Вершы на волі і вершы за кратамі розняцца не толькі і не столькі месцам іх стварэння. Часта ў турме яны становяцца адзіным спосабам кантакту з дзецьмі, незаменным болесуцішальным лекам, містычнай повяззю з рэчаіснасцю.

Радыё Свабода пагаварыла пра ўсё гэта з былым палітзняволеным журналістам Андрэем Кузнечыкам.
Пра сшытак з рыфмамі і кропку ў вершаваньні
— Перш чым гаварыць пра вашу паэзію за кратамі і з‑за кратаў, хочацца спытацца: а да зьняволеньня ці пісалі вы вершы?
— Сшытак з рыфмамі я завёў у 13 гадоў. Нешта зь яго нават друкавалася ў «Піянеры Беларусі» ды «Першацьвеце», адкуль трапіла ў тэматычныя зборнікі 90‑х (мова, Чарнобыль). Выдавецтвы ўкладалі іх, падазраю, хутчэй паводле прынцыпу адпаведнасьці фармату, чым літаратурнай выбітнасьці. Філфакаўская навука, гасьціны ў Доме літаратара навучылі самакрытычнасьці, а кропку ў рыфмаваньні паставіў Беларускі калегіюм. Пазьней, калі рыфмы прыходзілі самі, я іх запісваў і нават закідаў у інтэрнэт. Але мэтаскіравана вершаваньнем не займаўся. Калі стаў бацькам, то лічыў, што лепш пакатаць дзіця на плячах, прачытаць казку нанач, звадзіць у заапарк ці на атракцыёны, чым напісаць яму верш.

Верш Андрэя Кузьнечыка
Пра першы верш у турме
— Ці памятаеце, калі напісаўся ваш першы турэмны верш? Якія падзеі ці абставіны да яго спрычыніліся?
— Склаў яго ўначы на бэтоннай падлозе ў карцары ізалятара на Акрэсьціна, куды траплялі «экстрэмісты» з наваўсчатымі крыміналкамі. Першыя ночы ня дужа спалася.
Напярэдадні мяне вялі з суседняга будынку для адміністрацыйных сядзельцаў і я пабачыў, як віртуозна над брамай між калючак абсыпанага сьнегам дроту бяжыць пухнаты кот. Гэтак жа спрытна ён ускочыў і ў мой кароткі першы вершык.

Верш Андрэя Кузьнечыка
— А сам верш ці захаваўся? Ці ўдалося яго адправіць на волю?
— Усе дзіцячыя вершы дайшлі на волю, бо не лічыць жа за крамолу тое, што зіма перамагае вясну. Не пашанцавала толькі вершыку на пяцігодзьдзе сына, у якім, магчыма, пабачылі хітрамудрую шыфроўку, бо там трэба было палічыць хвасты і насы сабак на паштоўцы.
Пра містыку і заклён паэзіі
— Колькі вершаў агулам складае ваша турэмная лірыка? Ці ўся яна трапіла на волю?
— Каля сарака. У памяці я вывез усяго два вершы. Пра першы я ўжо згадаў, а другі — маленькая восеньская імпрэсія, якая склалася літаральна за дзень да пераходу ад стабільнай нязьменнасьці ў калёніі да стабільнай непрадказальнасьці ў «Амэрыканцы». Містыка неспадзяванага паэтычнага спляценьня вобразаў і падзей, што пачаліся назаўтра, настолькі мяне ўразіла, што я вырашыў успрымаць гэтыя радкі як заклён і не выпрабоўваць ягонай сілы лішні раз, тым больш у пісьмовым выглядзе.
Ворыва хмараў скародзяць
птушкі-з-калючкі-на-дроце.
Сьнег добра родзіць
узбоч выраёвых шляхоў
акурат.
За саду летняга слодыч
змрок акавіты падсочыць
зь сьненьняў узьнёслых
у лёсамі ўрослых
па крылы
ў свой сад.

Андрэй Кузьнечык зь сям’ёй
Пра адзіную магчымасьць кантакту зь дзецьмі
— Вы пісалі вершаваныя пасланьні сваім дзецям. Тон і стылістыка іх лёгкія, часта нават вясёлыя. Як удавалася настройвацца на падобны лад? Успаміны, уяўленьні, мроі — што дапамагала пісаць бесклапотныя строфы ў такіх жорсткіх умовах?
— Вершы для мяне былі адзінай магчымасьцю кантакту зь дзецьмі. Магчымасьцю зьвязаць слова «тата» з пазытыўнымі эмоцыямі, зь цікавай самапрыдуманай казкай, са сьмешнай гісторыяй, з радасьцю, забаўкай і цеплынёй. Галоўным крытэрам пасьпяховасьці была ўсьмешка дзіцяці. І я дужа цешыўся, калі даведваўся, што разьлік апраўдаўся. А калі адзін сюжэт дачка скарыстала ў школьным сачыненьні, я быў проста на сёмым небе. Таму стымул у мяне быў надзвычайны і без дадатковай настройкі на пэўны лад.

