Канал «Зеркало – Новости | TUT.BY» — у «экстрэмісцкім» спісе Мінінфарма. Але ёсць нюансы
13 траўня 2025 на сайце Міністэрства інфармацыі абнавілі Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.
Сярод іншых інтэрнэт-рэсурсаў у яго ўключаны Telegram-канал «Зеркало – Новости | TUT.BY» (ідэнтыфікатар https://t.me/io_zerkalo ).
Рашэнне лічыць змест Telegram-канала «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» прыняў 7 траўня 2025 года суд Лунінецкага раёна Брэсцкай вобласці.
Але, як паведамляюць калегі з выдання «Зеркало», прызнаны канал не мае дачынення да рэдакцыі. Верагодна, хтосьці саматуж спрабаваў зрабіць копію вядомага праекта, але трапіў у «экстрэмісты».
Раней, 30 студзеня гэтага года, суд Ленінскага раёна Магілёва прызнаў «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» іншы сайт «Зеркало» ( ідэнтыфікатар https://zerkalo-io.online ). 4 снежня 2024 года судом Цэнтральнага раёна Мінска былі прызнаны «экстрэмісцкімі» усе акаўнты праекта ў Tik-Tok.
Яшчэ раней, 9 чэрвеня 2023 года, паводле рашэння МУС праект «Зеркало / Zerkalo.io» быў прызнаны “экстрэмісцкім фармаваннем”. На думку ведамства, «экстрэмісцкая” дзейнасць ажыццяўляецца групай грамадзян праз шэраг інтэрнэт-рэсурсаў, сярод якіх:
- інтэрнэт-сайт «Зеркало | Новости»;
- Telegram-группа «Чат Zerkalo.io»;
- Telegram-канал «Зеркало | Новости»;
- Telegram-аккаунт «Редакция Зеркало | Новости»;
- групы праекта ў сацсетках Instagram, «ВКонтакте», Facebook, «Одноклассники» , Twitter;
- YouTube-канад «ЗЕРКАЛО».
«Экстрэмісцкім» прызнаны і лагатып праекта: паводле апісання на сайце МУС, «у выглядзе фармалізаванай выявы белага голуба, які трымае галінку, на чырвоным фоне».
