Святлана Ніла: «Шмат людзей сышло з прафесіі. Яны проста ратавалі сябе»
Беларускія медыйшчыкі знаходзяцца ў асаблівай групе рызыкі: з 2020 года іхняя псіхіка аказалася пад моцным ударам. Выгнанне з краіны, легалізацыя, пошук жытла, працы, сямейныя праблемы — спіс можна працягваць бясконца. Вось і журналістка Святлана Ніла больш за паўгода змагалася са сваімі псіхалагічнымі праблемамі. Асабістым досведам выхаду з псіхалагічнага крызісу яна падзялілася з чытачамі БАЖ.

Святлана Ніла. Фота: з асабістага архіва
«Думалі, схаваемся ў абарончы панцыр»
— Я пераехала ў Польшчу ўжо даўно — з першай праграмай Каліноўскага. Цяперашнія праблемы пачаліся з 2020 года.
Я працую кіраўнічкай аддзела SMM на «Белсаце». Калі наш сайт заблакавалі ў Беларусі, то менавіта сацсеткі падхапілі стварэнне навінаў для інфармацыйнай стужкі. З таго часу стала займаемся іх напісаннем, а гэта азначае, што праз нашыя рукі праходзіць уся страшная інфармацыя: фоты, відэа, гісторыі.
Мне здавалася, што я ўжо выпрацавала абарончы панцыр. Мы з калегамі ратаваліся ад навалы жудаснага кантэнту чорным гумарам і любымі даступнымі сродкамі. Але такая тактыка дае толькі часовы поспех. Праз нейкі час і гумар ужо не ратуе, і самая моцная браня дае расколіну.
Аказалася, што трэба ўключаць клопат пра самога сябе. Але я гляджу, што мала ў каго гэта атрымліваецца: калі і пашанцуе, то толькі пасля таго, як цябе пераехала катком, калі ты збіраеш сябе кавалачках. Толькі тады прыходзіць усведамленне, што трэба было пра ўсё, што мне вядома цяпер, падумаць раней.
Аднак раней не даходзілі рукі, я — журналіст, як гэта я не прачытаю гісторыю пра тое, як беларускі рэжым расправіўся з чалавекам ці з сям’ёй, я ж не магу адвярнуцца і не чытаць. Але, на жаль, рэсурсы нашай псіхікі не бясконцыя…
Я спраўдзіла на сабе, што ў выніку аказалася гатовая на ўсё: і на антыдэпрэсанты, і на лякарню — толькі выключыце мяне ад знешняга свету.
«Штораніцы — панічныя атакі, па начах — ратуешся ад Лукашэнкі»
— Ці складана было прымусіць сябе ісці да дактароў?
— Рашэнне далося страшна цяжка. Па-першае, я адмаўлялася ад таблетак да апошняга, бо баялася залежнасці. Бачыла па калегах, якія пачалі лячэнне раней, што не ўсім яно дапамагло, што не ўсе лекары змаглі падабраць патрэбныя таблеткі. А яны, між іншым, даюць вельмі непрыемныя пабочныя эфекты. Часам выходзіла так, што чалавек атрымліваў дадатковыя праблемы, а вось эфекту ад лекаў было малавата.

Святлана Ніла. Фота: з асабістага архіва
У адзін момант я пачала задыхацца ад ранішніх панічных атак. У момант прасыпання чалавек знаходзіцца паміж сном і яваю, і ў гэты момант пачынаеш задыхацца: калоціцца сэрца, ты задыхаешся, здаецца, што ты ўжо паміраеш. Усё гэта цягнецца хвілін 20–30, каб прыступ самастойна сышоў на нішто, каб ты пачала сябе адчуваць у межах нормы. І так штодня.
Часам панічныя атакі ты ловіш і па начох. Начамі ты нармальна не спіш, але штогадзіну прачынаешся. А калі ты засынаеш, то сніцца, што ты то ад Лукашэнкі ўцякаеш, то ты ратуеш якіхсьці гуманоідаў. Хранічны стрэс, памножаны на вычарпанасць, — гэта проста забойчая камбінацыя.
Калі я дайшла да таго, што пачала крычаць на дзецей без дай прычыны, губляць кантроль над эмоцыямі, тут я ўжо зразумела, што трэба ратавацца.
«Найчасцей у журналістаў магчымасці нармалёва адпачыць няма»
— Колькі часу заняло вашае лячэнне — паўгода?
— Больш, агулам атрымалася прыкладна дзевяць месяцаў. Пачала з адных таблетак, яны не дапамаглі, і праз тры месяцы ўжо мяняла на іншыя.

