• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Журналіст «Радыё Свабода» Ігар Лосік ужо пяць гадоў за кратамі

    25 чэрвеня 2025 года спаўняецца пяць гадоў з моманту затрымання журналіста Свабоды Ігара Лосіка. Ад восені 2024 года Ігара трымаюць ў СІЗА КДБ у Менску. Інфармацыі аб яго стане вобмаль.

    Журналіст «Радыё Свабода» Ігар Лосік ужо пяць гадоў за кратамі

    Ігар Лосік, архіўнае фота

    Журналіста Свабоды Ігара Лосіка арыштавалі ў яго дома ў Баранавічах раніцай 25 чэрвеня 2020 году, за паўтара месяца да дня прэзыдэнцкіх выбараў. Суд у справе Ігара скончыўся ў сьнежні 2021 году. Журналіста судзілі разам з папулярным блогерам і патэнцыйным апанэнтам Аляксандра Лукашэнкі Сяргеем Ціханоўскім, апазыцыйным палітыкам Міколам Статкевічам і іншымі вядомымі палітвязьнямі. Вынікам працэсу быў прысуд у выглядзе 15 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму паводле абвінавачаньняў у «арганізацыі масавых беспарадкаў» і «распальваньні варожасьці».

    Праваабарончыя арганізацыі прызналі крымінальную справу і прысуд Ігару Лосіку палітычна матываванымі, а яго самога — палітычным зьняволеным.

    За пяць гадоў зьняволеньня Ігар двойчы абвяшчаў галадоўку і двойчы спрабаваў нанесьці сабе цялесныя пашкоджаньні, пратэстуючы супраць несправядлівага прысуду і прэсінгу ў калёніі.

    Большую частку зьняволеньня Лосік правёў у наваполацкай калёніі, адміністрацыя якой паўтара году не дазваляла палітвязьню камунікаваць з роднымі і атрымліваць перадачы. Паводле зьвестак ад былых зьняволеных, у калёніі Ігара часта каралі зьмяшчэньнем у ПКТ (памяшканьне камэрнага тыпу).

    Усе чатыры адвакаты Ігара Лосіка мусілі або выехаць з краіны, або разьвітацца з адвакацкай ліцэнзіяй. У кастрычніку 2022 году сілавікі арыштавалі жонку Ігара Дар’ю Лосік. Гэта адбылося неўзабаве пасьля таго, як Дар’я ў інтэрвію тэлеканалу «Белсат» расказала пра справу мужа і ўмовы, у якіх яго ўтрымліваюць. Дар’ю абвінавацілі ў «спрыяньні экстрэмісцкай дзейнасьці» і асудзілі на 2 гады пазбаўленьня волі. У ліпені 2024 году яна выйшла на волю.

    У красавіку 2025 году сілавікі затрымалі малодшага брата Ігара — 25-гадовага Мікіту Лосіка. Яго вінавацяць у «спрыяньні экстрэмісцкай дзейнасьці» за нібыта перасылку некалькіх фота перасоўваньня расейскай вайсковай тэхнікі ў 2022 годзе тэлеграм-каналу «Беларускі Гаюн».

    Дачцэ Ігара Лосіка Паўліне сёлета споўнілася 6 гадоў. На момант арышту Ігара ёй было крыху больш за год.

    Вызваленьня Ігара Лосіка дамагаюцца міжнародныя арганізацыі, урады і палітыкі дэмакратычных краін: Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША, Рабочая група ААН, Эўрапарлямэнт, Хэльсынская камісія і Камісія правоў чалавека імя Тома Лантаса Кангрэсу ЗША і інш.

    У траўні сусьветная кааліцыя мэдыяарганізацыяў One Free Press Coali­tion уключыла Ігара ў сусьветны топ-10 зьняволеных журналістаў.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці