«Наш адказ на крызіс». MOST запускае польскамоўны сайт
Беларускае выданне з Беластока спрабуе інтэгравацца ў польскую медыяпрастору, каб самастойна зарабляць грошы.

Галоўны рэдактар выдання MOST Руслан Кулевіч. Фота: з асабістага архіва
Беларускае выданне MOST, якое выходзіць у Беластоку з 2022 года, стварыла польскамоўны сайт.
Грамадска-палітычны сайт арыентуецца на беларуска- і рускамоўную дыяспару ў Польшчы. То навошта яму польскамоўны сайт? Як рэдакцыя прыйшла да такога рашэння і што хоча атрымаць ад новага праекта?
БАЖ пагутарыў з галоўным рэдактарам выдання MOST Русланам Кулевічам.
Эксперымент як адказ на фінансавы крызіс
— Мы запускаем не люстэрка сайта MOST, а асобную старонку на польскай мове.
Гэта наш спосаб выйсці з фінансавага крызісу, які пачаўся ў 2025 годзе, калі беларускія медыі страцілі сваё фінансаванне. Мы вырашылі працаваць на польскім рынку, супрацоўнічаць з мясцовымі арганізацыямі і медыямі. Польскамоўны сайт патрэбны, каб, сярод іншага, зарабляць на рэкламе.

Так выглядае польскамоўны сайт MOST
— Але пры тым вашая аўдыторыя не мяняецца: гэта беларуска- і рускамоўная эміграцыя, якая пражывае ў Польшчы?
— На асноўным сайце — так, гэта беларуская дыяспара ў Польшчы і Літве. 20 адсоткаў нашых чытачоў знаходзяцца ў Беларусі. Але каб выжыць, мы павінны станавіцца бізнесменамі і вучыцца зарабляць самастойна. І польскамоўны MOST — першы крок на нашым шляху.
Гэта эксперымент, спроба стварыць прадукт, які ніхто не робіць. Але калі наш эксперымент дасць станоўчы вынік, мы гатовыя падзяліцца досведам і з іншымі беларускімі медыямі, расказаць, як пачынаем зарабляць на польскім рынку. Мы можам браць артыкулы беларускіх медыяў і таксама публікаваць на польскім MOST — калі такое жаданне ўзнікне ў нашых калег. А пакуль што на польскі MOST мы ставім выключна нашыя іміджавыя тэксты.
«У нас няма іншага выйсця, як вучыцца зарабляць»
— Як з’явілася ідэя стварыць польскамоўны сайт MOST?
— На сёння асноўная мова сайта MOST — руская, мы не маем беларускага люстэрка. Цяпер пераважна друкуюцца рускамоўныя тэксты, час ад часу — беларускамоўныя. Мы таксама спрабуем зарабляць на праглядах, на пачатку года адбыўся добры рост, зараз паказчыкі трохі знізіліся.
Да польскага сайта мы ішлі добрых паўгода, не скажу, што захацелі — і стварылі.
У Беластоку існуе віртуальны праект «Медыяхаб Падляшша», у яго межах мы супрацоўнічаем з рознымі польскімі арганізацыямі. Апошнія паўгода мы вучыліся пісаць на польскай мове, рабілі падкасты, стваралі відэа. Мы атрымалі харошы досвед, і праект дагэтуль працягваецца.
Апрача таго, на пачатку сакавіка мы пачалі супрацоўнічаць з польскімі медыямі. У Беластоку, на Падляшшы, галоўнай газетай з’яўляецца Kurier Poranny. Мы дамовіліся аб супрацоўніцтве: кожную пятніцу ў газеце падляшскага рэгіёна выходзяць нашыя артыкулы. Мы трохі зарабляем на гэтым, але нашае супрацоўніцтва найперш носіць іміджавы характар. Мы перакладаем нашыя артыкулы на польскую мову, а Kurier Poranny іх друкуе. Польскія калегі кажуць, што палякі няблага чытаюць беларускі кантэнт і нават просяць яшчэ.

Артыкул Руслана Кулевіча ў польскім медыя
Гэта першы крок. А другім крокам стала стварэнне ўласнага польскамоўнага сайта. Мы хочам прапанаваць іншым польскім медыям перадрукоўваць нашыя тэксты пра беларусаў у Польшчы, пра сітуацыю на беларуска-польскай мяжы. Мы вельмі хацелі б, каб да нашага праекта далучыўся галоўны рэдактар выдання Hrodna.life Аляксей Шота, які няблага ведае польскую мову. Натуральна, мы прапанавалі выданню размяшчаць свае артыкулы ў нас.
— Наколькі моцна фінансавы крызіс ударыў па MOST?
— Мы страцілі асноўнага партнёра. Але крызіс даў нам штуршок, каб мы наноў запусцілі рэкламны аддзел. Мы ўзялі добрага рэкламшчыка, знайшлі новых партнёраў і спрабуем выбудоўваць бізнес-мадэль у новых умовах. Спадзяюся, зараз час укладацца ў бізнес, у той жа рэкламны аддзел, каб у будучыні зарабляць. Як паказаў студзень 2025 года, сёння донары ёсць, а заўтра іх ужо няма.
— То бок фактычна MOST першым з беларускіх медыяў у выгнанні пачаў інтэграцыю ў польскамоўную медыяпрастору?
— Так, мы самі, за свае грошы нанялі каманду, якая зрабіла польскі сайт. Не ўсе падзяляюць наш аптымізм, але жыццё пакажа, ці мелі мы рацыю. Адсюль — новыя задумкі, праекты супрацоўніцтва з польскімі арганізацыямі і медыямі. Я мяркую, што ў будучыні гэта прынясе нам карысць. Бо ў нас проста няма іншага выйсця, як самастойна вучыцца зарабляць. Ужо два гады запар працуем з рэкламай на польскім рынку і бачым запатрабаванасць такога прадукту, як польскі MOST.
Яшчэ адна наша задача — відаць, галоўная — папулярызаваць крутых беларусаў, якія жывуць у Польшчы і робяць класны бізнес, ствараюць розныя ініцыятывы. Мы хочам паказаць, што беларусы прыехалі ў Польшчу не сядзець на польскай дапамозе, яны сапраўды ўмеюць працаваць.
«Сайт стане добрай падтрымкай для беларускага бізнесу»
— Ці мелі вы ўжо кантакты з польскімі рэкламадаўцамі? Ці маеце зваротную рэакцыю?
— Зараз мы другі месяц супрацоўнічаем з адной з галоўных будаўнічых арганізацый, якая будуе жыллё ў Беластоку. На Падляшшы шмат беларусаў, людзі бяруць крэдыты, набываюць жыллё — будаўнікам гэта цікава, і вось ужо другі месяц запар мы пішам пра іх.
Пакуль мы экперыментуем у асобным рэгіёне – на Падляшшы. Але асноўная наша аўдыторыя – Варшава, Уроцлаў, Гданьск. Наш эксперымент і з сайтам, і з рэкламай разгортваецца на Падляшшы, але паступова мы выходзім на іншыя рэгіёны. У будучым мы прапануем беларускаму бізнесу размяшчацца на польскім MOST. Напрыклад, беларусы ў Варшаве робяць лазні. Калі ласка, хочаце выйсці на польскі рынак, прыходзьце ў MOST – пра вас даведаюцца многія палякі. Мяркую, што для беларускага бізнесу наш сайт стане добрай дапамогай.
Мы разлічваем, што польскамоўны MOST дасць магчымасць выйсці і на польскую аўдыторыю, адпаведна, зарабляць і на праглядах, і на рэкламе. Калі мы прыходзім да польскага рэкламадаўцы, называемся незалежным беларускім медыя, паказваем сайт на рускай і беларускай мовах, то нас не разумеюць. Іншая справа, калі мы паказваем свой якасны кантэнт на польскай мове, тады дадатковых тлумачэнняў не патрабуецца. Гэта плюс і для беларускага бізнесу, які хоча прыйсці на польскі рынак.
— Ці многа каштавала вам распрацоўка польскамоўнага сайта?
— Нам моцна дапамаглі сябры, якія працуюць у IT і зрабілі вялікую зніжку.
Польскамоўны сайт спачатку будзе працаваць у тэставым рэжыме. Будзем вызначаць слабыя і моцныя месцы, спрабаваць розныя варыянты супрацоўніцтва. Бо для нас выхад на польскі рынак – новы вопыт, яго трэба адпрацаваць як належыць. Мы ўжо паўгода як працуем з польскім кантэнтам, але нам яшчэ вучыцца і вучыцца. Польскія калегі кажуць, што ў нас, беларускіх журналістаў, класныя прафесійныя тэксты, але польскія медыі маюць свае адметнасці. Дый моўная праблема застаецца актуальнай.
Канешне, мы хацелі б у будучыні прыцягнуць да нашай працы прафесійнага перакладчыка з Польшчы. Але гэта наступны крок, спачатку трэба зарабіць на такога спецыяліста, а потым ужо браць яго ў каманду.
Мы любім эксперыменты, робім тое, чым не займаюцца іншыя. Паглядзім, што з гэтага выйдзе.
