• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Кітай стане чорнай дзіркай». Закрываецца ўйгурская служба Радыё Свабодная Азія — адзінае незалежнае медыя ў рэгіёне

    Адзін з самых закрытых рэгіёнаў Кітая застанецца без сувязі са знешнім светам, а 20 мільёнаў уйгураў страцяць свой голас.

    Гульчахра Хаджа

    Гульчахра Хаджа. Pho­to by Chip Somod­ev­il­la / Get­ty Images

    Арганізацыя «Рэпарцёры без межаў» (RSF) устрывожаная магчымым закрыццём уйгурскай службы Радыё Свабодная Азія, якое чакаецца ўжо ў канцы траўня. Такія наступствы ўказа Дональда Трампа аб роспуску Агенцтва ЗША па глабальных медыях (USAGM). RSF заклікае Кангрэс ЗША выканаць свае абавязацельствы па забеспячэнні свабоды слова ў свеце.

    «Нягледзячы на пастаянныя пагрозы, уйгурскія журналісты RFA нястомна і мужна расказваюць гісторыі, якія раскрываюць сапраўдныя маштабы зверстваў кітайскага рэжыма. Без уйгурскага Радыё Свабодная Азія міжнародная супольнасць страціць сваё адзінае акно ў адзін з самых закрытых рэгіёнаў Кітая, а ўйгурскі народ страціць адзіны незалежны канал сувязі са знешнім светам», — канстатуюць «Рэпарцёры без межаў».

    Напачатку траўня 2025 года амерыканская міжнародная вяшчальная кампанія Radio Free Asia (RFA) аб’явіла, што да канца месяца палова моўных службаў RFA, у тым ліку адзіная ў свеце навіновая служба на ўйгурскай мове, больш не будзе рабіць і публікаваць новы кантэнт. Адпаведна масавыя звальненні закранулі палову паслугаў RFA.

    — 20 мільёнаў уйгураў мелі толькі адну надзейную крыніцу інфармацыі і радыёстанцыю, якая магла данесці іхні голас да ўсяго свету: Радыё Свабодная Азія. Вельмі сумнае рашэнне адміністрацыі Трампа – сцерці голас уйгураў, асабліва калі генацыд народа працягваецца, а Кітай узмацніў сваю ілжывую парпаганду, каб нармалізаваць яго. Гэта азначае для ўйгураў ні што іншае, як «здацца», — патлумачыла ў інтэрв’ю RSF старшая журналістка службы Гульчахра Хаджа.

    Сама журналістка апынулася пад прыцэлам кітайскага рэжыма ў 2001 годзе – з моманту, калі выступіла на радыё пад сваім уласным імем. У лістападзе 2001 года Кітай выпусціў на яе «чырвонае дасье», знішчыўшы яе відэа, фота і аўдыяфайлы, зробленыя да пераезду журналісткі ў ЗША. Яе сям’ю трымалі ў закладніках. У лютым 2018 года яна даведалася, што 25 яе прамых сваякоў былі накіраваныя ў так званыя «лагеры перавыхавання». Апрача таго, выкрадзены 50 членаў сямей шасці журналістаў радыёстанцыі.

    Кітай займае 178 месца са 180 краін і тэрыторый у Сусветным індэксе свабоды прэсы RFS 2025 года.

    З 2016 года Пекін праводзіць жорсткую кампанію ў парвінцыі Сіньцзян у імя «барацьбы з тэрарызмам», якую міжнародныя назіральнікі называюць «генацыдам». Па апошніх звестках RSF, у Сіньцзяне за кратамі знаходзяцца 79 журналістаў і змагароў за свабоду прэсы, у тым ліку і Нобелеўскі лаўрэат Ільхам Тахці.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці