• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Аліна Коўшык у Радзе Еўропы: Было важна данесці, як зараз працуе беларуская медыяпрастора

    Роля медыяў ва ўмовах глабальнага інтэрнэт-свету – пра гэта сёння дыскутуе прафесійная супольнасць. Дыскусіі выходзяць на міжнародны ўзровень. На палях ПАРЕ праходзіла канферэнцыя, якая пазіцыянуецца як адна з галоўных еўрапейскіх пляцовак для дыскусіі пра СМІ. Там удзельнічала галоўная рэдактарка Bel­sat TV Аліна Коўшык. «Радыё Рацыя» абмяркоўвае з ёй асноўныя аспекты, што прагучалі ў Страсбуры.

    Аліна Коўшык падчас канферэнцыі «EuroDIG 2025 – абарона правоў чалавека шляхам забеспячэння балансу паміж рэгуляваннем і інавацыямі. Еўрапейскі дыялог у пытаннях кіравання інтэрнэтам» у Страсбуры, 12 траўня 2025 года. Фота: Белсат

    Аліна Коўшык: 

    На такіх канферэнцыях выпрацоўваюцца рашэнні, якія потым прымаюцца палітыкамі. Гэтая канферэнцыя – яна называлася “Еўрапейскі дыялог па кіраванні Інтэрнэтам” – ужо 17‑я з гэтай серыі. Я ўпершыню ўдзельнічала ў ёй і была, дарэчы, адзінай беларускай, якая прадстаўляла нашую краіну ў Радзе Еўропы, дзе праходзіла канферэнцыя.

    Ёсць некалькі кірункаў, якімі найбольш займаецца гэта канферэнцыя – кібербяспека, выкарыстанне штучнага інтэлекту ў інтэрнэце, супрацьдзеянне дэзынфармацыі і само кіраванне інтэрнэтам, супрацоўніцтва з вялікімі канцэрнамі, платформамі. Яны не належаць урадам, і дыялог з гэтымі платформамі вельмі складаны.

    Натуральна, што паколькі Беларусь не з’яўляецца сябрам Рады Еўропы, наш голас быў хутчэй сімвалічны. Але было вельмі важна выказацца на панэлі разам з нашымі ўкраінскімі, малдаўскімі сябрамі, былі таксама прадстаўнікі Босніі і Герцагавіны.

    Мне было вельмі важна данесці інфармацыю пра тое, як зараз працуе беларуская медыяпрастора, у прыватнасці на прыкладзе “Белсата”. З якімі цяжкасцямі мы найбольш сутыкаемся. Была поўная зала людзей, з чаго я зразумела, што менавіта тэма барацьбы з дэзынфармацыяй зараз хіба адная з найбольш актуальных. І інтэрнэт – гэта тое месца, дзе інфармацыя пашыраецца вельмі імкліва.

    Зразумела, што стварэнне механізмаў рэгулявання інтэрнэту – гэта вельмі балючая тэма. Таму што шмат хто пачынае казаць, што гэта будзе цэнзура. Але, з іншага боку, калі інтэрнэт стаў такой вялікай часткай нашага жыцця, я лічу, што ён абавязкова павінен падлягаць больш шырокім рэгуляцыям.

    І асноўны метад, які нам падаецца найбольш дзейным у барацьбе з дэзынфармацыяй, гэта стварэнне большага пулу аб’ектыўнай і праўдзівай інфармацыі. Гэта падтрымка, калі мы кажам пра сітуацыю ў Беларусі, прафесійных медыяў, якія не будуць пісаць нейкія домыслы, якія будуць падаваць інфармацыю больш справядлівую.

    Гэта адзін накірунак. Другі накірунак – гэта падвышэнне узроўню разумення нашых чытачоў, гледачоў – таго, што яны спажываюць медыйна. То-бок каб быў большы ўзровень медыйнай адукаванасці, каб людзі маглі самі ацэньваць, наколькі інфармацыя можа адпавядаць альбо не адпавядаць рэчаіснасці. Таму працаваць трэба і з грамадствам, і з тымі, хто сапраўды гэтыя медыя стварае.

    Аліна Коўшык на канферэнцыі таксама заклікала не ігнараваць беларускую мову і падтрымліваць незалежныя СМІ ў выгнанні, якія працуюць, як частка еўрапейскага дэмакратычнага поля.

    Цалкам гутарку слухайце на «Радыё Рацыя»

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці