Асуджанага да 5 гадоў праваабаронцу зноў пераследуюць
Следчы камітэт Беларусі ўзбудзіў чарговую крымінальную справу супраць былога палітвязня, праваабаронцы Леаніда Судаленкі.

Леанід Судаленка. Фота: з асабістага архіва
Гэта ўжо трэцяя справа супраць вядомага абаронцы правоў чалавека. У лістападзе 2021 года яго пазбавілі на 3 гады свабоды. Пасля вызвалення ў 2023 годзе, былы палітвязень эміграваў у Літву, аднак рэпрэсіі супраць яго не спыніліся.
У 2024 годзе праваабаронцу завочна прысудзілі яшчэ да 5 гадоў строгага рэжыму ў калоніі для рэцыдывістаў.
Цяпер супраць Судаленкі ўзбудзілі новую крымінальную справу па тым жа «экстрэмістскім» 361–4 артыкуле Крымінальнага кодэкса. Што хаваецца за абвінавачваннем у «іншай дапамозе экстрэмісцкай дзейнасці» — беларускі рэжым не паведамляе.
Вядома, што 26 сакавіка 2025 года па месцы рэгістрацыі Леаніда Судаленкі прыйшлі некалькі сілавікоў, уключаючы пракурора, каб у прысутнасці панятых скласці акт аб яго адсутнасці дома.
Падчас апытання панятых, следчы Гомельскага раённага аддзела СК па прозвішчы Сямянцоў назваў артыкул, па якому пераследваюць з’ехаўшага ў 2023 годзе з краіны праваабаронцу.
Леанід Судаленка лічыць, што ягоны пераслед — гэта прыклад таго, як рэжым спрабуе замоўкнуць тых, хто адстойвае свабоду і справядлівасць:
«Я буду працягваць працу на міжнароднай арэне і звяртацца да ўсяго свету ў змаганні з рэжымам, які парушае правы і свабоды беларусаў. Да тэрміна ў 5 гадоў мне хочуць дадаць яшчэ 7, а потым так і да 30 магчымых у Беларусі год пазбаўлення волі, але гэтым мяне ўжо не спыніць, бо мае перакананні ў праўдзе», — падкрэсліў праваабаронца.
