, была па сутнасці на птушыных правах.

    «Місія — даносіць да ірландцаў пазіцыю ўкраінцаў, якія жывуць побач, здаецца мне дастойнай»

    — А ваш ірландскі відэадзённік — проста рэакцыя на іншую рэчаіснасць, на новае жыццё і адчуванні?

    — Мне яшчэ важна і прафесійна расказваць, як у Ірландыі усё працуе, бо эмоцый і ўражанняў многа. Таму я вырашыла сістэматызаваць свае назіранні ў такі фармат.

    Таксама вялікі выклік — застацца ў прафесіі ў англамоўнай краіне. Так я ў студзені 2025 года прыйшла ў выданне The jour­nal, каб паспрабаваць сабе ў ролі ірландскай журналісткі. У лютым мяне зноў выклікалі, бо вельмі вялікі паток інфармацыі вакол перамоў Пуціна і Трампа па вайне ва Украіне.

    Саша Раманава ў Галуэі. Фота: з асабістага архіва

    — Як вы трапілі ў замежную рэдакцыю?

    — The jour­nal — выданне вельмі адкрытае, з лёгкім левым ухілам. Ім трошкі сорамна, што ў іх штаце працуюць адныя белыя ірландцы. Таму яны з задавальненнем бяруць на практыку журналістаў з Пакістана, Самалі, Афганістана. Ну і я з малазнаёмай ім Беларусі таксама трапіла (смяецца).

    Калі калегі мяне пазвалі на прэс-канферэнцыю з іхнімі палітыкамі, я нават паціснула руку прэм’ер-міністру Ірландыі і распавяла яму пра чатыры дзясяткі журналістаў за кратамі ў Беларусі. Ён сказаў, што гэта дрэнна, гэта вельмі шмат. 

    На працоўным месцы. Фота: з асабістага архіва

    Падчас практыкі мне параілі: выбяры сабе катэгорыю жыхароў Ірландыі, з якой зможаш працаваць. Памятаеце ўсе спрэчкі пра «правінцыяльную» журналістыку, пра тое, што беларусам цікавае толькі беларускае? Дык усім цікавыя толькі яны самыя — гэта абсалютна натуральнае чалавечае жаданне. Ірландцы не выключэнне: калі ірландзец сірыйскага паходжання захрас у Сірыі, дык толькі пра яго ўсе і пішуць некалькі тыдняў, асвятляючы падзенне рэжыму Башара Асада.

    Зразумела, я надрукавала некалькі артыкулаў пра Беларусь: і пра палітвязняў нагадваю, дый увогуле беларускую тэматыку кранаю пры любой магчымасці. Проста ў Ірландыі не надта шмат беларусаў — не параўнаць ні з Літвой, ні з Польшчай. Затое ўкраінцаў тут 111 тысяч чалавек. Таму я скарысталася парадай калег і выбрала сабе катэгорыю тутэйшага насельніцтва, з якой я магу працаваць.

    Украінскія ўцекачы тут часта і англійскай мовы не ведаюць, па сутнасці, я адзіны чалавек, з якімі яны камунікуюць пра свае праблемы і болі: я па-беларуску, яны па-ўкраінску. Гэтая місія — даносіць да ірландцаў пазіцыю ўкраінцаў, якія жывуць з імі побач, здаецца мне дастойнай.

    — Як у рэдакцыі ўспрынялі вашае жаданне расказаць пра Беларусь?

    — Ірландцы неверагодна прыязныя людзі: трапляючы сюды, ты разумееш, што такога ўзроўню эмпатыі ты не бачыла ніколі і нідзе. Калі я пісала першы артыкул пра тое, як журналісты ў беларускай дыктатуры шукалі сябе, пачынаючы з сярэдзіны 90-ых, адрэагавалі ўсе суседзі. Здавалася, выданне The jour­nal чытаюць усе! Мне пісалі бацькі дзяцей, з якімі ў адзін садок ходзіць мой сын. Яны проста не ведалі, што ў Беларусі журналіста можна пасадзіць ні за што.

