Арцём Лобач: Я не думаю, што мы ўсе тут павінны чакаць нейкага «Оскара»
Якіх магчымасцяў не хапае беларускім дзеячам кіно? Што павінна здарыцца, каб у свеце загаварылі пра нашыя стужкі? Крэатыўны прадзюсар і рэжысёр дакументальнага кіно Арцём Лобач адказаў на гэтыя пытанні БАЖ і распавёў, чаму айчынным кінематографам варта ганарыцца.

Арцём Лобач. Фота: з уласнага архіва
Беларуская тэма ў еўрапейскім кантэксце
– Што цябе зараз натхняе?
— Беларуская тэма мяне заахвочвае. Зараз выйшаў фільм «Кола Жыцця» цалкам завязаны на беларускім кам’юніці. Ён пра беларускія традыцыі. У нас была мэта зрабіць для беларусаў лікбез па беларускіх святах і традыцыях, але я ў наступных сваіх працах хачу ўзяць тэму больш шырока.
Возьмем Купалле — гэта самая кароткая ноч і самы доўгі дзень. Свята сонцастаяння ёсць ва ўсіх славянскіх і еўрапейскіх культурах і народах. Возьмем шведскі хорар-фільм «Сонцастаянне», калі глядзіш яго, то падаецца, быццам там штосьці часткова з беларускай тэмай перасякаецца, і вось такія тэмы мяне заахвочваюць.
Я заўсёды бачу беларускую культуру ў кантэксце еўрапейскай.
— А якіх магчымасцяў не хапае табе як творцу?
— Калі я жыў у Беларусі, то не хапала шмат чаго. А зараз наадварот магчымасцяў стала больш, але канкурэнцыя падвысілася. Мяне ў еўрапейскім асяродку не так добра ведаюць, як у беларускім. Я ўсё спрабую выйсці за межы беларускага кам’юінці.
Напрыклад, напрыканцы красавіка ездзіў у нямецкі Вісбадэн на фестываль goEast. Фестываль арыентаваны на стваральнікаў дакументальнага кіно. Працаваў у лабараторыі з еўрапейскімі ц’ютарамі.
Усё англамоўнае асяроддзе — гэта развіццё і выклік для мяне. Бо там ужо збіраецца не дзесяць беларусаў, а 20–30 чалавек з усяго свету. І мы з імі павінны канкураваць. А пасля прайсці пітчынг з еўрапейскімі прадзюсарамі. І той, хто пераможа, атрымае фінансаванне.
Раней такую ж лабараторыю я адкрываў на The Berlinale, аднак там збіралася менавіта беларускае кам’юінці. На абодвух мерапрыемствах я прадстаўляў праект, не звязаны з Беларуссю.
— Пра што будзе фільм?
— Кіно будзе называцца «Малая Літва». Там надзвычай цікавы рэгіён з унікальным міксам культуры. Да Другой Сусветнай вайны гэтыя землі належылі Усходняй Прусіі. Таму ў гарадах спрэс нямецкія будынкі. Пазней пазнаёміўся з тутэйшымі. Там жывуць літоўцы, але суседства з Расіяй (ды й савецкая гісторыя гэтага рэгіёна) накладвае свой адбітак на мясцовую культуру. Ідэя фільма — расказаць пра ідэнтыфікацыю, адчуванне сябе літоўцам, памежным літоўцам, літоўцам Малой Літвы. Я бачу ў гэтай тэме шмат пытанняў, якія цікава даследваць.
Кейсы, якія паказваюць кірунак беларускага кіно
— Як з кліпа зрабіць інфанагоду, якая «выбухне» ў медыя?
— Я крэатар, і мне падабаецца тая частка працы, якая палягае непасрэдна ад ідэі да рэалізацыі. Тое, што адбываецца пасля гэтага, адносіцца ўжо да прамоўшэну. Мне вельмі шкада, што беларусы доўга прыходзілі да разумення, што гэтым павінны займацца асобныя людзі з адпаведнай адукацыяй і ведамі. Патрэбны зусім іншы час, бюджэты, каб твой прадукт проста пабачыў свет.
Вядома, я гэтым зараз цікаўлюся, больш-менш разумею, але я не эксперт. Мяркую, каб прабіцца да гледача ў такім насычаным інфармацыйным полі, патрэбныя не толькі грошы, але і кантакты, шляхі і розныя ідэі. Але ж гэта пытанне ўжо да маркетолагаў.

Арцём Лобач. Фота: узята з сайта 34mag.net
— Параўнай працу на НДА і на камерцыйныя кампаніі.
— У мяне не так шмат камерцыйнага досведу. Я толькі зараз у гэты бок накіроўваюся, бо сапраўды ёсць адчуванне, што НДА-праекты, якія дапамагаюць беларускай культуры развівацца, — яны больш місіянерскія. Канешне, мяне чапляюць ідэі гэтых арганізацый, таму я з імі шмат гадоў жыў і працаваў. Але праца ў НДА нестабільная, шмат што залежыць ад грантаў. Трэба шмат чакаць, не заўсёды ёсць грошы на рэалізацыю менавіта той задумы, якая была першапачаткова. Таму я пачаў думаць, што трэба сумяшчаць ці нават больш сыходзіць у камерцыйную сферу.
— Якая будучыня чакае беларускія кліпы і дакументальныя фільмы?
— Будучыня ствараецца тут і цяпер. Не так даўно ў нас не было кейсаў, калі беларускія фільмы ствараліся за еўрапейскія грошы, а сёння ўжо ёсць «Пад шэрым небам» Мары Тамковіч і «Лебядзіная песня Фёдара Озерава» Юрыя Сямашкі.
Гэта выдатнейшыя кейсы, якія паказваюць кірунак беларускага кіно. Вядома, творцы ёсць і ўнутры Беларусі. Мы тут у замежжы інтэгруемся ў еўрапейскія кінатворчыя супольнасці, паступова ствараючы такія арганізацыі як BIFA (Беларуская Незалежная Кінаакадэмія) і BFN (Belarusian Filmmakers’ Network). Гэтыя арганізацыі дапамагаюць легальна ствараць і шукаць партнёраў для свайго кіно. Упэўнены, іх дзейнасць паступова будзе набіраць абароты і дапаможа беларускім кінематаграфістам выйсці на новы, больш высокі ўзровень.
— Што павінна здарыцца, каб сказалі, што ўсё атрымалася?
— Я не думаю, што мы ўсе тут павінны чакаць нейкага «Оскара». Для мяне фільм Мары Тамковіч у польскім кінапракаце і фільм Юры Сямашкі на Berlinale — гэта ўжо тое самае «здарылася».
140 выпускаў, каб зразумець палітру беларускай музыкі
— Якімі праектамі ты ганарышся?
— Такія праекты здараюцца перыядычна. Самы доўгатэрміновы, найбольш грунтоўны — гэта Belsat Music Live. Усё ж такі ён цягнуўся чатыры гады — неверагодны праект, якога ніхто не рабіў. Выйшла больш за 140 выпускаў, з дапамогай якіх зразумееш усю палітру беларускай музыкі. Мы скончылі здымаць у 2020 годзе. З таго часу Belsat Music Live прыпыніў сваё існаванне. Але ж з’яўляецца новая музыка, таму, спадзяюся, некалі гэты праект атрымае працяг.
З апошняга магу прыгадаць прект «Люблю такое». На жаль, мы зрабілі толькі два выпускі. Потым праз фінансавыя абмежаванні давялося спыніць яго. Шкада, бо мы ўсе так уклаліся ў яго, адчувалі, што гэта штосьці новае.
Па-першае, гэты праект расказвае пра звычайныя рэчы простымі словамі з пункту гледжання «зеленіалаў» — так мы ў камандзе называем людзей, якія нарадзіліся недзе паміж зумерамі і міленіаламі. Вось з гэтым пакаленнем, да якога я сябе таксама адношу, вядоўцы абмяркоўвалі ў нефармальным, жартаўлівым стылі жыццё, эміграцыю, інфармацыйныя рэвалюцыі, тэхналогіі, новую этыку.
У каментарах людзі казалі, што «цікава даведацца пра вядоўцаў, чаму яны пытаюцца пра гэтыя тэмы, чаму гэта іх цікавіць». Адказ просты: гэтыя самі прайшлі праз тыя жыццёвыя сітуацыі, якія яны ўзнімаюць у эфіры. Таму ім лёгка размаўляць на знаёмыя тэмы, распавядаць у тым ліку і пра асабісты досвед.
Я мару, каб гэта працягвалася. Хто хоча фінансава ўкласціся ў праект, то калі ласка! Заахвочваю рабіць разам беларускую культуру.
Яшчэ хачу ўзгадаць пра праект «100 год беларускага кіно», які мы здымалі з Максімам Жбанковым. Кожная з дзесяці серый была прысвечаная пэўнаму дзесяцігоддзю. Вядоўца распавядаў пра тры значныя фільмы, датычныя кожнага перыяду, і тлумачыў, як яны звязаныя з беларускай культурай. Вядома, беларускі кінематограф заспеў вялікі савецкі перыяд. Але мы шукалі менавіта тое, што нас яднае як беларусаў. У відэа шмат файных прыкладаў.
Часам людзі пытаюцца: «А дзе беларускае кіно? Яго няма?» У адказ прапаную лінк на наш прект: глядзіце такі лікбез, ведайце, чаму айчынным кінематографам варта ганарыцца, і распавядайце другім.
