• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Ксенія Галубовіч: Як перамагчы ў канкурэнцыі за ўвагу Захаду

    Ці цяжка беларускаму журналісту прабіцца ў сусветныя выданні? Чаму ў вялікіх замежных рэдакцыях мала беларусаў? І ці трэба разглядаць дзеянні Трампа як катастрофу для беларускіх медыяў? БАЖ пагутарыў з журналісткай Ксеніяй Галубовіч, якая апошнім часам працуе з замежнымі відэапраектамі.

    Ксенія Галубовіч. Фота: Таццяна Свірэпа

    «Замежныя СМІ шукалі супрацы з беларускімі журналістамі»

    — Як і чаму ў вас узнікла жаданне заняцца фрылансам на замежныя медыі?

    — Напэўна, гэта пачалося ў 2020 годзе. Тады большасць замежных калег пазбавілі акрэдытацыі ў Беларусі, таму яны масава пачалі звяртацца да беларусаў па дапамогу зрабіць рэпартаж, правесці здымкі. Ад пачатку я нават не ставіла перад сабой задачу ўзаемадзейнічаць з замежнымі СМІ, хутчэй, наадварот — яны шукалі супрацы з беларускімі журналістамі.

    У нейкі момант я зразумела, што заставацца ў Беларусі больш не атрымаецца, таму перабралася ў Польшчу. Апошнім часам я займаюся кіно — гэта трохі іншая рэальнасць, чым праца ў рэдакцыях. Але некалькі гадоў я супрацоўнічала з французскім тэлеканалам ARTE, вяла свой уласны праект пасля 2020 года.

    Я валодаю англійскай мовай, але гэты канал збольшага транслюецца на французскай і нямецкай мовах, таму мае блогі дублявалі. Я магла расказваць нават па-беларуску і па-руску. Рэпартажы і навіны на ARTE маюць іншую спецыфіку, не валодаючы французскай або нямецкай, вельмі цяжка cупрацоўнічаць. Тым не менш мы з калегамі з Германіі і Францыі запісалі некалькі рэпартажаў з Украіны і Польшчы.

    Напэўна, можна было і надалей працягваць супрацоўніцтва з французамі, але ў нейкі момант я і сама перастала прапаноўваць ідэі. Часу на ўсё не хапае. Стамілася і сфакусавалася на сваіх кінапраектах. І ўсё ж я стараюся час ад часу нешта рабіць у журналістыцы. 

    «Мару ўслед за The Kyiv Independent пабачыць наш Belarus Independent»

    Ксенія Галубовіч. Фота: Сяргей Балай

    — Ці цяжка сёння прасоўваць беларускі парадак дня ў замежных медыя? Пра што сведчыць ваш асабісты досвед?

    — Мне здаецца, галоўная праблема ўзаемаадносін беларускіх журналістаў з замежнымі СМІ палягае ў тым, што ва ўсіх класных міжнародных выданнях (амерыканскіх, еўрапейскіх) ёсць расійскія журналісты, якія выехалі са сваёй краіны. Неабавязкова пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ў 2022 годзе. Многія рэлакаваліся вельмі даўно. Яны, як правіла, вельмі добра валодаюць замежнымі мовамі.

    Напэўна, таму мы цяпер часцей бачым на старонках заходніх выданняў якога-небудзь Яшына, а не Ціханоўскую, матэрыялы пра «харошых рускіх» эмігрантаў — рускія ўмеюць забіваць інфармацыйную прастору самімі сабой.

    Упэўнена, калі ў штаце рэдакцыі ёсць рускія, ім прасцей прасоўваць свой парадак дня, сваё бачанне, сваё «не все так однозначно». Таму вельмі важна, каб беларускія і ўкраінскія журналісты імкнуліся трапляць у вялікія рэдакцыі — ці ў штат, ці ў якасці пастаянных фрылансераў, наладжваць трывалыя кантакты з заходнімі калегамі, дзяліцца інфармацыяй. 

    — То бок у гэтай канкурэнтнай барацьбе беларускія і ўкраінскія журналісты прайграюць рускім?

    — Я думаю, на жаль, так. Украінскія медыя, канешне, выраслі ў гэтым плане: як мінімум, яны маюць паспяховы праект The Kyiv Inde­pen­dent, Kyiv Post — англамоўныя, вельмі якасныя СМІ з вельмі прафесійнымі журналістамі.

    Дарэчы, у The Kyiv Inde­pen­dent працуе беларуская журналістка (вялікі дзякуй ім!), яна робіць калонку пра Беларусь на англійскай мове. Там працуе амерыканская журналістка, якая вельмі цікавіцца беларускай тэмай.

    Пакуль у нас з такімі праектамі нашмат горш, і зразумела чаму. Я ведаю, напрыклад, што амерыканскія замежныя СМІ карыстаюцца ўкраінскімі англамоўнымі рэсурсамі, каб сачыць за сітуацыяй ва Украіне. Я мару ўбачыць наш Belarus Inde­pen­dent.

    З украінскімі калегамі трэба супрацоўнічаць, у іх ёсць чаму павучыцца. Нават пад час вайны яны робяць неверагодна якасныя рэчы ў журналістыцы, бо гэта літаральна пытанне жыцця і смерці. Для нас гэта пытанне існавання незалежнай Беларусі.

    «Многія пастаянныя карэспандэнты па асвятленні ўсходнееўрапейскага рэгіёна пераехалі з Масквы ў Кіеў»

    Ксенія Галубовіч. Фота: з асабістай старонкі ў Face­book

    — Значыць, беларусам трэба ствараць свае англамоўныя медыярэсурсы, каб наблізіцца да Захаду?