    Саша Раманава ў Галуэі. Фота: з асабістага архіва

    І ў рэдакцыі кожны прачытаў той артыкул, кожны падышоў і падзякаваў. І гэта шчырыя пачуцці: ірландцы глыбока суперажываюць чужым праблемам.

    «У Ірландыі The journal зрабіў рэвалюцыю, а ў Беларусі да 2020 года такіх выданняў была сотня»

    — Як вы бачыце працу рэдакцыі знутры? Ці ёсць падабенствы паміж тым, як працуюць беларускія і ірландскія медыі?

    — Магу сказаць, што ўсё працуе аднолькава (смяецца). Пасадзілі мяне ў адмінку і кажуць: выстаўляй тэкст. А я сяджу і разумею, што я ўсё жыццё гэта рабіла. Што ведаем мы, беларускія журналісты, тое ведаюць і ірландцы. Толькі мова адрозніваецца. А гэта значыць, што наш досвед досыць рэлевантны.

    Трэба разумець, што The jour­nal — анлайн-выданне. Яно існуе на рынку 14 гадоў. Як ні дзіўна, у Ірландыі дагэтуль выходзяць друкаваныя СМІ, выдаўцы хоць і скардзяцца на падзенне накладаў і продажаў, але стойкі з газетамі паўсюль, а людзі з задавальннем купляюць папяровую прэсу, нават маладыя. У Беларусі да 2020 года анлайн-выданняў была сотня, а то і больш, а ў Ірландыі The jour­nal фактычна зрабіў рэвалюцыю.

    Канешне, сайты маюць пераважна буйныя выданні: The Irish Times, Irish Inde­pen­dent, Irish Exam­in­er — але адначасова яны выходзяць і ў папяровым варыянце. А якія-небудзь раёнкі (у Галуэі, прынамсі, ёсць такіх парачка) маюць сайты, з якіх хочацца проста смяяцца — тры з паловай навіны ў дзень. Затое цалкам запоўненыя рэкламнымі банерамі.

    The jour­nal папулярнае выданне ў Ірландыі, бадай, больш падобнае на беларускі TUT.BY: яно выдае ўсю навіновую павестку, пачынаючы з 6.30 і да 23.00, а часам да 2 гадзінаў ночы. У рэдакцыі арганізаванае пазменнае дзяжурства, фактычна круглыя суткі, у яе сем выпускаючых рэдактароў. А вось галоўнага рэдактара там няма, прынамсі, я дагэтуль так і не зразумела, ці пазіцыяніруе сябе як галоўную рэдактарку аблічча выдання Шынеід О’Кэрал.

    У Галуэі. На плячы — шопер са знакамітай выявай мінскай вазы і бел-чырвона-белым сцягам. Фота: з асабістага архіва

    — Вы ўжо абжыліся ў рэдакцыі, працуеце ў штаце?

    — Я пакуль на ганарарнай аснове працую: за два месяцы да стаўкі яшчэ не даехала. Але, спадзяюся, што рана ці позна ў мяне нарэшце атрымаецца ў Ірландыі пабыць нармальным журналістам. Бо ў Беларусі я ў асноўным займалася медыямэнэджмэнтам і зарабляла грошы, каб мае праекты не ляснуліся. А тут можна папрацаваць нагамі, кантактаваць з людзьмі, пісаць тэксты нарэшце.

    Я цяпер адчуваю сябе нашай Ірай Міхно, якая можа шэсць інтэрв’ю зрабіць за суткі. Я гэтым і займаюся, і мне гэта вельмі падабаецца.

    «Ці хопіць беларусам чатырох СМІ?»

    — А што ж стане з беларускімі медыямі, на каго вы іх пакінулі: і KYKY, і The Vil­lage, і «Інфапойнт»? Гэта ўжо пройдзены этап, ці вы падтрымліваеце сувязь з гэтымі выданнямі?

    — З «Інфапойнтам» усё зразумела: мы не з’яўляліся ўладальнікамі каналаў. Як наёмная кампанія мы выканалі сваю задачу падчас электаральнага цыкла, а далейшы лёс вызначаюць яго ўладальнікі.

    Што да KYKY і The Vil­lage, то мы маем Patre­on. Накопленых грошай ад чытачоў, якія мы год не чапалі, нам хопіць пражыць тры месяцы — якраз трампаўскі перыяд. А там, спадзяюся, дапамога ў нейкім выглядзе ўсё ж вернецца. У нашых інтарэсах захаваць праекты: каманда невялікая, а робіць вельмі крутыя рэчы. І будзем трымацца, колькі зможам. А пакуль дзякуем патронам, што яны ўжо нам дапамаглі.

    Я ўжо вельмі даўно не кірую павесткай гэтых выданняў. Каманда працуе самастойна, а я адным вокам прыглядваю і перыядычна праводжу планёркі з імі. Я не з’яўляюся галоўной рэдактаркай ужо даўно, з 2017 года, але застаюся дырэктаркай.

    — Ці могуць незалежныя беларускія СМІ выжыць без замежнай дапамогі?

    — Я лічу, што гэта абсалютна немагчыма. Чытацкая мадэль данатаў часткова працуе, але імі немагчыма закрыць усе патрэбы выдання. Або каманда павінна складацца з двух чалавек, аднак у такім выпадку гэта ўжо малюсенькі блогерскі праект, а не СМІ.

    Адзіная мадэль існавання выдання (лепшую не прыдумаў ніхто) — гэта рэклама. А чыю рэкламу і каму ты будзеш прадаваць? Рэкламу беларускіх брэндаў, якія пасадзяць на наступны дзень? Або каму патрэбная беларуская рэклама ў Польшчы або ў Літве? Наступае рассінхрон. Альбо трэба пераарыентавацца на беларусаў, якія жывуць у Польшчы, як тое зрабіў MOST media.

    Але калі пісаць для беларусаў, якія не маюць магчымасці атрымаць праўдзівыя навіны з‑за прапаганды, то шанс забяспечыць сябе цалкам нулявы.

    Я не бачу сэнсу ў такіх размовах. Магчыма, мы ўсе памром, застанецца толькі «Зеркало», якое донары не кінуць, «Белсат», які фінансуецца Польшчай, магчыма, «Еўрарадыё» і «Наша Ніва». Ці хопіць беларусам чатырох СМІ?

    Я запускала праекты з нуля, ведаю, колькі намаганняў, часу і сродкаў патрабуе стварэнне аўдыторыі хаця б на 10 тысяч чалавек. А тут жывыя выданні, з гатовай аўдыторыяй, часам — суперлаяльнай, якая гатовая даваць грошы, — і так ўсё на карню забіць? Гэта няправільна: на аднаўленне пойдуць гады і спатрэбяцца шалёныя рэсурсы.

    Саша Раманава пачала кар’еру журналісткі ў 2005 годзе, і праз два гады стала шэф-рэдактаркай мужчынскага часопіса «Даберман». У 2013 годзе ўзначаліла рэдакцыю анлайн-часопіса KYKY.org пра жыццё ў Мінску, стаўшы адной з заснавальніц брэнда, а потым у 2017 годзе і дырэктаркай кампаніі, якая выпускала два медыя праекты KYKY і The Vil­lage Belarus. У 2016 годзе напісала і выпусціла кнігу «Марцаў» пра лёс аднаго з самых выбітных медыяменеджэраў Беларусі Пятра Марцава. Да вымушанай эміграцыі 2020 года займалася медыябізнесам у Беларусі, потым працягнула ў Польшчы, Літве і Ірландыі. Унесена сілавымі органамі Беларусі ў спіс экстрэмістаў.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці