• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Уладзімір Хільмановіч выдаў беларускі каляндарны даведнік, над якім працаваў 30 гадоў

    Выйшаў з друку «Беларускі каляндарны энцыклапэдычны даведнік», які падрыхтаваў журналіст, гісторык і краязнаўца з Гродна Уладзімір Хільмановіч.

    Уладзімір Хільмановіч выдаў беларускі каляндарны даведнік

    Кнігу надрукавалі ў Беластоку, куды аўтар мусіў выехаць пасьля падзей 2020 году. Выданьне выйшла пры падтрымцы «Стыпэндыі Адраджэньня» і тыднёвіка беларусаў у Польшчы «Ніва».

    «Можна сказаць, што гэта справа ўсяго майго жыцьця. 30 гадоў працаваў над гэтым даведнікам, за гэты час не было дня, каб нечага ня ўносіў новага: праўкі, удакладненьні, новыя імёны і падзеі дадаю бясконца. Апошнія зьвесткі зьявіліся літаральна перад друкам», — расказаў Уладзімер Хільмановіч на прэзэнтацыі, якая прайшла 2 сакавіка ў Вільні ў Цэнтры беларускай супольнасьці і культуры.

    Гэта другое выданьне календара, першае выйшла ў 2008 годзе. У новай кнізе значна больш падзеяў і імёнаў, сабраны багатыя і цікавыя зьвесткі пра беларусаў, вартых памяці.

    «На кожны дзень году — старонка тэксту», — адзначыў аўтар.

    У тым ліку ў календары цяпер ёсьць зьвесткі пра памерлых беларускіх палітвязьняў і беларускіх ваяроў, якія загінулі ва Ўкраіне.

    «У імянным паказьніку, які суправаджае каляндар, каля 1800 прозьвішчаў — гэта ўдвая больш, чым у першым выданьні», — паведаміў краязнаўца пра сваю кнігу.

    «Гэта мае цагліны ў той дом, які яшчэ намі не дабудаваны, — дом нацыянальнай памяці. На гэтай будоўлі наперадзе ў нас яшчэ шмат працы», — сказаў Хільмановіч.

    Паводле аўтара, ён рабіў сваю кнігу так, каб яна зацікавіла ня толькі краязнаўцаў і гісторыкаў, але была карыснай і цікавай таксама звычайнаму чытачу, для якога ня менш важна ведаць і не забываць «гістарычныя пазнакі».

    Уладзімір Хільмановіч выдаў беларускі каляндарны даведнік

    Аўтар «Беларускага каляндарнага энцыкляпэдычнага даведніка» плянуе пазьней зьмясьціць сваю кнігу ў інтэрнэце. Пакуль жа яе можна атрымаць падчас прэзэнтацый, заплянаваных у Польшчы і іншых краінах, дзе жывуць беларусы.

    Хільмановіч сказаў, што цяпер засяродзіцца на падрыхтоўцы да выданьня краязнаўчага даведніка «Месцы і людзі», прысьвечанага 17 раёнам Горадзенскай вобласьці. Матэрыялы да гэтага выданьня гісторык зьбіраў шмат гадоў, у тым ліку падчас сваіх навуковых экспэдыцый і прыватных паездак па Горадзеншчыне. Працу над выданьнем гісторыку давялося часова прыпыніць праз ад’езд з радзімы, але ён плянуе яе абавязкова закончыць.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці