«Экономическая газета» развіталася з чытачамі
Сход акцыянераў ЗАТ «Белбізнэспрэс», які з’яўляецца заснавальнікам і выдаўцом «Экономической газеты», прыняў рашэнне спыніць яе выпуск з ліпеня гэтага года, паведамляецца на сайце СМІ. Гэта было апошняе грамадска-палітычнае выданне ўнутры краіны.

Фота: neg.by
Журналісты апублікавалі зварот у адказ чытачам, якія не знайшлі газету ў каталогу друкаваных выданняў на другую палову 2025 года. Рэдакцыя тлумачыць рашэнне зменамі ў інфармацыйнай сферы і, у прыватнасці, шырокай даступнасцю эканамічнай інфармацыі.
«Папяровым выданням з іх цыкламі друку і дастаўкі даводзіцца саступаць месца электронным сродкам масавай інфармацыі», — гаворыцца ў аб’яве.
У публікацыі не паведамляецца, ці працягне сваё існаванне сайт выдання пасля закрыцця друкаванай версіі.
Гісторыя «Экономической газеты» налічвае амаль 33 гады. Першы нумар выйшаў 12 снежня 1992 года. Да 2005 года выдавалася як «Нацыянальная эканамічная газета», наклад дасягаў 40 тысяч экзэмпляраў.
Галоўны рэдактар Фёдар Велікаселец у развітальным звароце да аўдыторыі ўзгадаў, як было заснавана выданне:
«Пачатак 90‑х гадоў мінулага стагоддзя. У эканамічнай сферы адбываецца рэвалюцыйная трансфармацыя. Нараджаюцца і набіраюць сілу рынкавыя адносіны. Гэта азначала, што гаспадарчае жыццё цяпер павінна ісці па новых правілах. А як, дзе аператыўна атрымаць неабходныя нарматыўна-прававыя дакументы? Ні адпаведных выданняў, ні тым больш сайтаў тады яшчэ не існавала.
Вялізны грамадскі запыт на такую крыніцу інфармацыі і прадвызначыў з’яўленне «Экономической газеты» (з 1992 па 2005 год — «Нацыянальная эканамічная газета»).
Дакументы, каментары да іх, тлумачэнні складаных пытанняў гаспадарчай дзейнасці, якія на працягу многіх гадоў друкаваліся на старонках газеты, забяспечылі выданню папулярнасць (разавы наклад дасягаў сарака з лішнім тысяч асобнікаў) і ўдзячнасць чытацкай аўдыторыі».
Пасля спынення выпуску «Экономической газеты» у Беларусі не застанецца недзяржаўных грамадска-палітычных выданняў. Пры гэтым на падтрымку дзяржаўных СМІ ўлады выдзяляюць з бюджэту больш за 145 мильёнаў рублёў штогод, піша «Позірк».
