World Press Photo адмяніў запрашэнне фатографу ТАСС на цырымонію ў Амстэрдаме
Арганізатары World Press Photo адклікалі запрашэнне фатографу ТАСС Міхаілу Цярэшчанку на цырымонію ўзнагароджання пераможцаў — з‑за «узрослай напружанасці» у Еўропе. Пра гэта паведамляецца на сайце конкурса.

Фота Міхаіла Цярэшчанкі / www.worldpressphoto.org
«У сувязі з узрослай напружанасцю на еўрапейскім кантыненце, на гэтым этапе мы больш не можам садзейнічаць госцю з расійскай арганізацыі, якая кантралюецца дзяржавай. У выніку Міхаіл Цярэшчанка больш не запрашаецца на праграму ўзнагароджання пераможцаў і цырымонію ўзнагароджання ў Амстэрдаме», — гаворыцца ў заяве арганізатараў.
Пры гэтым узнагароду ў Цярэшчанкі, які стаў адным з трох пераможцаў у намінацыі «Серыя здымкаў» у еўрапейскім рэгіёне, не адклікаюць.
Цярэшчанке прысудзілі ўзнагароду World Press Photo за рэпартаж з Тбілісі з пратэстаў супраць прыпынення еўраінтэграцыі і парушэнняў на парламенцкіх выбарах. На сайце ТАСС гаворыцца, што фатограф уваходзіць у склад крамлёўскага пула. Пасля аб’яўлення вынікаў конкурсу ён даў агенцтву інтэрв’ю, у якім сказаў, што ў 2022 годзе ўжо адпраўляў на World Press Photo здымкі акупаванага і разбуранага расійскай арміяй Марыўпаля.
Супраць узнагароджання фатографа ТАСС выступілі фатографы і грамадскія дзеячы з Украіны і Грузіі. Яны нагадалі, што ТАСС падкантрольны дзяржаве і паставілі пад сумненне аб’ектыўнасць такіх удзельнікаў у міжнародных конкурсах.
Беларуска, якая апавядае пра народ нгаі тухаэ. Гутарка з пераможцай World Press Photo Таццянай Чыпсанавай
У больш ранняй заяве арганізатары World Press Photo падкрэслілі, што конкурсныя работы ацэньваюцца журы ананімізаванымі: на першым этапе адбору суддзі не ведаюць пра аўтараў наогул нічога, на пазнейшых раскрываецца толькі абмежаваная інфармацыя, такая як нацыянальнасць і гендэрная прыналежнасць фатографа.
Пры гэтым аўтары заявы паабяцалі «палепшыць правілы і працэдуры для працы з заяўкамі ад фатографаў, якія працуюць у дзяржаўных агенцтвах».
Таксама ў звароце журы і арганізатары World Press Photo выбачыліся за аб’яднанне ў пару двух работ нямецкіх фатографаў, якія адлюстроўваюць падзеі вайны Расіі супраць Украіны. Гэтая пара фатаграфій выклікала рэзкую крытыку ва ўкраінскім грамадстве. Арганізатары конкурсу прызналі, што «існуе відавочная розніца паміж дзіцем, якое пакутуе ад наступстваў вайны, і пакутамі салдата ад захопнікаў, якія прычыняюць гэтыя пакуты».
