«Едзем за сваіх»: у Вільні прайшоў роварны прабег салідарнасці з журналістамі. Шмат фота
«Едзем за сваіх» — роварны прабег салідарнасці са зняволенымі беларускімі журналістамі адбыўся ў Вільні 14 траўня і быў прымеркаваны да 30-годдзя БАЖ. Падтрымаць журналістаў і выказаць сваю салідарнасць прыйшла лідарка дэмакратычных сіл Святлана Ціханоўская. Ад яе офіса ў прабегу браў удзел дарадца па пытаннях дыпламатыі Дзяніс Кучынскі.

Лідарка беларускіх дэмакратычных сіл Святлана Ціханоўская на роварным прабегу салідарнасці са зняволенымі беларускімі журналістамі «Едзем за сваіх». Вільня, 14 чэрвеня 2025 года. Фота: БАЖ
У роварным прабегу салідарнасці ўзялі ўдзел сябры Беларускай асацыяцыі журналістаў, прадстаўнікі НДА, неабыякавыя беларусы і беларускі. Таксама да беларусаў далучыліся літоўскі рэпарцёр-фрылансер, прадстаўнік Літоўскага саюза журналістаў Аудрус Гелзініс (Audrius Gelzinis) і фінская журналістка Інгрыд Сванфельд. Яна прыехала ў Літву з Хельсінкі. Інгрыд асабіста ведае двух беларускіх зняволеных журналістаў — Ларысу Шчыракову і Яўгена Меркіса з Гомеля.

Літоўскі рэпарцёр-фрылансер Аудрус Гелзініс, фінская журналістка Інгрыд Сванфельд і Святлана Ціханоўская на роварным прабегу салідарнасці са зняволенымі беларускімі журналістамі «Едзем за сваіх». Вільня, 14 чэрвеня 2025 года. Фота: БАЖ
Салідарнасць замест маўчання
На пачатку акцыі адзін з яе арганізатараў праваабаронца Леанід Судаленка падкрэсліў, што гэтым сяброўскім прабегам выказваецца салідарнасць з тымі беларускімі незалежнымі журналістамі, якія знаходзяцца за каратамі.
— Іх сёння 39. І гэтай акцыяй мы прыцягваем увагу да таго, што ў 150 кіламетрах ад Вільні ў турмах знаходзяцца лепшыя людзі беларускай журналістыкі. Мы вырашылі паехаць у парк Вінгіс, каб паразмаўляць там з наведвальнікамі, запытаць іх, як яны ставяцца да таго, што ў Беларусі фактычна пануе турэмны рэжым, дзе свабода слова нічога не каштуе. І за свабоду слова, за вольнае слова фактычна людзі знаходзяцца ў турмах.

Падрыхтоўка да велапрабегу салідарнасці са зняволенымі беларускімі журналістамі «Едзем за сваіх». Вільня, 14 чэрвеня 2025 года. Фота: БАЖ
«Мне няёмка было застацца дома»
Сваімі ўражаннямі падзяліліся ўдзельнікі прабегу. ІТ-спецыялістка Марыя распавяла, што заўжды падтрымлівае акцыі беларусаў:
— Таму я тут. На ровары ў Беларусі я каталася пастаянна, гэта быў мой транспарт, тут хаджу больш пешшу. Але з задавальненнем прыняла ўдзел у прабегу. І хоць я не журналістка, у мяне ёсць некалькі сяброў-рэпарцёраў. Адзін мой знаёмы медыйшчык, Андрэй Кузнечык, выйшаў нядаўна з турмы. Але колькі яшчэ маіх знаёмых сядзяць у Беларусі за кратамі! Я хацела б, каб выпусцілі ўсіх.

ІТ-спецыялістка Марыя. Вільня, 14 чэрвеня 2025 года. Фота: БАЖ
Журналістка і праваабаронца Наталля:
— У гэтай акцыі я ўдзельнічаю, каб падтрымаць сваіх калегаў, якія знаходзяцца зараз за кратамі.
У кожнага ўдзельніка акцыі на камізэльках з двух бакоў партрэты зняволеных журналістаў — гэта ўсе мае блізкія знаёмыя. І сэрца рвецца ад болю, калі бачыш, колькі год далі людзям. Таму ўсім, чым магу, падтрымліваю, і думаю заўсёды пра тое, якія яшчэ крокі распачаць, каб падтрымаць іх і іх блізкіх, што б было больш эфектыўна.

Журналістка і праваабаронца Наталля. 14 чэрвеня 2025 года. Фота: БАЖ
Можа, нейкія акцыі ўжо аджылі сваё і трэба нешта новае прыдумляць, і хочацца разумець, што людзям патрэбна. Кожны з нас павінен зараз зрабіць усё, што можна, пакуль нашы калегі, блізкія, родныя ў Беларусі знаходзяцца за кратамі.
— У вас на камізэльцы фота Канстанціна Залатых і Дзяніса Івашына, вы былі добра знаёмыя з імі?
— Так, я з Дзянісам некалі нават разам вучылася і добра яго ведаю і адсочваю ўсё, што зараз з ім адбываецца.
Гэты роварны прабег быў фізічна не цяжкі, бо я з дзяцінства займаюся веласпортам разам з бацькам. Але мне было маральна вельмі цяжка бачыць гэтыя партрэты людзей, з якімі я асабіста знаёмая, і бачыць гэтыя страшэнныя лічбы.

Роварны прабег салідарнасці са зняволенымі беларускімі журналістамі «Едзем за сваіх». Вільня, 14 чэрвеня 2025 года. Фота: БАЖ
Журналістка Таццяна Бублікава:
— З фізічнага пункту гледжання гэты роварны прабег не быў цяжкі, але маральна цяжка трымацца за веру, што гэта мае сэнс. Бо ўжо прайшло колькі гадоў, а столькі журналістаў яшчэ за кратамі. Так, некаторыя выходзяць, але хутчэй таму, што заканчваюцца тэрміны выраку. А колькі людзей у Беларусі пасля саджаюць ізноў…
Вось на камізэльцы ў мяне партрэт майго шэфа — Змітра Наважылава, яму прысудзілі 6 год. Медыяменеджэр БелаПАНа Андрэй Аляксандраў атрымаў 14 год, сядзіць і забівае сваімі таленавітымі рукамі цвікі ў гнілыя паддоны. Я разумею, што мае 10 кіламетраў Аляксандраву, напэўна, наўпроставую карысць не прынясуць, але як гэта звязана ў свеце, мне невядома. Чаму я прыйшла на гэтую акцыю? Таму што я лічу гэта правільным. Персанальна мне было няёмка застацца дома.
Ці веру я, што гэта зменіць свет, спыніць вайну, вызваліць усіх палітзняволеных? Не. Але я веру, што кожны гігабайт увагі варты. І ўвагу трэба надаваць менавіта таму, што ёсць нашымі каштоўнасцямі і што ёсць самым важным у жыцці — салідарнасць, падтрымка, праўда, каханне, фізічнае і ментальнае здароўе, павага, уменне слухаць адно аднаго, уменне размаўляць. Вось пра гэта роварны прабег салідарнасці.

Роварны прабег салідарнасці са зняволенымі беларускімі журналістамі «Едзем за сваіх». Вільня, 14 чэрвеня 2025 года. Фота: БАЖ
Я ведаю гісторыі, як мы па-за кратамі часам саромеемся набыць келіх віна ў кавярні і з’есці тое ж марозіва, бо ведаем, што ў гэты час нашы калегі, з якімі разам рабілі сюжэты, штосьці асвятлялі, працавалі, — сядзяць і не могуць гэтага сабе дазволіць. І тут важна мець зваротную сувязь. Мне падаецца, калі, напрыклад, Ірына Слаўнікава даведалася б, што мы паводзім сябе, як ахвяры, што на нас уплываюць рэпрэсіі вось такім чынам, то яна б адрэагавала на гэта шчыра: «Калі ласка, не рабіце так, як хоча ад вас рэжым, не здавайцеся гэтаму вычварэнству, гэтаму гвалту, гэтым рэпрэсіям хаця б на волі».
І цяжар, напэўна, у тым, каб утрымліваць вось гэты фокус увагі на тым, што ёсць сапраўдным жыццём.
«Рабіць штосьці — гэта ўжо недарэмна»
Па прыездзе ў парк Вінгіс удзельнікі роварнага прабегу заехалі і на інтэрнацыянальны музычна-танцавальны пікнік у межах тыдня ўцекачоў, які там праводзіў Чырвоны крыж. Сярод прысутных было шмат людзей розных нацыянальнасцяў, але, вядома, больш за ўсіх роварны прабег зацікавіў беларусаў, якія прысутнічалі на гэтым свяце і якія зведалі на сабе рэпрэсіі ў Беларусі, некаторыя з іх таксама былі асуджаныя.
Свае думкі на конт таго, што адбываецца ў Беларусі выказаў Аляксандр Казакевіч з горада Маладзечна, які зараз жыве ў Літве:
— Я сам як былы палітвязень разумею тую сітуацыю, якая адбываецца ў Беларусі, бо сам усё бачыў на свае вочы. Гэта вельмі жудасна, што людзі сядзяць толькі за тое, што асвятлялі падзеі 2020 года. Гэтага не павінна быць у дваццаць першым стагоддзі ў цэнтры Еўропы. Нармальныя людзі да такой сітуацыі абыякава ставіцца не могуць.

Аляксандр Казакевіч. Вільня, 14 чэрвеня 2025 года. Фота: БАЖ
Мы падтрымліваем такія акцыі. Дрэнна — гэта сядзець дома. Калі рабіць хоць што-небудзь — гэта ўжо недарэмна. Пісаць лісты палітвязням, хоць яны і не даходзяць, але ёсць банк лістоў. І калі палітвязні будуць на волі, ім могуць перадаць, што іх памятаюць, што іх чакаюць і г.д. Гэта тычыцца і журналістаў, якія сядзяць. Таму рабіць штосьці — гэта недарэмна ніколі.

«Едзем за сваіх»: у Вільні прайшоў роварны прабег салідарнасці з журналістамі. 14 чэрвеня 2025 года. Фота: БАЖ
На заканчэнне ўдзельнікі атрымалі памятныя нататнікі з фотаздымкамі зняволеных журналістаў і пазначанымі тэрмінамі, якія ім прысудзіў рэжым. Гэтая акцыя стала не толькі праявай салідарнасці, але і сведчаннем таго, што нават у выгнанні беларусы не маўчаць і працягваюць змагацца — словам, колам, прысутнасцю.