Верш Андрэя Кузьнечыка
Пра шчасьце чуць песьні на свае вершы
— Пакуль вы былі за кратамі, на многія вашы дзіцячыя вершы Тацяна Грыневіч напісала музыку. Ці паслухалі ўжо? Ці ўлавіла спадарыня Тацяна настрой тых вашых вершаў?
— Даведаўшыся ў лягеры пра тое, што Тацяна Грыневіч-Матафонава зрабіла мае вершы песьнямі, я быў шчасьлівы завочна, нават ня меўшы магчымасьці іх пачуць. Бо ведаў яе творчасьць і не сумняваўся, што вынік варты захапленьня.

Верш Андрэя Кузьнечыка
Пра зьмяншэньне роспачы і болю
— «Змрокам незгасальнага сьвятла, / Аддаленьнем адчуваньня волі, / Абяцаньнем раньня без патолі / На Вялікдзень сьнілася турма». Гэтыя радкі ўспрымаюцца балючым дысанансам да вашых вершаў для дзяцей. Яны выгукнуліся, напэўна, у хвіліны безнадзейнасьці, горкага адчаю. Ці шмат такіх твораў нарадзілася за кратамі? Які іхны лёс?
— Да Вялікадня 2022 году я сьніў сюжэты, узятыя з волі. І першы змрочны турэмны сон, сугучны са змрочнай рэальнасьцю, нібыта адрэзаў важную нітачку да мінулага. Адчуваньне было, што нават ноч, нават надзея табе здрадзілі і цяпер турма будзе з табой 24/7. Узрушанасьць была такая, што я прачнуўся ўжо з гатовымі радкамі. «Калючых», як я называў іх у лістах, вершаў няшмат: «Незакончанае трываньне» з «Валадаркі» ды «Бачыў сына» і «Канфэці» з калёніі.

Андрэй Кузьнечык з жонкай Алесяй Рак
Цікава, што верш «Трываньне» задумваўся як аптымістычны, але з часам мной самім стаў успрымацца ўсё змрачней і змрачней. Разам з тым змрочныя вершы забіралі частку болю. Верш па спатканьні з сынам абсарбаваў столькі роспачы, што ня ведаю, як бы я сам даў ёй рады.
Пра будучыя кнігі і новыя вершы
— Некаторыя былыя зьняволеныя, якія таксама пісалі вершы ў турме, ужо выдалі іх асобнымі кнігамі. Калі чакаць вашы кнігі твораў, народжаных за кратамі?
— Мае вершы ўжо выканалі вельмі важную для мяне місію: ня страціць нітачку сувязі зь дзецьмі. Таму ў мяне і амбіцый новых няма, і з плянамі я пакуль не сьпяшаюся. Для кнігі ж мала аўтара. Трэба людзі, якія хочуць яе прачытаць. Прычым у дастатковай колькасьці, каб знайшліся людзі, якія захочуць яе аформіць і выдаць. А найперш не абысьціся без суровага рэдактара, хай ён і пакіне ад кнігі адну кропку. Ці ёсьць гэта ўсё, я яшчэ не зразумеў. Калі так — то будзе яшчэ адзін цуд.
— Ну а пакуль кнігі яшчэ ў плянах, просім колькі вашых вершаў для дзяцей і дарослых.

Верш Андрэя Кузьнечыка
* * *
Як сустрэла мама тату?
Хоць абставінаў багата,
У мяне адказ гатовы:
Абсалютна выпадкова!
Як знайшла ў вірах сусьвету
Сонца нашая плянэта,
Ды яшчэ і так удала,
Што жыцьцём закрасавала?
Сэнс гіпотэз навуковых:
Абсалютна выпадкова!
Як сустрэла пчолка сад?
А рачулка — вадаспад?
Бліскавіца — гром магутны?
Выпадкова абсалютна!
Стрэне мУзыка музЫку,
Хваля — рыф,
А вершык — рыфму.
З выпадковасьцяў саткана
Ўсё, што нам наканавана.
Кім? Спрыяльнікам-анёлам.
Абсалютна выпадковым!
* * *
У дупле старога дуба
Савяняты чысьцяць дзюбы
Пастай з тоўчанай карой
Гнутай шчоткаю дзюбной —
Соня, Зося, Ася, Ясь,
Саўка, Слаўка, Санька, Стась.
На занятках маляваньня
І фігурнага лятаньня,
Як заўжды, адны дзясяткі
Атрымалі савяняткі
Соня, Зося, Ася, Ясь,
Саўка, Слаўка, Санька, Стась.
Не было б у мёдзе дзёгцю,
Каб ня сьпеўнае нудоцьце.
Аж асіп настаўнік-шпак —
Нот ня вывучаць ніяк
Соня, Зося, Ася, Ясь,
Саўка, Слаўка, Санька, Стась.
А цяпер задачкі ўмова:
З пункту А імчацца совы,
Бо чакае ў пункце Б
Іх матуля на абед.
Што (пытаньне на засыпку)
Па абедзе робяць сытным
Соня, Зося, Ася, Ясь,
Саўка, Слаўка, Санька, Стась?
Сьпяць! Бо і ў маленькіх соў
Ноч для спраў, а не для сноў.
Ноччу — хованкі ў гальлі,
Трукі на трухлявым пні,
Гонкі ў цемрадзі між хвой,
Зь лёту пырсканьне вадой.
А яшчэ — здабыча ежы
Ў гіпэрмаркеце «Драпежнік»
І заліўка кліпу ў блог.
Праўда, там такі падвох —
Колькі кадры ні гартаць,
Анічога не відаць!
Могуць зрокам адмысловым
Ролік бачыць толькі совы!
Празь лясы, палі, балоты
Ў ім ляцяць шукаць прыгоды
Соня, Зося, Ася, Ясь,
Саўка, Слаўка, Санька, Стась.
* * *
Падчапі газэту ў скрынцы кіпцюрком —
І пачуесься прыўдалым рыбаком!
Папяроваю луской зацяруш увесь пакой
І злаві фіранкай рыбу-дзіракол!
Кажаш «шкоднік», ды я маю апраўданьне —
Навучыўся так, дурэючы, чытаньню.
Як пагладзіш, пра надвор‘е,
Спорт, здарэньні і здароўе
Раскажу я ў перакладзе на мурчаньне.
Шок і прыкрасьць! Прачытаў пра задыяк.
Мне дастаўся самы лускаваты знак!
Сухапутны, гарадзкі коцік я, а не марскі!
Мо ёсьць рыба-кот, але ж я кот-рыбак!
Мой настрой пратух, як бочка зь селядцамі.
Хоць астролягаў прагноз шматабяцальны,
Ды пакуль каціным знакам не дапоўняць задыяка,
Хай чытаюць гараскопы свае самі!
* * *
Аканіцы заміраточылі пад напорам прыліву раньня.
Кожнай кропляй грыміць праточанай
Незакончанае трываньне.
Дол калодзежны рэзкім росчыркам
Перакрэсьліць шпакоў вяртаньне —
Крыку калівам, пстрыкам пошчаку —
Незакончанае трываньне.
Дражніць мур уяўленьнем далечы,
Цень-пацук шэры хвост хавае,
З коскі новае пачынаючы
Незакончанае трываньне.
* * *
Хоць да неба мур — за сэрца не вышэй.
За гадамі дом — а душы ўсё бліжэй.
Хоць на сьвята мне з гасьцінцам не прыйсьці,
Не бяды — я зачарую канфэці.
Зь пілавіньня і любові канфэці,
Узьвіхурся і да родных паляці,
Тры жаданьні ўрэчаісьні, тузін мрой,
Затулі ад ліха роспачнай парой;
Блісьні іскрамі нязломнасьці ў вачах,
Каб разьвеяўся задушлівы адчай;
Стань на лёсцы лёсу зьнічкаю, каб той
З мора змроку шчасьце выцягнуў вудой.
І ў расе, сьняжынках, квецені, лісьці —
Блізіні маёй часьцінкі-канфэці.
(Толькі свой заклён разьвеяць не магу
Ў пазачасьсі на чароўным тартаку).
* * *
У засьнежанай сталіцы,
У старэнькай камяніцы
Пахне сырам і ігліцай
На кацінай вечарынцы.
Кот Мароз — пухнаты хвост
Падарункаў мех прынёс.
Не марудзь жа, пакажы,
Што ў пакуначках ляжыць!
Шакалядныя ляшчы,
Карамэльныя хрушчы
І з зэфіру мышкі
(Сплюшчыліся крышку)!
А Сьнямурка ўсім на сьпіцах
Навязала лапкавіцаў,
Для адлігаў жа ў дадатак —
Пару параў кіпцюрчатак.
Паспытаць мы не пасьпелі
Зь белых бурбалак кактэйлі
І марозівы зь вяршкамі
Ўсе не перакаштавалі,
Бо пяклі на Новы год
З малаком птушыным торт.
У арэшках і разынках,
У какосавых сьняжынках,
Аж да столі!
Смачны самы!
Сэнсацыйны
Цьвік праграмы!