BYSOL адкрыў збор на летнія вакацыі для дзяцей палітвязняў
На кожнае дзіця да 16 гадоў будзе выплачана па 100 еўра. Заяўкі на атрыманне дапамогі будуць прымацца да 18 траўня ўлучна.

Фота: Matheus Bertelli для pexels.com
Калі адзін з бацькоў апынаецца за кратамі, а другі вымушаны ратавацца за мяжой, пакутуюць у першую чаргу дзеці. Сёння сотні сем’яў палітвязняў жывуць у эміграцыі, сутыкаючыся з фінансавымі і побытавымі праблемамі. Іх дзеці пазбаўленыя свайго дому, сувязяў і часцяком самага неабходнага.
Гэта збор перад летнімі вакацыямі, ён скіраваны на тое, каб беларусы не адчувалі сябе пакінутымі. Нават невялікі ўнёсак можа змяніць чыёсці жыццё да лепшага. Будзем побач з імі, пакуль яны не дома!
На што зазвычай ідуць сабраныя сродкі?
– экскурсіі, паездкі, падарожжы, летнія дзіцячыя лагеры;
– Адукацыйныя гурткі па шахматах, маляванні і інш.;
– Спартовыя секцыі: басейн, тэніс, футбол;
– Рыштунак для гульняў і спорту: мячы, красоўкі, самакаты, ровары і г.д.
Хто можа падаць заяўку на атрыманне дапамогі?
– сем’і палітвязняў з дзецьмі, у якіх адзін з бацькоў (ці абое) знаходзяцца ў зняволенні не менш за тры месяцы (у тым ліку, на «хіміі» з накіраваннем, або без);
– былыя палітвязні з дзецьмі;
– бацькi, якія адбываюць «хатнюю хімію» – пры гэтым маюць інваліднасць, або пенсіянеры, альбо выхоўваюць дзяцей да трох гадоў.
Заяўкі прымаюцца ад бацькоў, якія знаходзяцца як у Беларусі, так і за яе межамі.
Каб атрымаць дапамогу, трэба запоўніцьформу. Калі вы перажываеце за вашу бяспеку, то запаўняйце яе, не дасылаючы дакументы. Мы з вамі звяжамся і ўдакладнім неабходную інфармацыю ў ліставанні.
Дзіцячая акцыя арганізоўваецца праектам «Хуткая гуманітарная дапамога», у які ўваходзяць Фонды BYSOL, By_Help, «Краіна для Жыцця» і Dissidentby.
