У Мінску пачынаюць судзіць журналістку Паліну Піткевіч
7 сакавіка ў 10.30 суддзя Мінскага гарадского суда Святлана Чарапанава прыступае да разгляду справы супраць журналісткі Паліны Піткевіч. Дзяўчыну вінавацяць ва ўдзеле ў «экстрэмісцкім фармаванні» (ч. 3 арт. 361–1 Крымінальнага кодэкса).

Паліна Піткевіч. Фота: сацыяльныя сеткі
Паводле санкцый гэтага артыкула ёй пагражае да 6 гадоў пазбаўлення волі.
Журналістцы прад’яўляюць супрацу з анлайн-выданнем MediaIQ, у чым сутнасць абвінавачання — дагэтуль невядома. Паліна Піткевіч была затрыманая ў Мінску 6 чэрвеня 2024 года. Да суда яе ўтрымліваюць пад вартай у следчым ізалятары.
13 чэрвеня 2024 года Міністэрства інфармацыі на падставе судовага рашэння ўнесла ў пералік «экстрэмісцкіх матэрыялаў» сайт і сацсеткі праекта Media IQ. 18 чэрвеня 2024 года КДБ Беларусі сваім рашэннем абвесціў анлайн-выданне Media IQ «экстрэмісцкім фармаваннем», і Паліна Піткевіч была названая сілавікамі ўдзельніцай гэтага медыяпраекта.
Сайт MediaIQ — праект беларускага «Прэс-клуба». Выданне ставіць за мэту падвышэнне медыяпісьменнасці і прасоўванне культуры «ўсвядомленага стаўлення да інфармацыі ў медыя».
Хто такая Паліна Піткевіч?
Паліна Піткевіч нарадзілася ў 1994 годзе. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ (2016). Як журналістка пісала на культурніцкія тэмы.
Таксама Паліна вядомая як валанцёрка па дапамозе бяздомным жывёлам. На яе старонках у сацсетках можна знайсці мноства адпаведных аб’яў. Па словах знаёмых, у Паліны ў самой дома жыў не адзін выратаваны кот.
