• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Раскамнадгляд спрабаваў заблакаваць сайт «Новага Часу». «Ад спробы адбіліся, але будуць новыя», — мяркуюць у выданні

    Сёлета напрыканцы красавіка люстэрка сайта «Новага Часу», даступнае цягам апошняга года ў абход блакіровак, перастала адкрывацца з тэрыторыі Беларусі і Расіі. 1 траўня рэдакцыя беларускага выдання атрымала паведамленне ад платформы Ama­zon, на якой размешчанае люстэрка, пра скаргу на парушэнне закона.

    Раскамнадгляд спрабаваў заблакаваць сайт «Новага Часу»

    Фота: svaboda.org

    Скарга паступіла ад федэральнай службы па наглядзе ў сферы сувязі, інфармацыйных тэхналогій і масавых камунікацый, больш вядомай у скароце як Раскамнадгляд.  

    «Ama­zon — глабальная платформа з мільёнамі сервераў і карыстальнікаў, таму і працэс апрацоўкі скаргаў у іх аўтаматызаваны. Сама скарга аўтаматычна не вядзе да блакіроўкі доступу, але мы былі абавязаныя даць адказ на яе цягам 24 гадзін, у тым ліку пералічыўшы дзеянні, якія збіраемся зрабіць у сувязі са скаргай (калі збіраемся)», — паведамляе «Новы Час».

    «Ліст прыйшоў 1 траўня. Скарга не згадвала краіну прыналежнасці Раскамнадгляду, ані якой краіны былі парушаныя законы і якія менавіта законы, ані артыкулы, якія, на думку аўтараў скаргі, парушылі тыя невядомыя законы, — распавёў службе маніторынгу БАЖ прадстаўнік рэдакцыі «Новага Часу». — Прозвішча супрацоўніка Раскамнадгляду, які складаў скаргу, мы таксама не ведаем, бо Ama­zon паказвае толькі тэкст прэтэнзіі. Мяркую, гэта можа быць карпаратыўны акаўнт Раскамнадгляду на Ama­zon без нейкіх персанальных дэталяў. Адпаведна, таму боку Ama­zon не паказвае і нашыя звесткі».

    Вось як выглядае ўласна скарга ад Раскамнадгляду:

    «Направляется уведомление о нарушении порядка распространения информации, размещённой по следующим URL-адресам (идентификатор записи: 1141892-HB): https://d1d1ewgo4ctde5[.]cloudfront[.]net

    Провайдер хостинга или иное лицо, обеспечивающее размещение данного информационного ресурса в сети «Интернет», обязаны:

    1) незамедлительно с момента получения настоящего уведомления проинформировать владельца информационного ресурса о необходимости незамедлительного удаления распространяемой с нарушением закона информации;

    2) по истечении суток с момента получения настоящего уведомления ограничить доступ к указанному информационному ресурсу в случае отказа или бездействия владельца информационного ресурса в удалении распространяемой с нарушением закона информации.

    Владелец информационного ресурса обязан в течение суток с момента получения соответствующего уведомления от провайдера хостинга или указанного иного лица удалить распространяемую с нарушением закона информацию.

    С уважением, Федеральная служба по надзору в сфере связи, информационных технологий и массовых коммуникаций».

    «2 траўня мы адказалі Ama­zon. Наступстваў тэхнічных для нас не было.

    Проста запусцілі новае люстэрка, як гэта і было запланавана ад пачатку на такія выпадкі. Старое люстэрка не разблакоўвалі, а зрабілі яшчэ адно. Будуць закідваць скаргамі — будзем запускаць новыя люстэркі. Мяркую, у Раскамнадгляду гэта такая руцінная практыка, каб жыццё псаваць незалежным медыя.

    Прыкладам, кінуць скаргу — а раптам хтосьці не адрэагуе, значыць, трохі прыдушым, раптам хтосьці не дасць рады справіцца тэхнічна з гэтым. Не думаю, што гэта нейкае канкрэтнае паляванне на нас, яшчэ ў 2023 годзе пачак беларускіх рэсурсаў яны ўнеслі ў свае расійскія абмежавальныя спісы, у асноўным за артыкулы пра Бучу, Марыупаль, увогуле пра вайну ва Украіне. І зараз, пэўна, яны вырашылі па гэтых спісах прайсціся і накідаць скаргаў.

    У сваім адказе Ama­zon мы падсвяцілі той факт, што Раскамнадгляд — інструмент дзяржаўнай цэнзуры, які выкарыстоўваецца ўладамі Расіі для падаўлення незалежнай журналістыкі і заглушэння нязгоды. Вось такая ценявая барацьба, я б сказаў. Вы — ганяецеся, мы — уцякаем», — зазначае прадстаўнік рэдакцыі «Новага Часу».

    «Мы працягнем сваю працу, у тым ліку па падачы дакладнай, факталагічнай інфармацыі пра вайну ва Украіне, пра стан правоў чалавека і палітычны зняволеных, пра супраціў дыктатуры і прапагандзе. А таксама пра нацыянальную і сусветную гісторыю, палітыку, эканоміку — усё, што важна ведаць і асэнсоўваць людзям, для якіх неабыякавая будучыня Беларусі як свабоднай, дэмакратычнай, незалежнай краіны. Чытаць «Новы Час» з Беларусі можна на новым люстэрку. Спасылка на яго ёсць пад кожным артыкулам», — гаворыцца ў афіцыйным паведамленні выдання.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці