Беларускія блогеры публікуюць фэйкі – па замове МТС
Кампанія MTС запусціла ініцыятыву па барацьбе з дыпфэйкамі, за бяспеку ў інтэрнэце і лічбавую ідэнтычнасць карыстальнікаў. Яе ўжо пачалі рэкламаваць сайты шэрагу раённых газет у Беларусі, відавочна, што быў загад зверху прапіярыць дадзеную ініцыятыву.
МТС прапанаваў папулярным беларускім блогерам, якія ў Беларусі засталіся практычна толькі кантраляваныя ўладамі, правесці сацыяльны эксперымент і апублікаваць у сваіх уліковых запісах дыпфэйкі, каб праверыць, наколькі іх аўдыторыя здольная распазнаць ілжывы змест.
У рамках ініцыятывы блогеры Аляксей Холад, Павел Сыраежкін, Аксана Ванчук, Вадзім Лапай ды іншыя апублікавалі дыпфэйкі з выдуманымі гісторыямі з жыцця. Пазней блогеры прызналіся сваім падпісчыкам, што змест цалкам згенераваны штучным інтэлектам.
Як заяўляе кампанія МТС, мэта гэтага праекта — паказаць, што сучасныя тэхналогіі дазваляюць ствараць неверагодна рэалістычныя аўдыё і відэа, якія можна выкарыстоўваць не толькі для забаўляльных мэтаў, але і для маніпуляцый, дэзінфармацыі і махлярства. Сёння ні голас, ні выява не з’яўляюцца надзейным сведчаннем ідэнтыфікацыі.
«Мы жывём у эпоху, калі інфармацыя распаўсюджваецца з неверагоднай хуткасцю, і гэта стварае велізарныя рызыкі. Мы можам убачыць відэа з вядомым чалавекам, які кажа ці робіць тое, што сапраўды ніколі не адбывалася. Або чуе голас сябра, які просіць перадаць грошы на «тэрміновыя патрэбы». Як мы можам быць упэўнены, што гэта сапраўды яны?» — пракаментаваў сайту mts.by эксперт па ШІ Андрэй Цыган.
У сваю чаргу кіраўніца PR-групы МТС Марына Канасевіч адзначыла, што дыпфэйкі — гэта не проста смешныя мемы ці творчыя праекты, гэта інструмент, які можа быць выкарыстаны для маніпуляцый, дэзінфармацыі і нават махлярства.
«Гэты праект — гэта не проста эксперымент, але і важны крок да ўсведамлення лічбавых пагроз і заклік да кожнага карыстальнік быць больш уважлівым і свядомым у лічбавай прасторы. Мы хочам, каб беларусы навучыліся крытычна ставіцца да інфармацыі, правяраць крыніцы, а не давяраць усяму, што яны бачаць у інтэрнэце», — падсумавала Канасевіч.
У выпадку падазрэння ў махлярстве альбо дэзінфармацыі МТС звяртае ўвагу беларусаў на важнасць пазбягання распаўсюджвання сумнеўнага зместу і раіць паведаміць пра яго ў праваахоўныя органы. Праўда, у сваіх артыкулах пра гэтую кампанію не агучвае таго, што часам самі праваахоўныя органы Беларусі ствараюць дыпфэйкі, карыстаючыся пры гэтым ШІ. Але ж, вядома, на саміх сябе не паскардзішся.