Святлана Ніла. Фота: з асабістага архіва
— Вы выходзілі з псіхалагічнага крызісу толькі пры дапамозе лекаў ці ўжывалі і немедыкаментозныя сродкі?
— Паралельна ішла псіхалагічная тэрапія, падчас якой ты тлумачыш сабе, даросламу чалавеку, што двойчы два чатыры. «Света, не трэба табе глядзець кіно, падобнае на тваю сітуацыю, бо яно трыгерыць. Калі на пачатку напісана, што людзям са слабымі нервамі рэкамендавана не чытаць, і ты маеш магчымасць не чытаць, то табе лепш не чытаць». Але гэта добра тады, калі ты не на працы і калі можаш выбіраць.
Трэба адключыцца ад працы, некуды выехаць, не чытаць навіны, не адкрываць тэлефон. Але ў беларускіх медыях сітуацыя такая, што найчасцей магчымасці нармалёва адпачыць і няма. Шмат людзей сышлі з прафесіі, замены ім няма ці проста не хапае бюджэту.
Таму атрымліваецца, што людзі працуюць да выгарання, а пасля сыходзяць і не вяртаюцца больш у журналістыку. Я таксама згубіла так многа каштоўных людзей. Яны ўсе перайшлі ў іншыя сферы, ужо не звязаныя ні з навінамі, ні з палітыкай. Яны проста ратавалі сябе.
Мы ўсе знаходзімся ў сітуацыі, у якой цяжкавата знайсці рэцэпт, каб падтрымаць самога сябе. Пасыпалася з усіх бакоў — і па грантах, і па бюджэтах, з іншага боку свет звар’яцеў. А пасяродку — мы, журналісты. Толькі жалезная дысцыпліна, магчымасць не чытаць, не глядзець, калі такая магчымасць ёсць — вось што можна прапанаваць медыйшчыкам. А астатнія людзі могуць дазволіць сабе кантраляваць, колькі інфармацыі яны ў стане пераварыць, і дзе мяжа, за якую пераходзіць не варта.
«Трэба ўсвядоміць, што альтэрнатывы лячэнню няма»
— Вы ўжо выходзіце з крызісу. Можа, падзеліцеся вопытам з калегамі: што рабіць, калі прыціснулі псіхалагічныя праблемы?
— Трэба ўсвядоміць, што вычарпанне адбываецца не паступова, яно адбываецца на раз-два — ты зламаўся, і ўсё. Учора ты не задыхаўся, а сёння ўжо няма чым дыхаць. Лепш сябе не даводзіць да такога стану. Бо антыдэпрэсанты — таксама не вітамінкі, яны ўздзейнічаюць і на мозг, і нервовую сістэму, і гэта разрэгулюе ўвесь арганізм. «Я сябе заб’ю, а пасля таблетачку вып’ю і буду як новы» — так гэта не працуе. Лепш сябе не даводзіць да ручкі, каб пасля не давялося аднаўляць сябе доўга, марудна, дорага.

Святлана Ніла. Фота: з асабістага архіва
Калі ў Варшаве не чакаць чаргі да дзяржаўнага псіхіятра, то трэба ісці да прыватнага. Адзін візіт каштуе ад 300 да 450 злотых (ад 245 да 370 беларускіх рублёў — рэд.). А мінімум раз на месяц трэба прыйсці да лекара і распавесці яму, як справы. Тады ён выпісвае табе антыдэпрэсанты і дадатковыя лекі. Напрыклад, я прымала яшчэ таблеткі, каб паправіць сон, каб зняць панічныя атакі. Бывала, што адзін чэк на лекі выходзіў на 200–250 злотых (160–205 беларускіх рублёў — рэд.).
Трэба памятаць пра сваіх родных, асабліва, калі табе трэба пра кагосьці клапапіцца, і зразумець, што альтэрнатывы лячэнню няма. Гэта як зубамі — з дзіркай у зубе можна хадзіць гадамі (ты трымаешся, бо ён не баліць), але аднойчы ўначы табе разносіць палову твару, і ты лезеш на сценку ад болю. І тады плаціш па поўнай — гэта і балюча, і дорага. З псіхікай тая ж самая гісторыя.
