Telegram заблакаваў расійскі інсайдарскі канал з мільёнам падпісчыкаў па патрабаванні расійскіх уладаў
Папулярны канал «ВЧК-ОГПУ», які меў больш за мільён падпісчыкаў і спецыялізаваўся на публікацыі інфармацыі аб дзейнасці расійскіх сілавых структур, быў заблакаваны сёння ноччу без тлумачэння прычын.

Выява зроблена БАЖ пры дапамозе ChatGPT
У ліпені 2024 года Міністэрства юстыцыі Расіі ўнесла «ВЧК-ОГПУ» ў рэестр замежных агентаў, абвінаваціўшы канал у распаўсюджванні недакладнай інфармацыі аб рашэннях расійскіх уладаў і фарміраванні негатыўнага вобраза Узброеных сіл Расіі. У снежні таго ж года Таганскі раённы суд Масквы аштрафаваў Telegram на 4 мільёны рублёў за невыкананне патрабаванняў аб выдаленні канала.
Рэдакцыя «ВЧК-ОГПУ» адзначае, што іншыя каналы, згаданыя ў пастанове суда, таксама былі заблакаваныя, а іх спасылкі апынуліся ў руках асоб, звязаных з расійскімі ўладамі, што сведчыць аб каардынацыі дзеянняў.
«Выглядае, Telegram вырашыў выканаць патрабаванне расійскіх уладаў (Генпракуратуры і Раскамнагляду) і выдаліць «ВЧК-ОГПУ» за публікацыю «інфармацыі, накіраванай на дэстабілізацыю грамадска-палітычнага становішча ў Расійскай Федэрацыі, якая дыскрэдытуе дзеянні органаў дзяржаўнай улады Расійскай Федэрацыі і Узброеных Сіл Расійскай Федэрацыі». Адбылося гэта неўзабаве пасля таго, як уладальнік тэлеграм Павел Дураў пакінуў Францыю і апынуўся ў ААЭ. Ці звязаныя гэтыя падзеі — будзе зразумела зусім хутка», — напісалі аўтары канала.
Рэдакцыя канала паведаміла, што з 2024 года ў Еўрасаюзе вядзецца расследаванне спробаў замаху на заснавальніка канала, якія, паводле іх дадзеных, былі арганізаваны адной з расійскіх спецслужбаў. У жніўні 2024 года заснавальнік канала быў шпіталізаваны з вострым атручваннем невядомага паходжання і правёў у бальніцы два месяцы.