    — Трэба зніжаць ужыванне рускай і павялічваць выкарыстанне англійскай мовы, я заўсёды так лічыла. Гэта вельмі важна. Я разумею логіку нашых журналістаў: калі донары хочуць бачыць KPI, то без рускай мовы гэта цяжка зрабіць. Мы патрапляем у замкнутае кола. Раз большасць беларускіх журналістаў цяпер ужо жыве ў Еўропе, то варта размаўляць з еўрапейцамі і амерыканцамі на англійскай мове.

    — А як пераламаць тэндэнцыі, якія зыходзяць ад донараў? І ці магчыма гэта?

    — Мяркую, беларусы павінны стаць больш актыўнымі і даказваць, чаму ацэнка эфектыўнасці медыяў, прыдатная для Расіі, не працуе з Беларуссю: давайце параўнаем колькасць насельніцтва, паглядзім на беларускую аўдыторыю. Зыходзячы з гэтага, ацэньваць працу беларускіх медыяў варта было б па-іншаму.

    Я разумею, беларускія журналісты вельмі стомленыя. Але ўсё ж нам трэба быць больш актыўнымі, каб змяніць сітуацыю, трэба прыкладаць намаганні.

    Украіне лягчэй супрацоўнічаць з замежнымі медыямі, бо яны могуць працаваць у сваёй краіне. Раней амаль усе вялікія рэдакцыі і ТБ-каналы мелі офісы ў Маскве. Пасля поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну частка маскоўскіх офісаў замежных выданняў і многія пастаянныя карэспандэнты па асвятленні ўсходнееўрапейскага рэгіёна пераехалі ў Кіеў, напрыклад, Wash­ing­ton Post. Вось і адказ на пытанне, чаму замежныя выданні заўсёды бачылі нас вачыма метраполіі. На жаль, і цяпер гэта тэндэнцыя захоўваецца.

    Штуршок Трампа можна ацэньваць як катастрофу, а можна — як новыя магчымасці

    Ксенія Галубовіч. Фота: з асабістай старонкі ў Face­book

    — Якія перавагі мае фрыланс на замежныя СМІ?

    — Напэўна, трэба гаварыць пра розныя катэгорыі журналістаў, якія працуюць з тэкстамі, відэа або фота — кожнае мае сваю спецыфіку. Журналісты-расследавальнікі мусяць мець даволі трывалыя кантакты з замежнымі калегамі, бо часта розныя рэдакцыі робяць сумесныя расследаванні — так хутчэй і эфектыўней.

    На відэа прасцей зарабіць грошы, чым на тэкстах. Эпоха, калі ты мог рабіць вялікі якасны матэрыял і атрымаць добры ганарар, прайшла ва ўсім свеце. У цэлым уся журналістыка цяпер перажывае цяжкія часы, таму і становіцца ўсё менш вялікіх і класных матэрыялаў. Журналісты проста не могуць дазволіць сабе пісаць адзін матэрыял доўгі час, бо ім столькі не заплацяць. І гэта вялікая праблема — якасць журналістыкі пагаршаецца, яна ўсё часцей зводзіцца да кароткіх і неглыбокіх тэкстаў.

    — Вы асабіста пакуль не гарыце жаданнем памяняць фрыланс на штатную працу ў беларускім выданні?

    — Перыядычна з’яўляецца такое жаданне. Але я пераважна займаюся відэа, таму мне цікавей працаваць на месцы падзеяў. Мне вельмі хацелася б працаваць у беларускай рэдакцыі (мне гэта сапраўды важна, журналістыка — тая прафесія, якую выбіраюць не за грошы). Тым больш, што відэа дае магчымасць знайсці камерцыйныя падпрацоўкі, напрыклад, проста мантаж рабіць у вольны час. Але мы бачым, што сёння адбываецца з беларускімі медыямі, мяркую, ніводная рэдакцыя не мае магчымасці пасылаць сваіх карэспандэнтаў на месца падзеяў.

    Дарэчы, свае апошнія матэрыялы я проста вырашыла падарыць беларускім калегам. Хай добрае інтэрв’ю лепш выйдзе на медыярэсурсе, які мне падабаецца, чым увогуле не выйдзе. Сумна, канешне…

    — Вы песімістычна глядзіце на сітуацыю ў беларускіх медыях.

    — Наадварот, хутчэй аптымістычна. Прыход Трампа і ягоныя дзеянні на пасадзе прэзідэнта сталіся катастрофай, на маю думку. Але штуршок ад Трампа павінен стаць сігналам, што ніякі добры дзядзька з‑за акіяна нас не ўратуе, што нам трэба думаць, як перафарматавацца. Гэта акутальна не толькі для беларускіх медыяў, і не толькі для журналістыкі, але і для ўсёй Еўропы — жыць трохі па-іншаму і разлічваць толькі на сябе. Ужо некалькі калегаў прасілі мяне звязаць іх замежнымі калегамі, а гэта значыць, мы спрабуем заводзіць новыя кантакты і супрацоўнічаць з замежнымі СМІ.

    Можа, гэта і да лепшага, можа быць, нас стане лепш чуваць, калі мы пачнем больш шчыльна супрацоўнічаць з рэдакцыямі ў іншых краінах. Канкурэнцыя за фінансаванне таксама прымушае расці, здаровая канкурэнцыя заўсёды павышае якасць. А замежным медыям патрэбен якасны прадукт.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці