Яўген Вапа адзначыў 60-гадовы юбілей
28 чэрвеня 60-гадовы юбілей адзначыў Яўген Вапа — галоўны рэдактар штотыднёвіка «Ніва», старшыня Управы Беларускага Радыё Рацыя.

Яўген Вапа. Крыніца фота: Беларускае Радыё Рацыя
Яўген Вапа нарадзіўся ў мясцовасці Доўгі Брод. Выпускнік і былы настаўнік Гайнаўскага беларускага ліцэя. Скончыў гістарычны факультэт Варшаўскага ўніверсітэта.
Аўтар і рэдактар такіх кніг, як «Беларускі студэнцкі рух у Польшчы 1981–1992» (у суаўтарстве са Славамірам Іванюком), «Беларусь на старонках «Нівы» 1989–2005», «Бежанства 1915» і іншых. Рэдактар многіх кніг, выдадзеных штотыднёвікам «Ніва».
Быў адным з заснавальнікаў Рады Культуры Студэнтаў Нацыянальных Меншасцяў. З канца 1980‑х гадоў узначальваў Беларускае аб’яднанне студэнтаў. З 1995 года кіруе Беларускім саюзам у Польшчы.
Узнагароджаны Кавалерскім крыжам ордэна Адраджэння Польшчы і Медалём да стагоддзя БНР. Сябра Рады БНР.
БАЖ шчыра віншуе спадара Яўгена з юбілеем!
