«Экстрэмісцкі» спіс Мінінфарма: YouTube-канал «Беларусь Новости», старонкі ў TikTok «Республика Беларусь Новости» і «Беларуская крыніца»
Міністэрства інфармацыі Беларусі 25 красавіка папоўніла «Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў». На падставе рашэнняў судоў у пералік сярод іншых унеслі шэраг інтэрнэт-рэсурсаў, што транслююць навіны Беларусі і свету.

Выява зроблена БАЖ пры дапамозе ChatGPT
Рашэннем суда Кастрычніцкага раёна Віцебска ад 22 красавіка 2025 года «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» прызнаны змест YouTube-канала «Беларусь Новости» (ідэнтыфікатар youtube.com/@belarusnovosti). Яго аўтар —журналіст Ілля Маліноўскі, канал мае 60 з паловай тысяч падпісчыкаў.
Той самы суд Кастрычніцкага раёна Віцебска 23 красавіка 2025 года пастанавіў лічыць «экстрэмісцкай» старонку ў TikTok з назвай «Республика Беларусь Новости» (ідэнтыфікатар tiktok.com/@belarusnews00). Яна мае 7176 падпісчыкаў, апошнія публікацыі тут былі зробленыя яшчэ ў 2022 годзе.
Старонку ў TikTok з назвай «Беларуская крыніца» (ідэнтыфікатар tiktok.com/@_krynica_) 21 красавіка 2025 года прызнаў «экстрэмісцкай» суд Светлагорскага раёна Гомельскай вобласці. «Усё пра Беларусь: гісторыя, культура, побыт», — так прэзентуюць рэсурс яго стваральнікі. На старонку падпісаныя 801 чалавек.
