• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    У БАЖ наконт АВВА вырашыў звярнуцца і Аляксандр Кныровіч. Але — з прэтэнзіямі да звароту Гірын

    Бізнесовец і палітык Аляксандр Кныровіч услед за кіраўніцай АВВА Марынай Гірын апублікаваў у Face­book зварот да Беларускай асацыяцыі журналістаў. Ён таксама просіць БАЖ разабрацца ў сітуацыі з матэрыялам «Еўрарадыё», але ў адваротны бок.

    Аляксандр Кныровіч, фота Еўрарадыё

    «За тры гады — 0,17% маіх пастоў у Facebook датычаць ABBA»

    У сваім пасце Кныровіч піша, што з’яўляецца сістэмным крытыкам як формы арганізацыі, так і дзейнасці ABBA. Кныровіч просіць даць ацэнку сітуацыі і мяркуе, што ў звароце кіраўніцы АВВА прагучала хлусня і маніпуляцыя на ягоны адрас.

    Сярод іншага Аляксандр Кныровіч прыводзіць наступныя пункты:

    «»…публікуе (Кныровіч) пасты паклёпніцкага, абразлівага і дыскрэдытуючага характару як у дачыненні да мяне асабіста, так і кіраўніцтва ABBA, яго сябраў і партнёраў…»

    — За тры гады я апублікаваў 17 пастоў з крытыкай дзейнасці ABBA, але гэтая крытыка датычылася толькі Марыны і яе мужа як заснавальнікаў і кіраўнікоў арганізацыі. Астатніх удзельнікаў я не згадваў. Больш за тое — паважаю многіх з іх як сумленных прафесіяналаў. Прапаную Марыне канкрэтызаваць, якія словы яна лічыць паклёпам — без лінгвістычнай экспертызы гэта выключна асабістыя ацэнкі.

    … Марына Гірын у тэксце звароту пералічвае шматлікія беларускія незалежныя СМІ, з якімі я рэгулярна або эпізадычна супрацоўнічаю, і пасля сцвярджае: «…Такім чынам, я лічу, што Аляксандр Кныровіч выкарыстоўвае ўсе магчымыя пляцоўкі — як асабісты блог, так і палітычныя структуры і медыя — для пашырэння асабістай непрыязні, звядзення асабістых рахункаў са мной і кіраўніцтвам АВВА…»

    — За тры гады — 0,17% маіх пастоў у Face­book датычаць ABBA. У астатніх СМІ — толькі 3–5 адказаў журналістам на іх пытанні. Прашу абавязаць заяўніцу прадставіць канкрэтныя прыклады, калі сцвярджаецца супрацьлеглае».

    Кныровіч паведамляе, што скіраваў зварот у тыя ж установы, што і Гірын. 

    Плынь зваротаў у БАЖ

    Нагадаем, што плынь зваротаў у БАЖ пачалася пасля публікацыі на «Еўрарадыё» матэрыялу «На ABBA падалі ў польскую пракуратуру». Пасля яго віцэ-прэзідэнтка ABBA Марына Гірын накіравала зварот у БАЖ, Еўрапейскую федэрацыю журналістаў (EFJ) і Міжнародны інстытут прэсы (IPI).

    Марына Гірын ABBA

    Марына Гірын. Фота: са старонкі ў Face­book

    Гірын сцвярджае, што ў артыкуле былі размешчаныя неправераныя звесткі, заснаваныя на паведамленнях з сацыяльных сетак, без дастатковай факталагічнай праверкі. Акрамя таго, аўтар матэрыялу нібыта не папярэдзіў яе пра запіс тэлефоннай гутаркі і выкарыстанне яе слоў як афіцыйнага каментара, што, на думку Гірын, з’яўляецца парушэннем права на прыватнае жыццё і прафесійнай этыкі.

    Рэдакцыя «Еўрарадыё» пасля вывучэння сітуацыі і звароту адказала, што ні падрыхтоўка артыкула, ні сам яго змест не парушаюць ні правоў Марыны Гірын, ні прынцыпаў журналісцкай этыкі.

    Рэдакцыя заяўляе, што зрабіла менавіта тое, чаго патрабуе журналісцкі этычны кодэкс: дала другому боку магчымасць пракаментаваць публічныя прэтэнзіі. Журналіст пры гэтым назваўся і назваў сваё медыя. Ён запытаўся, ці можа спадарыня Гірын пракаментаваць сітуацыю. У рэдакцыі ёсць скрыншоты гэтай перапіскі.

    І Кныровіч, і Гірын апелююць да Беларускай асацыяцыі журналістаў. Камісія па этыцы БАЖ вымушана спыніла сваю працу яшчэ ў 2021 годзе.

    Але паколькі пытанні этыкі вельмі важныя для беларускага недзяржаўнага медыясектара, літаральна месяц таму з ініцыятывы БАЖ была створаная новая сістэма самарэгулявання, падпісаны Кодэкс этыкі і запачаткаваная Рада па медыяэтыцы (для разгляду падобных сітуацый).

    Цікава, што выбары ў Раду па медыяэтыцы распачынаюцца акурат сёння. Падобна, новаабраных сябраў Рады па этыцы будуць чакаць адразу некалькі зваротаў (дарэчы, форма звароту ў Раду па этыцы ТУТ).

    Кодэкс этыкі беларускіх журналістаў, Пагадненне аб самарэгуляванні незалежнага медыясектара і іншыя дакументы

    Склад Рады па этыцы будзе агучаны напрыканцы бягучага тыдня па выніках галасавання сябраў Медыяасамблеі.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці