• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Вольга Быкоўская: Сёння вялікая праблема з інфармацыйнай бяспекай Беларусі

    Каля 18 тысяч медыярэсурсаў, акаўнтаў у сацсетках і старонак заблакавалі ў Беларусі пасля падзей 2020 года. Некаторыя з гэтых сайтаў – незалежныя інфармацыйныя рэсурсы, большасць з якіх знаходзяцца ў эміграцыі і працуюць без стабільнай фінансавай падтрымкі. Ці прайграюць незалежныя СМІ дзяржпрапагандзе? Якім бачыцца чорны сцэнар развіцця падзей у медыясектары? На гэтыя пытанні адказвае журналістка і медыяменеджарка Вольга Быкоўская ў размове з Юліяй Сівец.

    Фота: spring96.org

    РР: Прагучала статыстыка ад Міністэрства інфармацыі Беларусі, што аказваецца гэтае міністэрства абмежавала дзейнасць 18 тысяч інфармацыйных рэсурсаў, з іх 7 тысяч прызнаныя экстрэмісцкімі. Лічба ўражвае. На колькі гэта паўплывала на дзейнасць незалежных медыяў?

    Вольга Быкоўская: Я лічу вельмі моцна. Хаця ў гэтым спісе не ўсе сайты належаць да незалежных СМІ. Некаторыя не па палітычных прычынах заблакаваныя. Але, канешне, крымінальны пераслед і журналістаў, і чытачоў гэтых выданняў – гэта вельмі вялікі ўдар па незалежных СМІ. І пры гэтым хацелася сказаць, што я ганаруся калегамі, якія працягваюць працаваць у такіх умовах. І вялікая павага да тых чытачоў, якія працягваюць захоўваць лаяльнасць да незалежных СМІ і браць адтуль інфармацыю, каб зразумець, што адбываецца ў свеце і Беларусі.

    РР: Дзейнасць асноўных журналістаў і незалежных СМІ абмежавана ў Беларусі. За падпіскі, лайкі прадугледжана адказнасць. І разам з тым мы назіраем, што павялічваецца колькасць розных тэлеграм-каналаў дзяржаўных СМІ. Ці можам сказаць, што мы прайграем у інфармацыйным змаганні?

    Вольга Быкоўская: Я лічу, што ў гэтым змаганні прайграе Беларусь, таму што дзяржаўныя медыя, калі іх можна назваць медыямі, яны не замяшчаюць сабой незалежныя СМІ. У іх падпішчыкі гэта прыгонныя людзі, якіх прымушаюць падпісацца. Кажуць падпішыся, або мы з табой разбярэмся. Гэтыя медыя – раённыя, інфармацыйна-прапагандысцкія каналы – яны не ствараюцца такім чынам, каб іх чыталі людзі. Ствараюцца для галачкі. Там амаль няма цікавай інфармацыі.

    Чытачы сыходзяць не да дзяржаўных медыяў, не да прапаганды, яны сыходзяць у Расею, таму што большасць жыхароў Беларусі расейскамоўныя, для іх абсалютна лагічным выйсцем шукаць інфармацыю не ў гэтым застоі, балоце, якое ўяўляе сабо прапаганда, для іх абсалютна лагічна шукаць у ліберальных расейскіх СМІ.

    Але пры гэтым трэба нам мець на ўвазе, што нават расейскія ліберальныя СМІ даюць зусім іншую павестку нават па вайне. Калі ў беларускіх незалежных СМІ гэта адназначна супраць вайны, то ў расейскіх – абсалютна розныя рэчы можна пабачыць. Да таго ж у расейскіх СМІ вельмі слабая беларуская павестка. Вельмі мала інфармацыі пра Беларусь у прынцыпе. І нават калі яна ёсць, яна падаецца з пункту гледжання цікавага для расейцаў. Расейскія СМІ разглядаюць беларускую расейскамоўную аўдыторыю, як патэнцыйна сваю аўдыторыю. Безумоўна гэта ўдар па інфармацыйнай бяспецы Беларусі, на што рэжым Лукашэнкі даўно не звяртае ўвагі.

    Цалкам размову слухайце на Радыё Рацыя

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці