Праект беларускага фатографа пра псіхалагічны стан беларусаў удзельнічае ў міжнародным фестывалі ў Францыі
Беларускі фатограф Аляксандр Кот-Зайцаў прэзентуе праект «Borderline» на фестывалі Les Mesnographies у Францыі.

Праект «Borderline» на фестывалі Les Mesnographies. Фота: Аляксандр Кот-Зайцаў
«Borderline» распавядае гісторыю падзеяў 2020 года ў Беларусі праз эмацыйныя і псіхалагічныя станы беларусаў. Аўтару было важна знайсці адказ на пытанне, як мы ўсе адчуваем сябе ў тым, што з намі адбылося і адбываецца.
«Сітуацыя, у якой вялікая колькасць людзей, цэлы народ, перажывае вельмі падобныя эмоцыі, падалася мне ўнікальнай, — распавядае фатограф. — Пра самі падзеі 2020-га было расказана ў шматлікіх тэкстах, фотарэпартажах. Для мяне ж было важна паглядзець на сітуацыю менавіта з кропкі гледжання пачуццяў, эмацыйных і псіхалагічных станаў».

Праект «Borderline» на фестывалі Les Mesnographies. Фота: Аляксандр Кот-Зайцаў
Праект «Borderline» — гэта серыя чорна-белых аналагавых фотаздымкаў. Кожную сесію аўтар пачынае з размовы з героем, на падставе якой разам з мадэллю будуе прыдуманую візуальную сітуацыю, свайго роду скульптуру з целаў, якая адлюстроўвае пэўны псіхалагічны стан — ад апатыі, злосці, агрэсіі да пачуцця еднасці, надзеі, нязломнасці і ўнутранай сілы. Фонам фотаздымкаў часта з’яўляюцца лакацыі, якія нагадваюць дзяржаўную мяжу. Адсюль назва праекта «Borderline», якая спалучае паняцце фактычнай мяжы між дзяржавамі і памежных псіхалагічных станаў.

Праект «Borderline» на фестывалі Les Mesnographies. Фота: Аляксандр Кот-Зайцаў
Праект быў часткова прэзентаваны на групавых выставах у Балонні, Фларэнцыі і Берліне. На фестывалі Les Mesnographies упершыню будзе паказана большая частка працаў.
Фестываль адбываецца з 7 чэрвеня па 14 ліпеня ў мясцовасці Les Mesnuls недалёка ад Парыжа.

Праект «Borderline» на фестывалі Les Mesnographies. Фота: Аляксандр Кот-Зайцаў
