• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    У Турцыі збіраюцца судзіць шведскага журналіста. Яму пагражае да 12 гадоў турмы

    Шведскага журналіста Якіма Медзіна абвінавачваюць у «знявазе прэзідэнта» і прыналежнасці да «тэрарыстычнай арганізацыі». Еўрапейскія журналісты сёння аб’ядноўваюць свае сілы, патрабуючы апраўдання Якіма, падаючы ясны сігнал аб тым, што журналістыку нельга душыць.

    Першае судовае паседжанне па справе Якіма Медзіна (Joakim Medin) адбудзецца 30 красавіка ў Анкары.

    Еўрапейская федэрацыя журналістаў (EFJ) называе абвінавачанні неабгрунтаванымі і наўпрост звязанымі з ягонай прафесійнай дзейнасцю, але ўжываюцца для крыміналізацыі журналісцкай дзейнасці: «Мы падтрымліваем Ёкіма і ўсіх зняволеных журналістаў у Турцыі. Журналістыка — гэта не злачынства!»

    Якім Медзін з’яўляецца пастаянным аўтарам шведскай штодзённай газеты Dagens ETC і сябрам Шведскага саюза журналістаў (SJF). Яго затрымалі 27 сакавіка 2025 года ў Стамбуле, куды журналіст прыляцеў для асвятлення масавых пратэстаў, выкліканых арыштам былога мэра горада Экрэма Імамоглу — галоўнага палітычнага праціўніка дзейнага турэцкага кіраўніка Эрдагана.

    Турэцкія ўлады абвінавацілі журналіста ў тым, што ён нібыта забяспечваў сувязь паміж прэсай і Курдскай рабочай партыяй (КРП), забароненай у Турцыі.

    Якім Медзін. Фота: Dagens ETC

    Журналіст значыцца сярод 15 падазраваных удзельнікаў акцыі прыхільнікаў КРП, якая прайшла 11 студзеня 2023 года ў Стакгольме. Яе ўдзельнікі, як паведамляецца, выставілі манекен Эрдагана і інсцэніравалі ягонае «павешанне».

    EFJ падкрэслівае, што адзіным «злачынствам» Якіма Медзіна з’яўляецца публікацыя серыі рэпартажаў з Турцыі. Якім Медзін таксама напісаў кнігу «Курдскі след». Еўрапейская федэрацыя журналістаў не мае ніякіх сумневаў, што пераслед шведскага журналіста выкліканы ягонай прафесійнай дзейнасцю.

    12 красавіка Якім Медзін здолеў адправіць з турэмнай камеры паведамленне: «Я ўсё яшчэ спадзяюся, што гэта можна будзе хутка вырашыць. Я ўсё яшчэ хачу верыць, што пяро мацнейшае за меч».

    Турэцкае кіраўніцтва абрала беларускую мадэль пераследу журналістаў, якую практыкуе рэжым Лукашэнкі. Як вядома, сёння ў беларускіх турмах знаходзяцца 40 незалежных журналістаў, асуджаных па палітычных матывах. Абвінавачанні ва ўдзеле ў «экстрэмісцкіх арганізацыях» і за «садзейнічанне экстрэміцкай дзейнасці» сталі найбольш распаўсюджанымі для крыміналізацыі журналісцкай дзейнасці ў Беларусі. Насамрэч усе гэтыя абвінавачанні — помста рэжыму Лукашэнкі за прафесійную дзейнасць журналістаў падчас масавых пратэстаў у 2020 годзе.

    У беларускіх турмах сядзяць сотні грамадзянаў, асуджаных за «паклёп на прэзідэнта» ці прадстаўнікоў беларускага рэжыма.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці