У The New York Times з’явіліся ілюстрацыі мінскага мастака
З запытам праілюстраваць эсэ свайго аўтара да мінскага мастака, ілюстратара Дзмітрыя Кашталяна звярнуўся The New York Times.

Дзмітрый Кашталян. Фота: facebook/MiaArtGallery
Партфоліа мінскага мастака, ілюстратара Дзмітрыя Кашталяна ўчора папоўнілася на яшчэ адну важную адзнаку: яго праца з’явілася на старонках The New York Times. Толькі летась Reform.news пісаў пра досвед супрацоўніцтва творцы з еўрапейскім брэндам СROPP — серыя ілюстрацый дызайнера была размешчана на калекцыі адзення, гэтым разам з запытам праілюстраваць эсэ свайго аўтара да Дзмітрыя Кашталяна звярнуўся The New York Times.
Праілюстраваць беларускага мастака папрасілі эсэ прафесара Simmons University Рэнэ Бергланда (Renée Bergland). Тэкст пад назвай «Што нам расказвае дадо праз 300 гадоў пасля яе знікнення» («What the Dodo Tells Us, 300 Years After Its Extinction») (у эсэ таксама ёсць і другая назва «Як жыць лешп, звяртаючыся да досведу дадо») — Reform.news) выйшаў у The New York Times 9 сакавіка.

Ілюстрацыя Дзмітрыя Кашталяна да эсэ Рэнэ Бергланда ў The New York Times. Крыніца: The New York Times
«Гэты артыкул даследуе, як з цягам часу змянялася наша ўяўленне пра дадо і выміранне, — прадставіў тэкст, да якога рабіў ілюстрацыю, Дзмітрый Кашталян. — Аўтар сцвярджае, што да нядаўняга часу людзі з усіх сіл спрабавалі зразумець канцэпцыю вымірання.
Але калі мы зразумелі, што людзі вінаватыя ў знікненні дадо і многіх іншых відаў, нашы погляды на выміранне змяніліся. Некаторыя разглядаюць гэта як жахлівы, непазбежны лёс чалавецтва. Іншыя бачаць у гэтым доказ нашай выключнасці, нашай здольнасці карэнным чынам фармаваць свет.
А некаторыя нават разглядаюць выміранне як прыроднае шчасце, сілу, якая расчышчае шлях для з’яўлення і росквіту новых відаў», — падзяліўся мастак.
«Стварэнне ілюстрацыі, якая візуальна адлюстроўвае такую складаную тэму, было адначасова праблемай і прывілеем, — дадае ён. — Рэдакцыйная ілюстрацыя адыгрывае вырашальную ролю ў апавяданні, дапамагаючы перавесці складаныя ідэі ў пераканаўчыя вобразы».
Для гэтага эсэ Дзмітрый Кашталян зрабіў некалькі эскізаў, — распавёў ён выданню Chrysalis Mag.
«Камандзе выдання спадабаўся адзін з іх, і мы разам давялі яго да розуму. Яны прапанавалі вельмі дакладныя і выйгрышныя змены, што палепшыла агульны канцэпт і захавала мне прастору як аўтару. За гэта я вельмі люблю працаваць з заходнімі выданнямі і іх арт-дырэктарамі», — зазначыў творца.
Хто такі Дзмітрый Кашталян?
Дзмітрый Кашталян — ілюстратар, жывапісец, стрыт-мастак. Яго стыль спалучае ў сабе дэталёвую графіку, пуантылізм і штрыплінг. Валодаючы больш чым 20-гадовым вопытам малявання, ён пачаў свой шлях з класічных графіці, якія ператварыліся ў мастацкае самавыяўленне, заснаванае на адказнасці і глыбокай веры ў значнасць і рэфлексіўнасць творчай працы.
У даробку творцы — супрацоўніцтва з такімі брэндамі як Lavazza, Harper’s Magazine, AFAR Media, Entertainment Weekly. Удзельнікі шматлікіх выстаў па ўсёй Еўропе. Сольная выстава Дзмітрыя Кашталяна «Рэха беспарадкаў» адбылася ў галерэі HotAsFoc у Барселоне, Іспанія ў 2023 годзе. Зараз беларускі творца жыве ў Варшаве.
