Дзясяткі воркшопаў, дыскусій і фільмаў — беларусы прынялі ўдзел у фестывалі еўрапейскай журналістыкі ў Заграбе
У заключныя дні фестывалю еўрапейскай журналістыкі VOICES Аксана Бровач, Кацярына Васілёнак і Барыс Гарэцкі дзяліліся з еўрапейскімі калегамі досведам і выклікамі беларускіх медыя.

Беларуская спікерка Аксана Бровач на фестывалі VOICES у Заграбе. Сакавік 2025 года. Фота: БАЖ
Гэты тэкст з’явіўся, дзякуючы дапамозе нашых чытачоў. Падтрымайце БАЖ!
Штогадовы фестываль еўрапейскай журналістыкі VOICES завяршыўся ў нядзелю ў Харватыі. Па запрашэнні прэзідэнткі Еўрапейскай федэрацыі журналістаў Маі Север, удзел у ім узяла і беларуская дэлегацыя.
Сам фестываль штогод праходзіць у розных гарадах Еўропы і збірае медыйшчыкаў, навукоўцаў, палітыкаў, еўрапейскіх чыноўнікаў і праваабаронцаў для абмеркавання важных праблем медыя. У прыватнасці, у сёлетняй праграме воркшопаў і дыскусій шмат увагі было надзелена фінансавай падтрымцы медыя, абароне журналістаў, барацьбе з дэзінфармацыяй і SLAPP (адмысловы тып нядобрасумленна заяўленых пазоваў аб дыфамацыі — абароне гонару, годнасці, рэпутацыі).
— Для БАЖ вельмі важна, каб праблемы беларускіх журналістаў не заставаліся толькі нашымі праблемамі. Сёння мы — частка еўрапейскай журналісцкай супольнасці, нас успрымаюць і запрашаюць цалкам на роўні з калегамі з іншых краінаў, — гаворыць намеснік старшыні БАЖ Барыс Гарэцкі.

Намеснік старшыні БАЖ Барыс Гарэцкі з першай сакратаркай Нацыянальнага саюза журналістаў Украіны Лінай Кушч і іншымі ўдзельніцамі фестывалю VOICES у Заграбе. Сакавік 2025 года. Фота: БАЖ
Ён упэўнены, што вельмі важна, каб беларусы карысталіся ўсімі такімі магчымасцямі і запрашэннямі, каб максімальна шырока расказваць пра Беларусь, поспехі і праблемы незалежнага медыясектара, а таксама абавязкова як мага часцей нагадваць еўрапейцам пра нашых калег за кратамі.
— Я вельмі рады, што нягледзячы на складанае фінансавае становішча, мы прыехалі ў Заграб і галасы беларускіх журналістак і журналістаў гучаць тут. Таксама фестываль VOICES гэта пляцоўка для нефармальнай камунікацыі з партнёрамі, дзе можна сам-насам абмеркаваць нейкія выклікі і дамовіцца аб супольных дзеяннях, — падкрэсліў намеснік старшыні БАЖ.
У выходныя дні фестываль VOICES у асноўным працаваў у выглядзе дыскусійных пляцовак на двух сцэнах, дзе ўдзельнікі маглі самі выбіраць, да якой тэмы і спікера далучацца па часе.

Барыс Гарэцкі і Кацярына Васілёнак на фестывалі VOICES у Заграбе. Сакавік 2025 года. Фота: БАЖ
Так супала, што пакуль беларуская спікерка Аксана Бровач выступала на панэлі We are humans, hear our stories, дзе расказвала пра калег у турмах, Барыс Гарэцкі і Кацярына Васілёнак былі спікерамі панэлі Connecting Voices, дзе размова ішла пра працу беларускіх медыя, нягледзячы на пераслед і абмежаванні.
