Памёр літаратар і журналіст Сямён Букчын
Ён пайшоў з жыцця 20 чэрвеня, не дажыўшы да свайго 84-годдзя літаральна два месяцы.

Сямён Букчын. Фота: Наша Ніва
Гэтую трагічную навіну паведаміў сын памерлага Аляксандр Букчын. Час і месца развітання будуць названыя пазней.
Сямён Букчын стаў адным з нямногіх ветэранаў журналістыкі і кіраўнікоў незалежных медыяў, хто ў пачатку 2021 года, у разгар татальных рэпрэсіяў, падпісаў калектыўны зварот «Спыніць тупую сілу беззаконня! Адкрыты ліст ветэранаў беларускай журналістыкі і кіраўнікоў незалежных СМІ Рэспублікі Беларусь».
Сямён Букчын нарадзіўся 18 жніўня 1941 года ў Курскай вобласці Расіі, але з 1949 года жыў у Мінску.
У 1967 годзе скончыў аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта БДУ. Пасля тэрміновай службы ў войску працаваў старшым рэдактарам на Беларускім тэлебачанні (1967—1968 гады), старшым навуковым рэдактарам у выдавецтве «Беларуская савецкая энцыклапедыя» (1968—1969 гадах), адказным сакратаром часопіса «Весці АН БССР» (1969—1985 гады).
Прызнаны «Чалавекам года» ў намінацыі «Журналістыка» (1994 г.). У 1998—2001 гадах працаваў журналістам і выкладчыкам у Варшаве.
У першай палове 1990‑х рэдагаваў газету «Европейское время». Друкаваўся ў выданнях «Народная Воля», «Беларускія Навіны», «Наша Ніва».
Аўтар больш чым 20 кніг па гісторыі рускай літаратуры і журналістыкі, публіцыстычных зборнікаў, мастацкіх і дакументальных аповесцяў.
