BYSOL эвакуіраваў журналістку Ксенію Луцкіну
Раніцай 4‑га сакавіка сузаснавальнік фонду BYSOL Андрэй Стрыжак паведаміў, што Ксенія Луцкіна пакінула Беларусь і зараз знаходіцца ў бяспечным месцы.

Андрэй Стрыжак і Ксенія Луцкіна. 4 сакавіка 2025 года. Фота: Андрэй Стрыжак
Ксенія Луцкіна — былая журналістка і карэспандэнтка Белтэлерадыёкампаніі, дзе працавала да жніўня 2020 года. На БТ яна 15 гадоў здымала выключна дакумэнтальныя фільмы і гістарычныя рэпартажы — яна гісторык паводле адукацыі. З вядомых праектаў спадарыні Ксеніі — Terra incognita («Невядомая Беларусь») і «1418 дзён. Гісторыя перамогі» пра Другую сусветную вайну.
У жніўні 2020 года журналістка далучылася да страйку супрацоўнікаў Белтэлерадыёкампаніі. Пасля звальнення ўвайшла ў асноўны склад Каардынацыйнай рады. Была затрымана разам з фігурантамі справы «Прэс-клубу», якія амаль усе выйшлі на волю да суда.

Ксенія Луцкіна. Фота: прыватны архіў
Ксенію абвінавацілі ў змове ці іншых дзеяннях, учыненых з мэтай захопу дзяржаўнай улады і асудзілі да васьмі гадоў калоніі. Яе выпусцілі на волю да сканчэння тэрміну пакарання ў жніўні 2024 года праз некалькі дзен пасля анансаванага Лукашэнкам вызвалення часткі палітвязняў, якія маюць сур’ёзныя праблемы са здароўем.
У зняволенні ў Ксеніі Луцкіной абвастрыліся праблемы са здароўем — яна была вымушана практычна ўвесь час прымаць абязбольвальныя сродкі, жынчыну перыядычна вызвалялі ад працы праз кепскае самаадчуванне. Журналітка хворая на анкалогію: у яе знайшлі дзве пухліны ў галаве, адну з іх выдалілі ў 2012 годзе.
BYSOL запусціў збор для экс-палітзняволенай журналісткі Ксеніі Луцкіной на лячэнне і адаптацыю.
